Школьнікі і навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі цяпер змогуць у апошнюю сераду кожнага месяца наведваць музеі бясплатна. Якіх вынікаў чакаюць ад гэтага праекта і як ён будзе рэалізоўвацца?
Гэта стала магчымым дзякуючы пагадненню, якое падпісалі Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі. Праект з’яўляецца пілотным, і ацэньваць яго эфектыўнасць яшчэ, зразумела, рана. Аднак сама ідэя, безумоўна, выглядае прывабнай, і мы вырашылі пацікавіцца ў спецыялістаў, наколькі яна, на іх погляд, актуальная і чаго можна чакаць ад яе рэалізацыі.
Не толькі ў бясплатны дзень
Начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Ірына Карповіч адзначае:
— Кіраўнікі нашых міністэрстваў даволі часта сустракаюцца, каб абмеркаваць тэмы, агульныя для нашых галін. Падчас адной з такіх гутарак і ўзнікла наступная прапанова: каб павысіць эфектыўнасць патрыятычнага выхавання, паказаць моладзі больш культурных і гістарычных аб’ектаў, трэба ўстанавіць адзіны для ўсіх дзяржаўных музеяў краіны бясплатны дзень для наведвання.
Якія спадзяванні звязваем з гэтым праектам для навучэнцаў? Чакаем, што дзеці захочуць прыходзіць у музеі не толькі ў бясплатны дзень, а будуць вяртацца сюды разам з бацькамі і сябрамі, паколькі за адно наведванне нельга ўсё ўбачыць і пра ўсё даведацца. Напэўна, застануцца і экспазіцыі неагледжаныя, і факты нязведаныя. І стаўленне да музеяў стане іншым — не як да архаічнай установы, дзе пыляцца рарытэты, а як да сучаснага храма гісторыі. У многіх нашых музеях устаноўлена інтэрактыўнае, мультымедыйнае абсталяванне, тут можна даволі цікава правесці час, дзецям прапануюць паўдзельнічаць у квестах, майстар-класах, іншых развіццёвых занятках.
З улікам таго, што для такіх пазнавальных візітаў вызначаны адзіны дзень, у які і для астатніх наведвальнікаў не будуць зачынены дзверы музеяў, трэба наладзіць гэты працэс правільна, каб нікога не пакрыўдзіць. У сувязі з гэтым, каб не ствараць хаосу, з Міністэрствам адукацыі дасягнута дамоўленасць аб папярэднім запісе. Установы адукацыі павінны загадзя на працягу месяца пазваніць у музей, які маюць намер наведаць, і запісацца на пэўны час. Пасля заканчэння каляндарнага года мы падвядзём папярэднія вынікі праекта, паглядзім, што неабходна падкарэкціраваць.
Дарэчы, у нашым міністэрстве вядзецца штомесячная статыстыка і вызначаецца рэйтынг самых наведвальных музеяў у краіне. Па выніках першага паўгоддзя 2022 года лідарамі сталі мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, музей-запаведнік “Нясвіж”. Вельмі б хацелася, каб туды і не толькі туды ў апошнюю сераду месяца часцей прыходзіла наша навучэнская моладзь. У Год гістарычнай памяці гэта, напэўна, асабліва актуальна.
Плённы дыялог
Загадчыца аддзела навукова-асветніцкай работы Музея гісторыі горада Мінска Аксана Жукава падкрэслівае:
— Выбар музея, які наведваюць школьнікі, часцей за ўсё залежыць ад таго, што бліжэй педагогам і бацькам. Аднак ёсць тэмы, якія прадугледжаны вучэбнай праграмай і адлюстраваны ў экспазіцыях. Тады на адпаведныя тэматычныя экскурсіі педагогі прыводзяць навучэнцаў у першую чаргу. Напрыклад, адзін з экзаменацыйных білетаў па гісторыі Беларусі прысвечаны творчасці народнага мастака Беларусі, Героя Беларусі, ганаровага грамадзяніна Мінска Міхаіла Андрэевіча Савіцкага. І таму экскурсіі, падчас якіх расказваюць пра яго жыццё і творчасць, заўсёды запатрабаваныя.
Прыемна адзначыць, што дыялог паміж нашымі супрацоўнікамі, педагогамі, бацькамі развіваецца. Што я маю на ўвазе? Не толькі музей прапануе для вучняў экскурсіі, квесты, іншыя цікавыя праекты, але і да нас звяртаюцца з просьбай аб распрацоўцы новай тэмы.
Што тычыцца згаданага бясплатнага дня, ён можа стаць добрым стартам для тых навучэнцаў, якія да гэтага ніколі не былі ў Музеі гісторыі горада Мінска ці ў іншых аналагічных установах. Які мы атрымаем эфект, можна будзе прааналізаваць у канцы года. Аднак аналагічны вопыт у нас ужо быў: 7, 8 і 9 верасня гэтага года жыхарам і гасцям сталіцы была дадзена магчымасць бясплатна азнаёміцца з экспазіцыямі нашага музея. Жадаючых аказалася сапраўды шмат, так што супрацоўнікам даводзілася рэгуляваць патокі наведвальнікаў.
Зараз музей і Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі для студэнтаў вакальна-харавога факультэта рэалізуюць пілотны адукацыйна-патрыятычны праект “Захавальнік памяці — музей”, які ўключае творчыя заданні па некалькіх маршрутах. Навучэнцы Дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа хлебапячэння не першы год прыходзяць у Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага на экскурсію “Міхаіл Савіцкі — мастак, грамадзянін, герой”. Педагогі просяць у расказе аб творчасці вялікага мастака зрабіць акцэнт на работах, прысвечаных сялянскай працы, збору ўраджаю, стаўленню сельскага працаўніка да зямлі-карміцелькі, збожжа і хлеба. Спадзяёмся, што пералічаныя прыклады плённага дыялогу з навучальнымі ўстановамі, у якім зацікаўлены абодва бакі, стануць стымулам для іншых.
Важнае звяно выхавання
Дырэктар сталічнай сярэдняй школы № 128 Людміла Кавалеўская пераканана:
— Я лічу, што гэты праект прадыктаваны часам, ён неабходны для падрастаючага пакалення. Музеі ж адыгрываюць важную ролю ў патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Гэта месца для нефармальных зносін з дзецьмі, той храм, дзе ўздзеянне на эмоцыі дзіцяці ў разы большае, чым на звычайных вучэбных занятках. А гэта ў сваю чаргу садзейнічае абуджэнню цікавасці ў навучэнцаў да вывучэння мінулага.
Праект, на мой погляд, павысіць цікавасць моладзі да гісторыі і культурнай спадчыны нашай Радзімы. Устанаўленне адзінага бясплатнага дня наведвання музеяў Рэспублікі Беларусь дазволіць часцей выкарыстоўваць музейную прастору ў адукацыйным працэсе. Навучэнцы нашай школы з малазабяспечаных сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, заўсёды наведвалі розныя музеі з класным калектывам, аднак фінансавае пытанне даводзілася вырашаць установе.
Цяпер гэтае пытанне знята. Дарэчы, на сустрэчы жыхароў нашага мікрараёна з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марыяй Васілевіч гэтая праблема ўзнімалася, была ўнесена прапанова аб увядзенні адзінага бясплатнага дня наведвання музеяў. Вельмі радуе, што на дзяржаўным узроўні прыняты такі праект. Я як настаўніца гісторыі дакладна ведаю, што немагчыма выхаваць паўнацэннага чалавека, не навучыўшы яго паважаць гісторыю сваёй Радзімы.
У сучасных рэаліях, калі некаторыя краіны цынічна распраўляюцца з помнікамі, неабходна захаваць гістарычную памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Кожны павінен у першую чаргу пабываць у мемарыяльным комплексе “Хатынь”, Брэсцкай крэпасці, музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Без мінулага няма будучыні.
Уладзімір ПІСАРАЎ.
Статус «Школа міру» быў прысвоены гімназіі № 1 Астраўца ўсяго месяц назад. Але міратворчая дзейнасць…
Адметнасць заняткаў праекта «Па дарозе да прафесіі» ў тым, што на іх раскрываюцца ўсе бакі…
У 2022 г., які быў юбілейным для беларускай чыгункі, краязнаўцы Круцілавіцкай школы пачалі вывучэнне гісторыі…
Мікалай Бабяк 4 гады хадзіў на заняткі ва ўніверсітэт міма банера з выявай архітэктурнай славутасці…
Во втором централизованном экзамене по 13 предметам, который состоялся 21 мая, приняли участие 53 067 выпускников.
Навізна, значнасць, перспектыўнасць — усё гэта ўласціва даследаванням асістэнта кафедры абсталявання і тэхналогій зварачнай вытворчасці…