Музейны калейдаскоп

Пра месца школьных музеяў у адукацыйнай  і выхаваўчай прасторы, вопыт іх узаемадзеяння з музейнымі ўстановамі краіны, гатовыя формы работы з навучэнцамі ішла размова на рэспубліканскім семінары кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі “Музейная педагогіка: інавацыі, практыка, перспектывы развіцця”, які адбыўся ў Гродне.

Удзел у семінары прынялі прадстаўнікі рэспубліканскага і абласных цэнтраў экалогіі і краязнаўства, кіраўнікі музеяў устаноў адукацыі.

Сёння шматлікія школьныя музеі, а іх у краіне 1477, з якіх 106 — народныя, працуюць актыўна, уносяць у сваю дзейнасць элементы інтэрактыву. Вось і семінар праходзіў у актыўнай форме, яго ўдзельнікі ўбачылі сапраўдны калейдаскоп музейнай дзейнасці ўстаноў Ленінскага раёна Гродна. Пачыналася работа ў сценах сапраўднай музейнай жамчужыны Гродзеншчыны — Новым замку, дзе месціцца Гродзенскі дзяржаўны гістарычна-археалагічны музей. Удзельнікаў семінара віталі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абл­выканкама Галіна Курганская, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Вольга Пішчык, дырэктар гістарычна-археалагічнага музея Юрый Кітурка.

На пленарным пасяджэнні пра адукацыйную ролю музея ў кантэксце рэгіянальнай гісторыі і культуры гаварыла загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Кравец, пра вопыт работы з установамі адукацыі — загадчык навукова-метадычнага аддзела Гродзенскага гістарычна-археалагічнага музея Вольга Цімошына. Каардынацыйнай і метадычнай ролі Гродзенскага цэнтра турызму і краязнаўства ў арганізацыі дзейнасці музеяў устаноў адукацыі вобласці прысвяціла сваё выступленне метадыст аддзела турызму і краязнаўства гэтага цэнтра Наталля Сызранцава.

— Адной з асноўных задач цэнтра з’яўляецца вывучэнне і абагульненне вопыту экспазіцыйнай, навукова-даследчай і культурна-асветніцкай работы музеяў устаноў адукацыі вобласці, збор і сістэматызацыя інфармацыі, якая раскрывае розныя аспекты музейнай справы, знаёмства з вопытам работы лепшых музеяў вобласці. Пастаянна падтрымліваецца сувязь з метадыстамі аддзелаў адукацыі, цэнтраў турызму і краязнаўства, якія адказваюць за дзейнасць музеяў у раёне, — адзначыла Наталля Тадэвушаўна. — Апошнія гады актуальным кірункам дзейнасці музеяў устаноў адукацыі з’яўляецца работа па выкарыстанні і папулярызацыі новых форм работы.

З гэтымі новымі формамі работы можна было пазнаёміцца на фестывалі музеяў устаноў адукацыі Гро­дзенскай вобласці, які быў арганізаваны на базе ліцэя № 1 Гродна. У самім ліцэі дзейнічаюць сем музеяў і музейных экспазіцый — народны музей “Гісторыя педагогікі Гродзеншчыны ХІІ—ХХІ стагоддзяў”, музей спорту і экалагічнага турызму, музейны пакой інтэрнацыянальнай дружбы і міжнароднага супрацоўніцтва, музейны пакой ваенна-патрыятычнага выхавання, музейны пакой энерга- і рэсурсазберажэння, музей фотаздымка, музей “Кватэра ўспамінаў”.

— Музейная дзейнасць уключана ў кантэкст вучэбнага працэсу і выхаваўчай работы, — гаворыць дырэктар ліцэя № 1 Ігар Маслаў. — Так, у ”Кватэры ўспамінаў” праводзяцца заняткі па гісторыі, тэатралізаваныя экскурсіі, калі наведвальнікі трапляюць у атмасферу 80-х гадоў мінулага стагоддзя. У музейным пакоі энерга- і рэсурсазберажэння праходзяць урокі фізікі, чытанні па энергазберажэнні, квесты на экалагічныя тэмы.

Другі дзень семінара прайшоў у гімназіі № 5 і сярэдняй школе № 28 Гродна. Гімназія № 5 мае эстэтычны кірунак, таму прэзентацыя дзейнасці музея баявой славы 50-й арміі адбылася ў форме тэатралізаванага паказу. Удзельнікам семінара прадставілі вопыт работы гістарычнага музея “Беларусь непакорная”  гімназіі № 10, музея партызанскай славы сярэдняй школы № 22, гістарычнага музея “Сёстры міласэрнасці” сярэдняй школы № 32.

Пра музейную дзейнасць як складовую частку выхаваўчай прасторы ўстановы адукацыі расказаў намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 28 Гродна Павел Блыш. Музей 28-й Чырванасцяжнай арміі стаў цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў, этнаграфічны музей “Спадчына” — месцам фарміравання нацыянальнай свядомасці вучняў, а яго экспанаты натхнілі ўдзельнікаў тэатра моды “Ойра” на стварэнне калекцый нацыя­нальнага адзення. Гэтыя калекцыі з выкарыстаннем этнаматываў і былі паказаны ўдзельнікам семінара.

— Семінары для кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі штогод ладзяцца ў розных рэгіёнах нашай краіны. Сёлета мы вырашылі такое мерапрыемства правесці ў Гродне, чым вельмі задаволены, — адзначыла загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Кравец. — Для кіраўнікоў музеяў вельмі важна пабываць у гістарычна значных месцах, якім і з’яўляецца Гродна.

Для кіраўнікоў школьных музе яў былі праведзены экскурсіі ў гістарычна-археалагічны музей, культурны цэнтр “Фестывальны”, музей гісторыі пажарнай службы Гродна, музей “З гісторыі яўрэяў Гродзеншчыны”.

Кіраўнік музея “Кола часу” сярэдняй школы № 202 Мінска Вольга Наватворцава адзначыла, што ўдзельнікі  семінара ўбачылі не толькі цікавыя школьныя музеі, якія працуюць па-сучаснаму, але і пазнаёміліся з творчымі педагогамі, якія са сваімі вучнямі падтрымліваюць сувязь пакаленняў, рыхтуюць выхад у будучыню з апорай на нашу слаўную гісторыю.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.