Музейны куток уласнаручна зрабіў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні клімавіцкага каледжа Андрэй Новікаў

- 12:17Образование

Макеты зброі і тэхнікі, воінская форма, ордэны і медалі розных часоў. У Клімавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы прадстаўлена звыш 1000 разнастайных экспанатаў, звязаных з ваеннай гісторыяй. Музейны куток уласнаручна зрабіў кіраўнік па ваенна­-патрыятычным выхаванні ўстановы Андрэй Новікаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— За дваццаць гадоў у педагогіцы заўважыў, што нагляднасць — важны фактар паспяховага навучання. Магчымасць убачыць на свае вочы прадметы даўніны дазваляе навучэнцам па-іншаму зірнуць на гістарычныя факты. На падставе гэтага і ўзнікла ідэя стварэння музейнай экспазіцыі. Дома абсталяваў майстэрню, рабіў макеты зброі і тэхнікі. Многае прыносілі неабыякавыя людзі, нешта набываў на спецыяльных сайтах, дзяліліся ся­мейнымі рэліквіямі і самі навучэнцы, — расказаў Андрэй Мікалаевіч.

Агульная захопленасць дазволіла стварыць не адну, а адразу тры экспазіцыі. На стэндах і стэлажах кабінета дапрызыўнай падрыхтоўкі каледжа адлюстравана ваенная гісторыя пачынаючы з Сярэднявечча.

— Самастойна выкаваў розныя рыцарскія мячы, баявы молат, алебарду, мушкеты. Зрабіў муляжы ўсёй лінейкі воінскіх узнагарод дарэвалюцыйнага перыяду, — паведаміў Анд­рэй Новікаў.

Асаблівую ўвагу педагог удзяляе зоне, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне. Ён перакананы: моладзь павінна ведаць, як дасталася Перамога, і захоўваць памяць аб подзвігах салдат-герояў.

— У нас сабрана ўся калекцыя ордэнаў і медалёў, воінская форма, мноства гістарычных артэфактаў. Напрыклад, ёсць арыгі­на­лы лістовак нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прыведзены там тэкст заўсёды зачытваю на занятках, пасля чаго разам з навучэнцамі глядзім рэальную кінахроніку. Гітлераўцы заклікалі пераходзіць на іх бок, абяцалі шчаслівае жыццё, пры гэтым ажыццяўлялі генацыд беларускага народа. Такія моманты аказваюць істотнае эмацыянальнае ўздзеянне на навучэнцаў, дазваля­юць ім выразна ўсвядоміць каштоўнасць сённяшняга міру, — адзначыў Андрэй Мікалаевіч.

У музейным кутку знайшлося месца і для сучасных рэалій, дзе можна ўбачыць узбраенне арміі незалежнай Беларусі. Тут ёсць макеты снайперскай вінтоўкі, аўтамата, гранатамёта і нават пераноснага зенітна-ракетнага комплексу. Важна, што абсалютна ўсе экспанаты выкарыстоўваюцца ў вучэбным працэсе: навучэнцы вучацца абыходзіцца са зброяй, знаёмяцца з воінскімі званнямі, вывучаюць гістарычнае мінулае на канкрэтных прыкладах.

— Ваенна-патрыятычнае выхаванне сёння мае першаснае значэнне. Па гэтай прычыне ў найбліжэйшых планах — адкрыць асобны музей, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Экспанатаў назапасілася больш чым дастаткова. Адпаведнае памяшканне пад­рыхтавана, засталося ўсё аформіць. Хочам зрабіць акцэнты на кожным ваенным годзе, вылучыць экспазіцыі пра генацыд беларусаў і Перамогу, — падкрэсліў Андрэй Новікаў. — Значнай падзеяй у новым навучальным годзе для каледжа стане адкрыццё ваенна-патрыя­тычнага клуба “За Радзіму”. Упэўнены, гэтае фарміраванне яшчэ больш паўплывае на выхаванне ў маладога пакалення гордасці і адданасці сваёй Айчыне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва героя