Музейны ўрок, або Думы і мары нашых класікаў

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ладзяць дзве юбілейныя выставы: адна прымеркавана да 120-годдзя з дня нараджэння Міхася Лынькова, а другая — да 95-годдзя Васіля Быкава. Наведванне экспазіцый стане выдатным дапаўненнем да ўрокаў па літаратуры, бо, па-першае, у час экскурсій вучні не проста знаёмяцца са старонкамі жыцця і творчасці знакамітых пісьменнікаў, але і даведваюцца пра розныя цікавыя факты, якіх няма ў школьных падручніках. А па-другое, з дапамогай экспазіцый і цікавага аповеду супрацоўнікаў музея можна, так бы мовіць, перанесціся ў часе і прасторы ды пабываць у розных перыядах ХХ стагоддзя, паглядзець, а іншы раз і дакрануцца да асабістых рэчаў нашых класікаў, пагартаць іх нататнікі і пачытаць пісьмы сябрам ды калегам.

Душэўны пісьменнік Лынькоў

“Добры дзень! Як ваш настрой? Ці гатовы вы бліжэй пазнаёміцца з пісьменнікам Міхасём Лыньковым?” — такімі словамі пачынаецца экскурсія па літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Міхась Лынькоў: “…мой жыццёвы і творчы шлях”. Дарэчы, назву выставе даў сам пісьменнік. У канцы пашыранай аўтабіяграфіі “З родных крыніц” ён напісаў: “Вось коратка мой жыццёвы і творчы шлях. Многім, што было напісана мной у ранейшыя гады, я не задаволены цяпер і расцэньваю некаторыя творы як вучнёўскія спробы”. Чаму так крытычна ставіўся пісьменнік да сябе і сваіх твораў — адказ часткова дае экспазіцыя, на якой прадстаўлены матэрыялы з архіва класіка, што сёння захоўваюцца ў фондах музея. Сярод іх — арыгінальныя фотаздымкі розных гадоў, рукапісы, нататнікі, дакументы, асабістыя рэчы, часопісы, якія пераносяць нас у той час, калі жыў і працаваў Міхась Лынькоў. Таксама прадстаўлены галоўны вынік творчай працы любога пісьменніка — яго кнігі: “Векапомныя дні”, “Гой”, “На чырвоных лядах”, “Пра смелага ваяку Мiшку i яго слаўных таварышаў”, “Андрэй Лятун”, “Астап”, “Сустрэчы”, “Ядвісін дуб”, “Міколка-паравоз” і іншыя.

“Усе экспанаты важныя і цікавыя, але найбольш значныя, на мой погляд, нататнікі пісьменніка, якія ён вёў усё жыццё, — расказвае загадчыца навукова-асветніцкага аддзела музея Эліна Свірыдовіч. — Нататнікі пакуль яшчэ не расчытаныя, і мы запрашаем даследчыкаў прыйсці ў нашы фонды і папрацаваць з імі. Выклікаюць ціка­васць і асабістыя рэчы Лынькова: кашуля, партсігар, люлька, партфель, акуляры, ручнік, кіёчак і самае каштоўнае — выданні 20—30-х гадоў, адно з якіх — “Гой”.

Нядзіўна, што экспазіцыя карыстаецца папулярнасцю. Настаўнікам яна дапамагае пазнаёміць вучняў з біяграфіяй пісьменніка. А юныя наведвальнікі калі і не запомняць усе факты з жыцця класіка, то дакладна будуць згадваць, як выглядалі яго асабістыя рэчы і першыя выданні любімых імі кніг.

“Глядзі, якой раней была кніга “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў”, а вунь і “Міколка” стаіць”, — ціхенька перашэптваюцца сталічныя вучні. “Ой, а якія раней былі смешныя акуляры, а тэлефон, друкаваная машынка!” — не перастаюць здзіўляцца хлопчыкі, якія больш увагі звяртаюць на прадметную частку экспазіцыі. Дзяўчынкі, напэўна, выдатніцы, не проста слухаюць, а яшчэ і запісваюць на дыктафон усё, што расказвае экскурсавод, каб пасля падрыхта­ваць сачыненне пра пісьменніка. Сямікласніца сярэдняй школы № 118 Мінска Яна Каляда рэзюмуе: “Міхась Лынькоў — душэўны пісьмен­нік, які шмат напісаў і для дзяцей, і для дарослых. Яго творы сёння сталі больш зразумелымі, бо нам падрабязна расказалі, у які час ён іх пісаў і што яго натхняла, — гаво­рыць дзяўчынка. — Больш за тое, мне падаецца, я нават сваім дзецям буду пераказваць тое, што зараз пачула, і абавязкова прывяду іх у музей”.

Аўтограф Быкава як старонка жыцця

На другім паверсе музея праводзіцца часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Васіль Быкаў. Пункціры жыцця…”, якая раскрывае старонкі жыцця знакамітага пісьмен­ніка праз аўтографы на кнігах, што ён дарыў сябрам, калегам, знаёмым: Лідзіі Арабей, Аляксею Карпюку, Івану Чыгрынаву, Алесю Адамовічу, Рыгору Барадуліну, Гена­дзю Бураўкіну і іншым.

Спецыяльна для карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” правяла экскурсію старшы навуковы супрацоўнік музея Алена Канапацкая. “Сёння мы будзем знаёміцца з сябрамі Васіля Быкава. А першым сябрам яго было што? — пытаецца Алена. — Канечне, кніга. Васіль Быкаў яшчэ зусім маленькім пачаў сябраваць менавіта з кнігай, прачытаў усе тамы “Войны и мира”, нават пераклаў твор Жуля Верна на беларускую мову і даслаў яго ў часопіс “Беларускі піянер”. Але яму адказалі, што ўсе добра ведаюць рускую мову і ніякай патрэбы ў гэтым перакладзе няма. Так праца хлопчыка, які спісаў некалькі дзясяткаў школьных сшыткаў, аказалася нікому не патрэбнай”, — пачалося наша знаёмства з экспазіцыяй.

Кожная кніга ў жыцці пісьменніка — гэта вяха ў яго творчасці. Кожны аўтограф, якіх больш за 50, а многія з іх прадстаўлены ўпершыню, — гэта старонка ў асабістым жыцці чалавека Васіля Быкава. Амаль ва ўсіх вітрынах ёсць апошняя прыжыццёвая кніга “Доўгая дарога дадому”, якую ён падпісаў кожнаму свайму сябру. “Быкаў хацеў, каб у іх засталася кніга яго жыцця, — адзначае Алена Канапацкая. — Аўтографы — гэта асабістае стаўленне да той ці іншай асобы: ці то беларускага пісьменніка, ці то грамадскага дзеяча, кампазітара. Пісьмен­нік асабліва сябраваў з Яўгенам Глебавым і Ігарам Лучанком. Глебаў паставіў балет “Альпійская балада”, а з Лучанком сябравалі, бо лецішчы былі вельмі блізка”. І такія факты абавязкова застануцца ў памяці школьнікаў. Ці, напрыклад, сярод подпісаў можна ўбачыць адрасаваны Лідзіі Арабей: “Рэдактару гэтай кніжкі, першаму чытачу і крытыку, шаноўнай Лідзіі Львоўне, са шчырасцю і ўдзячнасцю”. І адразу зразумела, наколькі цёплыя адносіны паміж імі былі.

Васіль Быкаў заўсёды падбіраў кожнае слова для подпісу кнігі, бо гэта былі не проста словы ці стандартныя пажаданні. Такім чынам ён кожнаму чалавеку выказваў сваё стаўленне да яго і яго творчасці, таму выстава раскрывае Быкава і як чалавека, і як простага чытача. “Калі ён сябраваў, то заўсёды гаварыў тое, што думаў і што было на душы, — гаворыць экскурсавод. — Школьнікам цікава прачытаць і па­чуць, якія ж стасункі і сувязі былі паміж пісьменнікамі таго часу — Быкавым і Караткевічам, Барадуліным, Бураўкіным, Панчанкам, Адамовічам… Усіх іх яны ведаюць, але звычайна для іх адкрыццё, што гэтыя аўтары былі не паасобку, а ў агульнай літаратурнай кагорце, сябравалі і вучыліся разам”.

Голас Талстога і лекцыя пра Бабарэку

Гэтымі днямі ў музеі можна азнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам не толькі Міхася Лынькова і Васіля Быкава, але і Льва Талстога ды Адама Бабарэкі. Так, на літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Каўказскія творы Л.М.Талстога” з дапамогай ілюстрацый Вольгі Граблеўскай можна даведацца, якія творы напісаны знакамітым рускім пісьменнікам, а яшчэ, што асабліва неверагодна, пачуць яго голас і пасланне будучым пакаленням, дзякуючы запісу з фондаў Дзяржаўнага мемарыяльнага і прыроднага запаведніка “Музей-сядзіба Л.М.Талстога “Ясная Паляна”.

А пра паэта, празаіка, літаратуразнаўца, крытыка, аднаго з арганізатараў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша” Адама Бабарэку можна пачуць на лекцыі 30 кастрычніка. Мерапрыемства адбудзецца ў рамках сумеснага з Нацыянальнай бібліятэкай, Дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Выдавецкім домам “Звязда” праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які прысвечаны сябрам “Маладняку” — літаратарам міжваеннага часу 20—30-х гадоў ХХ ст.

“Наш аўтарскі праект чатырох устаноў культуры — доўгатэрміновы, ажно да 2023 года, у якім мы адзначым 100-годдзе “Маладняку”, — расказала Эліна Свірыдовіч. — Мы ладзім імпрэзы і выставы пра яго ўдзельнікаў, тым самым працягваем зафарбоўваць белыя плямы не столькі ў свядомасці даследчыкаў, колькі грамадскасці, бо вельмі важна, каб усе беларусы ведалі, што гэта было за аб’яднанне і хто ўваходзіў у яго склад”.

Гісторыя ў асобах і творах

Дарэчы, сам Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры хутка адзна­чыць дзень нараджэння — 6 лістапада яму споўніцца ні многа ні мала 32 гады. Яго фонды налічваюць больш за 60 тысяч унікальных прадметаў. Сярод найбольш значных па колькасці і адметнасці персанальных матэрыялаў вылучаюцца архівы пісьменнікаў Быкава, Віткі, Дуніна-Марцінкевіча, Караткевіча, Крапівы, Лынькова, Чыгрынава, Шамякіна, Барадуліна і іншых. Рарытэтамі з’яўляюцца рукапісныя кнігі і старадрукі ХVІІ—ХVІІІ стст., прыжыццёвыя выданні, рукапісы, асабістыя рэчы класікаў беларускай літаратуры ХІХ—ХХ стст., каштоўныя выданні і перавыданні пачатку мінулага стагоддзя, кнігі з аўтографамі, экслібрысы, рэдкія адзінкі іканаграфіі, партрэты беларускіх пісьменнікаў, ілюстрацыі вядомых айчынных мастакоў да літаратурных твораў.

“Хоць нашаму музею больш за 30 гадоў, пастаянная экспазіцыя з’явілася не так даўно і размешчана ў дзвюх залах, у якіх можна даведацца пра ўзнікненне пісьменства, прасачыць станаўленне і развіццё беларускай літаратуры да канца ХХ стагоддзя, — адзначыла загадчыца навукова-асветніцкага аддзела музея. — А яшчэ размешчаны вялізны спіс рэабілітаваных пісьменнікаў. Акрамя таго, у нас пералічаны ўсе паэты і пісьменнікі з ганаровым званнем “народны”, што давалася на працягу 70 гадоў — з 1925 па 1995”. Калекцыя музея — гэта беларуская гісторыя ў асобах і творах. “Літаратура заўсёды адлюстроўвае гісторыю, таму наш музей як самае буйное аб’яднанне літаратурных музеяў займае роўнае месца з нацыянальнымі. А нашы экспанаты вартыя ўвагі кожнага белару­са!” — падкрэсліла Эліна Свірыдовіч.

Атрымаць веды і натхненне

Пасля экскурсіі, застаўшыся сам-насам з экспанатамі і яшчэ раз перагледзеўшы іх, пачынаеш уяўляць, як жылі, пра што думалі і  марылі нашы знакамітыя пісьменнікі. Здаецца, вось-вось хтосьці з іх выйдзе з адной залы і пойдзе ў іншую, дзе ўжо астатнія пра штосьці палымяна гавораць. Калі прыслухацца, то пачуеш — пра родную Беларусь. Настаўнікам добра было б прывесці сюды сваіх вучняў, якія калі не адразу, то з часам ацэняць і зразу­меюць тое, што ўбачаць і пачуюць, а яшчэ ўсе яны атрымаюць порцыю натхнення, якое літаральна лунае ў паветры.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.