Мужчынская справа з жаночым адценнем

- 16:25Апошнія запісы, Людзі адукацыі, Рознае

Для беларусаў разьбярства заўсёды было асаблівай крыніцай натхнення. Калі мы бачым па-майстэрску выразаныя драўляныя скульптуры, арнаменты на скарбонках ці мудрагелістыя завіткі на мэблі, уяўляем вобраз іх аўтара — каранастага мужчыны з моцнымі з адмецінамі ад разцоў рукамі. Тое, што гэтак жа ўмела можа валодаць разцамі і ператвараць палена ці дошку ў твор мастацтва вытанчаная жанчына, уявіць складана. Марыя Аляксандраўна Баркова, педагог дадатковай адукацыі Віцебскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, вось ужо тры гады здзіўляе ўсіх сваім талентам і з кожным годам пашырае кола прыхільнікаў гэтай нялёгкай справы — разьбярства. 

Праверка вытрымана

Калі кіраўнік гуртка “Разьбярства” пакінуў сваю справу, яго навучэнцы ўспрынялі гэта як канец свайго захаплення. А тое, што на яго месца прыйшла маладая дзяўчына, тым больш учарашняя студэнтка, у некаторых з іх выклікала шчырую ўсмешку. Таму для Марыі Аляксандраўны, якой трэба было напярэдадні новага навучальнага года самой адаптавацца да новай ролі, распрацаваць праграму курса аб’яднання, галоўнай праблемай стала зацікавіць выхаванцаў.
— Спачатку тыя, хто ўжо меў уяўленне пра дрэваапрацоўку, глядзеў на мяне скептычна, — успамінае Марыя Аляксандраўна. — Для іх было недарэчным бачыць разцы ў жаночых руках. Хлопцы ішлі паглядзець на гэта, як на дзіва. Некаторыя праводзілі праверку, глядзелі, як я працую. А калі ўбачылі, што ў мяне ўсё атрымліваецца, верх брала банальнае саперніцтва. Як жа так: жанчына змагла, дык хіба я не змагу? Гэта знакамітае мужчынскае эга: падсвядома ім хочацца даказаць, што яны мужчынскую справу робяць лепш, чым жанчыны. Шчыра кажучы, некалі, выбіраючы сваю прафесію, я таксама ў душы хацела даказаць, што пры жаданні жанчына справіцца з любой справай, не хацела ні ў чым саступаць мужчынам. І разам з тым мне вельмі хацелася зразумець гэтую прафесію. Мяне заўсёды заварожваў працэс стварэння прыгожых рэчаў. Па першай адукацыі я мастак па роспісе драўніны і майстар вытворчага навучання па інкрустацыі саломкай.
Але праверка доўжылася нядоўга. Вельмі хутка жадаючых было ажно на тры групы. І вось незадача: у іх складзе былі выключна хлопчыкі.
— Мяне пераканала пано Марыі Аляксандраўны, неверагодна складанае ў выкананні, — гаворыць сямікласнік Рома Цястоў. — Хоць я ўжо займаюся ў яе гуртку трэці год і шмат чаму навучыўся, шмат чаго зрабіў, пакуль за такія маштабныя работы не бяруся. Але думаю, што аднойчы я таксама паспрабую нешта падобнае. Марыя Аляксандраўна вельмі даступна тлумачыць тое, чаго мы не ўмеем. Яшчэ на пачатку заняткаў рэльефная разьба падаецца вельмі складанай, а ўжо праз пару гадзін ты пераконваешся, што гэта ненамнога складаней, чым геаметрычная разьба.
Папулярнасць гуртка прывяла ў яго і дзяўчат. Але літаральна праз пару заняткаў яны пакідалі гэтую справу.
— Заняткі разлічаны на розныя групы дзяцей ад 10 да 15 гадоў, — гаворыць Марыя Аляксандраўна. — Уседлівасць у такім узросце — дэфіцыт, асабліва ў дзяўчат. Акрамя гэтага, ім не стае і фізічнай сілы, яны не могуць як след націснуць на разец.

Хэнд-мэйд: стыльныя падарункі без урону для кішэні

Каб дзецям было цікава займацца ў гуртку, Марыя Аляксандраўна прапануе ім поўную свабоду дзеянняў. Канечне, на пачатку курса праграмай прадугледжана вывучэнне тэорыі і стварэнне базавых вырабаў, напрыклад, апрацоўчых дошак ці лыжак. Як толькі хлопцы асвоілі асноўныя правілы і прыёмы, кожны з іх працуе над рэалізацыяй сваіх ідэй. Яе выхаванцы ведаюць, што нічога не бывае недасягальным. Калі ёсць жаданне, можна зрабіць любую, нават самую складаную рэч.
Праўда, па тэхніцы бяспекі навучэнцам нельга карыстацца электрастанкамі і электрапрыборамі, і гэта крыху ўскладняе іх работу. Безумоўна, электралобзікам было б прасцей і хутчэй выразаць дэталь, чым ручной пілой. Часам на дапамогу прыходзяць бацькі і нават дзядулі, як адбылося ў выпадку з Раманам Цітовым, калі ў яго піла трапіла на сук. Дзядуля хлопчыка выдатна дапамог унуку электралобзікам.
Дзеці робяць выключна тое, што ім патрэбна для ўласнага карыстання, для хатняй гаспадаркі. І, канечне, гэта цудоўная магчымасць зрабіць падарункі для родных да дзён нараджэння і Новага года. Для татаў, дзядуляў, сяброў ці для саміх сябе хлопцы з задавальненнем выразаюць мініяцюрныя мадэлі аўтамабіляў, караблёў, танкаў. Асабліва старанна яны рыхтуюцца да галоўнага жаночага свята: з-пад іх разцоў асабліва шмат выходзіць падставак пад гарачае, пано, скарбонак і нават маміных партрэтаў. Ёсць і арыгінальныя вырабы. Напрыклад, Дзяніс Каўзоў зрабіў для мамы мініяцюрнае дрэва для ўпрыгажэнняў: іх можна вешаць на галінкі дрэва, як цацкі і гірлянды на ёлцы.
Частка вырабаў мае практычнае прымяненне. Так, наладжана вытворчасць дызайнерскіх кармушак для птушак. Не абыходзіцца без юных майстроў і экалагічны аддзел палаца: для ўсіх жывёл, якія тут жывуць, яны зрабілі клеткі-домікі. А ў тым, што ручная работа высока цэніцца, дзеці пераконваюцца падчас правядзення кірмашоў. Асабліва хутка разыходзяцца кухонныя рэчы і аб’екты дэкору.
Акрамя таго, гурткоўцы прымаюць удзел у рэспубліканскіх творчых конкурсах, дзе прадстаўляюць свае драўляныя ідэі. Першыя поспехі ўжо ёсць і на галоўным у гэтай галіне конкурсе па дрэваапрацоўцы, які праходзіць на базе палаца і ў якім прымаюць удзел юныя майстры Віцебшчыны.
Сама ж Марыя Аляксандраўна дапамагае ў арганізацыі конкурсу: яна распрацоўвае эскізы, па якіх удзельнікі выконваюць конкурсныя работы. Сёлета конкурс супаў са святкаваннем 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і яго ўдзельнікі выразалі пано з выявай сімвалічнага Віцебска па эскізе Марыі Аляксандраўны. Пакуль навучэнцы нашай гераіні не выйшлі ў лідары, але ўжо ёсць першыя вынікі: у малодшай групе Раман Цястоў заняў трэцяе месца, а ў старшай групе Даніла Мельнікаў — чацвёртае. Улічваючы, што ўдзел прымалі 12 ці 13 каманд, гэта нядрэнны вынік. Акрамя таго, усе работы сталі цудоўнымі падарункамі для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Ад бярозавага гаю да джунгляў: ідэі не маюць межаў

Кажуць, сапраўдны талент таленавіты ва ўсім. У гэтым некалі пераканаліся і педагогі, і навучэнцы Чыгірынскай сярэдняй школы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Менавіта ў гэтай школе Марыя Аляксандраўна вучылася і тут жа працавала пасля каледжа. Тут ёй давялося працаваць усяго толькі год, і да свайго паступлення ва ўніверсітэт малады педагог рыхтавалася, упрыгожваючы школу арыгінальнымі роспісамі. Так, сталовая ператварылася ў падводны свет з замкамі, дзівоснымі рыбамі, доўгавалосымі русалкамі. У творы мастацтва ператварыліся сцены калідораў. Асабліва родным атрымаўся другі паверх, дзе Марыя Аляксандраўна стварыла беларускі куток: родныя пейзажы, стройныя бярозкі, буслы — па ідэі мастачка не стала хадзіць далёка.
Цяпер поле для творчасці — уласная кватэра. І тут яна прадумала ўсё да дробязей, і галоўным упрыгажэннем стала ляпніна — яшчэ адно сур’ёзнае захапленне маёй гераіні. Цудоўна ўпісаліся ў інтэр’ер і архідэі на ўсю сцяну. Выкананыя ў аб’ёме аб’екты неверагодна рэалістычныя. Напрыклад, гасціную аблюбаваў велізарны леапард. Звер цудоўна глядзіцца сярод галін над канапай, выглядваючы з-за лістоты. І не адразу прывыкаеш да думкі, што яго погляд не нясе ў сабе драпежнасці. Пра рэалістычнасць твораў Марыі Аляксандраўны на Віцебшчыне ведаюць многія аматары мастацтва: пра сяброўства з маёй гераіняй гавораць іх кватэры, да ўпрыгожвання якіх яна прыклала сваё майстэрства.
Часта сістэма дадатковай адукацыі губляе сваіх лепшых прадстаўнікоў толькі таму, што тыя знаходзяць для сваіх талентаў больш удалае фінансавае ўвасабленне. Але ў тым, што ні пры якіх умовах Марыя Аляксандраўна не пакіне работу з дзецьмі, яна ўпэўнена.
— Я вельмі люблю зносіны з дзецьмі, — гаворыць мая гераіня. — Мне падабаецца жыць іх інтарэсамі, падабаецца, калі яны пераадольваюць саміх сябе, калі вучацца таму, чаму так хацелі навучыцца. Не сакрэт, што справа педагога дадатковай адукацыі не для фінансавай незалежнасці. Але пры жаданні тут таксама можна знайсці выйсце: у вольны час можна выконваць прыватныя заказы.
Пра тое, што не пакінуць сваю любімую справу, упэўнены і амаль усе яе навучэнцы. Для некаторых з іх, каб у гэтым упэўніцца, дастаткова было ўпершыню ўзяць у рукі разец. Цімафей Карэлін прыйшоў да Марыі Аляксандраўны год назад, калі яму было 10 гадоў. І ўжо сёння разьбярства поўнасцю яго захапіла.
— Дзіўлюся, але па выхадных, калі ў Цімафея заняткі ў гуртку, мне не трэба яго будзіць, — гаворыць мама хлопчыка Алена Леанідаўна. — Яму вельмі падабаецца працаваць з дрэвам, і ў яго гэта атрымліваецца. Акрамя таго, сама атмасфера на занятках у Марыі Аляксандраўны вельмі прыемная, дружалюбная. У гэтым таксама прычына папулярнасці гуртка.
А Цімафей, гэтак жа як і яго сябры, марыць, што праз гадоў пятнаццаць таксама збярэ, вакол сябе кола зацікаўленых падлеткаў, якім будзе даваць азы контурнай і геаметрычнай разьбы і атрымліваць асалоду, калі ў навучэнцаў будуць атрымлівацца рэльефы. І абавязкова навучыць па-майстэрску валодаць самай складанай тэхнікай — скульптурнай разьбой.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Валянціны АЎСЯННІКАВАЙ
і з архіва Віцебскага абласнога ПТДіМ.