Мужная дзяўчынка

Кожная школа ганарыцца сваімі выхаванцамі. І мы, Макранскі ВПК, — не выключэнне. Размова пойдзе пра нашу былую выхаванку Кацярыну Левычэнкаву. З ранняга дзяцінства дзяўчынка заўсёды актыўная, хуткая, весёлая, напорыстая. У школе вельмі любіла фізкультуру, актыўныя віды спорту. Усе настаўнікі адзначалі Кацю як адну з самых надзейных і самых актыўных вучаніц. Гэта заўважылі не толькі мы, педагогі. У 2017 годзе Каця трапіла на спаборніцтвы па мнагаборстве ў Быхаве, дзе трэнеры па цяжкай атлетыцы з Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву не абышлі дзяўчынку ўвагай.

Фота да матэрыялу: Мужная дзяўчынка.Трэнеры прапанавалі Кацярыне прыехаць на найбліжэйшыя зборы, і дзяўчынка пагадзілася. У мінулым годзе яна была залічана ў Магілёўскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе і скончыла 7 клас. Спачатку было няпроста, як адзначае Каця, але дзякуючы сяброўскай добразычлівай атмасферы, усе цяжкасці былі пераадолены. Рэжым таксама добры, збалансаванае харчаванне, 5—6 урокаў у дзень і 2 трэніроўкі. У Каці ёсць свой план трэніровак, дзе выконваюцца розныя практыкаванні: рыўкі, штуршкі, прысяданні і г.д. Кандыдата ў майстры спорту ўжо выканала, засталося ў суме дваябор’я набраць 10 кілаграмаў. Калі гэта атрымаецца, то Каця стане майстрам спорту.

Глядзіш на гэтую дарослую дзяўчынку, і інтуіцыя падказвае, што перад табой — будучы алімпійскі чэмпіён. А доказам гэтага з’яўляюцца ўсяго за год 7 медалёў, 1 кубак, граматы, дыпломы. Гэта 3-е месца ў Рэспубліканскай спартакіядзе па цяжкай атлетыцы ў вагавой катэгорыі 58 кг, 2-е месца ў спартакіядзе дзіцяча-юнацкіх школ Рэспублікі Беларусь у вагавой катэгорыі 58 кг, 1-е месца на Адкрытым чэмпіянаце па цяжкай атлетыцы ў Чарнігаве, 1-е месца на 27-м адкрытым Усеўкраінскім турніры па цяжкай атлетыцы памяці Герояў Чарнобыля ў вагавой катэгорыі 63 кг, 1-е месца ў Абласной спартакіядзе школьнікаў — 2018 па цяжкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2002—2003 гадоў нараджэння ў вагавой катэгорыі 63 кг і іншыя перамогі.

Кацярына лічыць, што да дасканаласці трэба імкнуцца заўсёды, таму яе дэвіз: “Хутчэй, вышэй, мацней!” Спаборніцтваў праводзіцца дастаткова. Каця ўпэўнена, што толькі ў іх расце спартсмен, а таксама ў рэгулярных трэніроўках, у рабоце над сабой. Вучаць, дапамагаюць, падтрымліваюць Кацярыну заслужаныя трэнеры Беларусі Аляксандр Васільевіч Ганчароў і Анатоль Леанідавіч Лабачоў. Дзяўчынка выхоўваецца ў простай працоўнай сям’і. Бацькі таксама ўсяляк падтрымліваюць дачку, якая выбрала для сябе такі моцны і мужны від спорту.

Не забывае Каця і родную школу, часта наведвае настаўнікаў і сяброў. На твары заўсёды ветлівая ўсмешка, добразычлівасць. Мы трымаем кулакі за нашу Кацю і ганарымся, што ў сценах нашага ВПК вырасла такая выдатная спартсменка.

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна.