Мужныя рыцары і прыгожыя лэдзі

Праблема палавога выхавання дзяцей у цяперашні час вельмі актуальная. Без яе правільнага вырашэння немагчыма сфарміраваць у дзяцей такія якасці, як мужнасць і жаноцкасць, якія вельмі неабходны для паспяховага выканання імі ў будучыні бацькоўскіх абавязкаў у сям’і.

Гендарнае выхаванне дзяцей сёння, як правіла, ажыццяўляецца стыхійна. Бацькі недастаткова ўсведамляюць сваю ролю ў фарміраванні ўзаемаадносін паміж разнаполымі дзецьмі і абапіраюцца ў асноўным на мадэлі і вобразы, засвоеныя ад сваіх бацькоў, а таксама зыходзяць з вопыту ўласнага сямейнага жыцця, які набываецца часам у няпоўных сем’ях. Таму вялікая роля ў гэтым пытанні адводзіцца ўстановам адукацыі.
Назіраючы за сваімі выхаванцамі, я адзначыла, што ў многіх дзяўчынак адсутнічаюць такія якасці, як сціпласць, пяшчотнасць, цярплівасць, яны не заўсёды знаходзяць правільнае выйсце з канфліктных сітуацый. Хлопчыкі не ўмеюць пастаяць за сябе, яны фізічна слабыя, пазбаўлены трываласці і эмацыянальнай устойлівасці, у іх адсутнічае культура паводзін у адносінах да дзяўчынак. Падчас гульні дзеці дэманструюць мадэлі паводзін, якія не адпавядаюць іх полу, не ўмеюць дамаўляцца, размяркоўваць ролі. У працэсе заняткаў, звязаных з працоўнай дзейнасцю, выхаванцы не могуць самастойна размяркоўваць абавязкі з улікам полу партнёра. Хлопчыкі не выказваюць жадання прыйсці на дапамогу дзяўчынкам, калі патрэбна іх фізічная сіла, а дзяўчынкі не спяшаюцца дапамагаць хлопчыкам там, дзе неабходна карпатлівасць і акуратнасць.

Пасля вывучэння праблемы развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту прыярытэтным у рабоце для мяне стала выхаванне ў іх гарманічных якасцей у адносінах адно да аднаго. Падчас назіранняў і размоў з выхаванцамі высветліўся нізкі ўзровень ведаў па гэтым пытанні.
У дзіцячай групе ўсё — пачынаючы ад абставін і заканчваючы цацкамі — становіцца своеасаблівым акном у вялікі свет. З улікам гендарных асаблівасцей дзяцей у нашай установе арганізавана і развіццёвае асяроддзе: ручнікі і шклянкі для паласкання рота, арыенціры на дзіцячых ложках, крэсліцы ў групавым і ўмывальным пакоях. Гульнявы матэрыял таксама карпатліва падбіраецца педагогамі з улікам цікавасцей дзяўчынак і хлопчыкаў. На дзвярах туалетнага пакоя ёсць таблічка з умоўнымі знакамі, якія дазваляюць вызначыць, каму ў гэты момант можна ўвайсці — хлопчыку ці дзяўчынцы.

У гульнях дзяўчынкі больш схільныя да выхаваўча-апякунскай дзейнасці, у аснове якой, на мой погляд, знаходзіцца інстынкт мацярынства. Даглядаць, няньчыць, клапаціцца пра блізкіх, вучыць — гэтыя рысы выразна праяўляюцца ў дзяўчынак у ролевых гульнях. Менавіта з дзяўчынкамі мы абмяркоўвалі расстаноўку мэблі ў лялечным кутку, дамаўляліся аб тым, дзе будуць захоўвацца пасцельная бялізна, адзенне, посуд, прадукты і іншыя рэчы, неабходныя для хатніх спраў. Для цэнтра былі набыты лялькі, з якімі можна прайграваць цікавыя сюжэты. Для дзяўчынак арганізаваны і пастаянна абнаўляюцца сюжэтна-ролевыя гульні: “Салон прыгажосці”, “Хатняя гаспадыня”, “Мадэльер”, “Бальніца”.
Хлопчыкі па сваіх прыродных якасцях схільныя да аналізу сваёй дзейнасці. Яны больш дапытліва ўнікаюць у з’явы навакольнага свету, хутчэй і лягчэй разбіраюцца ў механізмах дзеяння прылад, нават могуць прыўносіць у іх свае змены. Яны адным і тым жа прадметам могуць знаходзіць часам самае рознае і незвычайнае прымяненне. Таму для хлопчыкаў набылі такія цацкі, якія рыхтуюць іх да далейшай дзейнасці ў дарослым жыцці. Гэта канструктары, наборы інструментаў “Майстар”, цацачныя аўтамабілі, самалёты, ваенная тэхніка і г.д. З хлопчыкамі мы абсталявалі цацачны аўтапарк, пляцоўку ПДР, аформілі куткі для сюжэтна-ролевых гульняў: “Майстэрня па рамонце бытавой тэхнікі”, “АЗС”, “Аўтасэрвіс”.
Да сюжэтна-ролевых гульняў я распрацоўваю канспекты, якія адлюстроўваюць сацыяльныя ролі мужчын і жанчын у грамадстве. Арганізую дыдактычныя гульні, якія спрыяюць эфектыўнай сацыялізацыі дзяцей: “Скажы, дзе правільна”, “Пра Сашу і Машу”, “Хто што носіць”, “Нашы прычоскі”, “Якія заняткі табе падабаюцца?”, “Я расту”, “Што ў нас агульнага і чым мы адрозніваемся?”, “Я такі таму, што…”, “Кім быць?” і іншыя.

Мною распрацаваны мультымедыйны дапаможнік “Два светы, два дзяцінствы”, якія ўключаюць наступныя гульні: “Свет імёнаў дзяўчынак і хлопчыкаў”, “Адзенне для дзяўчынак і хлопчыкаў”, “Жаночыя і мужчынскія прафесіі”, “Акажы дапамогу”. У групе арганізуем спектаклі пальчыкавага, настольнага, лялечнага, ценявога, плоскаснага і бібабо тэатраў. Задзейнічаючы ў пастаноўках пэўнае абсталяванне і матэрыялы, я стараюся, каб было цікава ўсім выхаванцам, каб ролю для сябе маглі знайсці і хлопчыкі, і дзяўчынкі.
Пры правядзенні заняткаў улічваю псіхалагічныя асаблівасці хлопчыкаў і дзяўчынак. Распрацаваны цыкл заняткаў (адукацыйная галіна “Дзіця і грамадства”), які ўключае наступныя раздзелы:
1. “Усе людзі дзеляцца на мужчын і жанчын”. Кіруючыся матэрыялам гэтага раздзела, імкнуся сфарміраваць у дзяцей уяўленні аб ролі і занятасці мужчыны і жанчыны ў сям’і, аб іх узаемаадносінах.
2. “Хлопчык — будучы мужчына”. “Дзяўчынка — будучая жанчына”. Заняткі гэтага раздзела спрыяюць фарміраванню ў выхаванцаў пачаткаў мужнасці і жаноцкасці, якія павінны праяўляцца ў дзяцей нават зараз. Важна, каб дзеці з самага ранняга ўзросту ведалі аб сваіх будучых абавязках у сям’і і грамадстве.
3. “Мужныя рыцары і прыгожыя лэдзі”. У працэсе заняткаў дзецям даецца інфармацыя як аб знешніх адрозненнях паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, так і аб розных рысах характару і паводзін, выхоўваецца культура зносін з прадстаўнікамі процілеглага полу ў розных сітуацыях і гульнявой дзейнасці.
У практыку адукацыйнай работы ўводзяцца таксама спецыяльныя заняткі для хлопчыкаў і дзяўчынак. У гульнявым цэнтры “Майстар” пад кіраўніцтвам дзядуляў і татаў хлопчыкі спрабуюць сябе ў цяслярскай і слясарнай справе. А дзяўчынкі ў сваю чаргу з мамамі і бабулямі вучацца майстэрству кулінарыі ў гульнявым цэнтры “Гаспадынька”.

Педагогі нашага цэнтра пастаянна маюць зносіны з бацькамі выхаванцаў, даюць ім рэкамендацыі па пытаннях выхавання дзяцей, праводзяць сумесныя мерапрыемствы ў вольны час, якія адлюстроўваюць сацыяльную значнасць мужчын і жанчын.
Каб высветліць эфектыўнасць работы, я правяла дыягнастычнае даследаванне па вызначэнні ўзроўню ведаў дзяцей аб ролі мужчын і жанчын, аб іх узаемаадносінах. І вынік быў вельмі высокім.
Бацькі сталі больш кампетэнтнымі ў пытаннях выхавання дзяцей рознага полу. Разам з імі мы сфарміравалі ў выхаванцаў уяўленні аб уласнай унікальнасці і непаўторнасці побач з традыцыйнымі ўяўленнямі аб мужчынскіх і жаночых ролях. І цяпер часцей за ўсё ў ролевых гульнях дзеці выбіраюць ролі ў адпаведнасці са сваім полам. Акрамя таго, падчас гульні дзеці вучацца адрозніваць і цаніць добрыя ўчынкі і станоўчыя рысы характару сваіх партнёраў, становяцца больш ветлівымі і ахайнымі, аказваюць адно аднаму дапамогу.

 

Алена СНЫТКІНА,
выхавальнік ДЦРД Добруша.