Мужныя таты асаблівых дзяцей

- 14:18Навіны рэгіёнаў

Як часта мы чуем і чытаем узнёслыя словы пра матуль. І як часта недаацэньваем ролю татаў у выхаванні дзяцей. А між тым ад іх не ў меншай ступені залежыць, стане дзіця абсалютна шчаслівым ці будзе безнадзейна няшчасным. Для дзіцяці, якое мае абмежаваныя магчымасці, гэтае пытанне асабліва вострае. Вось чаму педагогі цэнтраў карэкцыйна- развіццёвага навучання і рэабілітацыі Міншчыны разам з арганізацыямі-партнёрамі пачалі рэалізоўваць праект “Узаемадзеянне некамерцыйных і дзяржаўных структур у павышэнні ролі бацькаў у выхаванні дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі”.

Нават у звычайных сем’ях выхаваўчая роля бацькі часта абмежавана, мужчыны бяруць на сябе функцыю здабывання грошай, а выхаванне дзяцей становіцца амаль цалкам задачай маці. У сем’ях, дзе выхоўваюцца дзеці з АПФР, сітуацыя яшчэ больш складаная. Так, напрыклад, не сакрэт, што ў прадстаўнікоў моцнага полу нярэдка не хапае сіл пагадзіцца з наканаваным лёсам і прыняць сітуацыю, калі ў сям’і з’яўляецца дзіця з абмежаванымі магчымасцямі. Многія таты не вытрымліваюць і пакідаюць сям’ю. Тыя ж, хто застаецца, нярэдка замыкаюцца ў сабе, становяцца староннімі назіральнікамі выхавання дзяцей, перакладваючы ўвесь груз сямейных праблем на плечы жанчыны. Акрамя таго, асноўная ўвага дзяржаўных і грамадскіх арганізацый накіравана на праблемы дзіцяці з абмежаваннямі, у меншай ступені закранаюцца праблемы іх матуль. Таты ж застаюцца па-за сферай увагі. Па выніках аднаго з сацыялагічных даследаванняў, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, у выхаванні якіх актыўна прымаў удзел бацька, паказваюць больш высокія адзнакі па тэстах маторнага і інтэлектуальнага развіцця, яны вырастаюць больш сацыяльна адаптаванымі.
Праблема стала відавочнай даўно, і пэўная работа для яе вырашэння ва ўстановах спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці вялася і раней. Новы штуршок яна атрымала пасля абласнога бацькоўскага сходу ў 2013 годзе, тэма якога “Без добрых бацькаў няма сапраўднага выхавання”. На сходзе працавала і секцыя на тэму ролі татаў у спецыяльнай адукацыі. Спецыялісты Мінскага абласнога ЦКРНіР адзначаюць, што работа ў гэтым кірунку ўскладняецца тым, што літаратуры і адаптаваных да нашых умоў методык амаль няма. Арганізацыі, створаныя для аказання дапамогі сем’ям, не маюць вопыту работы з татамі. Яны маюць патрэбу ў экспертнай і метадычнай дапамозе. Вось чаму такі значны і актуальны праект па павышэнні ролі бацькаў у выхаванні дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Важная роля надаецца ў рашэнні гэтай праблемы экспертам з Германіі, якія прымаюць удзел у рэалізацыі праекта і маю ць пэўны вопыт у рабоце менавіта з мужчынамі.
“Мы даўно супрацоўнічаем з беларуска-германскім сумесным таварыствам “Надзея — XXI стагоддзе”. Калі калегі з гэтай арганізацыі прапанавалі далучыцца да праекта, мы адразу згадзіліся, усведамляючы яго важнасць, — расказвае Ніна Канстанцінаўна Віктароўская, дырэктар Мінскага абласнога ЦКРНіР. — У праекце таксама прымае ўдзел германскае грамадскае аб’яднанне мужчын, якія выконваюць сацыяльную работу. У нашых нямецкіх партнёраў ужо ёсць пэўны вопыт работы па прыцягненні татаў да выхавання дзяцей з АПФР. Мы гэты вопыт будзем вывучаць і пераймаць, а таксама выпрацоўваць сваю сітэму работы ў гэтым кірунку”.
Галоўнай мэтай праекта з’яўляецца паляпшэнне якасці жыцця дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў поўнай сям’і праз павышэнне ролі татаў. З дапамогай экспертаў з Германіі будзе ўпершыню распрацавана спецыяльная праграма трэнінгаў, якая накіравана на паляпшэнне кампетэнцый бацькаў па пытаннях выхавання дзяцей і на актыўны ўдзел іх у выхаванні дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Акрамя таго, будзе дадзена магчымасць арганізацыям, якія працуюць з дзецьмі з АПФР, знайсці падыходы да бацькаў і распрацаваць прапановы, якія адпавядаюць іх патрабаванням.
Нядаўна ў Вілейцы ў рамках рэалізацыі праекта прайшоў міжнародны семінар, на якім сустрэліся партнёры праекта, каб паглыбіцца ў тэму, асэнсаваць праблему, скаардынаваць свае дзеянні і прыступіць да справы. Партнёры з Германіі прадставілі сваю сістэму работы, раскрылі метадалогію і практычныя аспекты правядзення трэнінгаў. На першым этапе ўдзельнікамі праекта ад Мінскай вобласці сталі 5 татаў з розных рэгіёнаў, якія выхоўваюць дзяцей з АПФР. На працягу двух дзён семінара яны абменьваліся інфармацыяй адзін з адным, дзяліліся сваімі радасцямі і праблемамі. У будучым у рамках праекта плануецца не толькі дапамагчы гэтым татам пераадолець цяжкасці, з якімі яны сутыкнуліся. Праграма-максімум — натрэніраваць іх, каб у далейшым яны маглі аказваць дапамогу татам, якія апынуліся ў аналагічнай жыццёвай сітуацыі, трансліраваць свой вопыт. Удзельнікі семінара распрацавалі канцэпцыю і змест трэнінгавых модуляў для бацькаў, якія выхоўваюць дзяцей з АПФР, сфарміравалі трэнінгавыя групы. Наперадзе яшчэ вялікая работа.
Спецыялісты Мінскага абласнога ЦКРНіР спадзяюцца, што ў выніку рэалізацыі праекта будзе атрыманы ўнікальны вопыт сумеснай работы з татамі асаблівых дзяцей, распаўсюджванне якога дапаможа палепшыць мікраклімат у сем’ях і павялічыць ролю бацькаў у асобасным і сацыяльным развіцці дзяцей з АПФР.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлены Мінскім абласным ЦКРНіР.