“Музыка дабра” гучала ў Мсціславе

- 14:29Навіны рэгіёнаў

Вялікая справа — падарыць усмешку і хвілінку шчасця тым, хто воляй лёсу стаў асаблівым, тым, хто па-асабліваму ўспрымае навакольны свет. Яшчэ большая справа — падтрымаць асаблівае дзіця.

Хлопцы і дзяўчаты з валанцёрскага атрада Магі­лёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў ­разам з прадстаўнікамі Магілёў­скага абласнога аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” наведалі Мсціслаўскі раённы карэкцыйна-развіццёвы цэнтр навучання і рэабілітацыі. Сустрэча з выхаванцамі гэтага цэнтра — працяг маштабнай дабрачыннай акцыі “Музыка дабра”, якая была арганізавана ў канцы мінулага года.

Тады, напярэдадні навагодніх свят, навучэнцы гімназіі-каледжа арганізавалі ва ўнівермагу “Цэнтральны” канцэрт для магіляўчан, якія з задавальненнем акунуліся ў свет чароўных гукаў віяланчэлі, акардэона, баяна, фартэпіяна і, натхнёныя талентам юных музыкаў, ахвяравалі на дабрачынныя мэты грошы, цацкі, вопратку. З дапамогай сабраных сродкаў нашы вучні ўжо ў студзені змаглі ажыццявіць мару стаць відэаблогерам навучэнца Асіповіцкай спецыялізаванай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату Аляксея Хрысцічэнкі.

І вось у сакавіку акцыя “Музыка дабра” атрымала працяг у Мсціславе. На сабраныя грошы быў набыты трэнажор-вертыкалізатар для сям’і, у якой выхоўваюцца двое дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Гэты трэнажор урачыста быў прэзентаваны сям’і ў сценах Мсціслаўскага раённага карэкцыйна-развіццёвага цэнтра.

Выхаванцы і педагогі ўстановы сустрэлі валанцёраў гімна­зіі-каледжа па-дамашняму цёпла. Пазнаёмілі з цэнтрам, дзе практычна ўсе прадметы інтэр’ера і цацкі зроблены сумеснымі намаганнямі педагогаў і дзяцей, а таксама падарылі канцэрт, пацешыўшы сваім талентам і творчымі здольнасцямі. У канцэрце прынялі ўдзел і юныя таленты гімназіі-каледжа Ларыса Філіпчанка і Аліса Мартынава.

Развітваючыся, валанцёры выказалі ўпэўненасць у тым, што набыты трэнажор дапаможа ў рэабілітацыі, бо кожны з удзельнікаў акцыі ўклаў часцінку душы ў надзею дзяцей на вылечванне.

Наталля КУРЫЛА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў.