Музыка дабра

У Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў вялікую ўвагу ўдзяляюць духоўна-маральнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Узаемадапамога, бескарысліная падтрымка тых, хто мае ў ёй патрэбу, — для мясцовых навучэнцаў гэта не пустыя словы.

Ва ўстанове актыўна развіты валанцёрскі рух. Пад кіраўніцтвам педагогаў вучні пастаянна арганізуюць розныя дабрачынныя мерапрыемствы. Яны дапамагаюць ветэранам, састарэлым людзям, бяздомным жывёлам, цяжкахворым дзецям. Адна з самых маштабных акцый — “Музыка дабра” — праходзіць падчас навагодніх свят.

— У дні навагодніх канікул нашы навучэнцы выступаюць з дабрачыннымі канцэртамі, у ходзе якіх збіраюць грашовыя сродкі, цацкі, канцылярскія прылады, сродкі догляду. Грошы пасля перадаюцца ў рэгіянальнае аддзяленне РГА “Беларускі дзіцячы фонд”. А астатнія рэчы вучні-валанцёры ўручаюць у якасці навагодніх падарункаў хворым дзецям, якім вельмі патрэбна любая дапамога, — расказаў дырэктар гімназіі-каледжа А.Я.Курсакоў.

Своеасаблівыя вынікі дабрачыннай акцыі падвялі надоечы на мерапрыемстве “Гімназія-каледж збірае сяброў”. Навучэнцы і педагогі зноў арганізавалі навагодні канцэрт. Яго ўдзельнікамі сталі дзеці, бацькі, педагогі. Запрасілі і ганаровых гасцей, сярод якіх — пасол Японіі ў Беларусі Такунага Хірокі, прадстаўнікі Магілёў­скага гарадскога Савета дэпутатаў, рэгіянальных грамадскіх арганізацый, дэлегацыя з Літвы.

Дабрачынны канцэрт пагрузіў усіх гасцей у непаўторную атмасферу свята. У канцэртнай праграме прынялі ўдзел сольныя выканаўцы і творчыя калектывы гімназіі-каледжа, якія паказалі ўсю шматгран­насць сваіх талентаў і падарылі гледачам яркія музычныя, танцавальныя, вакальныя нумары.

Галоўнай падзеяй мерапрыемства стала ўручэнне падарункаў. Вучні гімназіі-каледжа аказалі адрасную дапамогу навучэнцы Шклоўскай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку Ліліі Курык. Ліля вельмі любіць спяваць. Для таго каб дзяўчынка магла развіваць свае здольнасці, ёй былі ўручаны прафесійныя навушнікі і планшэт. Астатнія сродкі, сабраныя падчас дабрачынных канцэртаў акцыі “Музыка дабра”, былі накіраваны на лячэнне чатырох цяжкахворых дзяцей з Магілёўскай вобласці.

Такія мерапрыемствы найлепшым чынам спрыяюць фарміраванню ў вучняў галоўных чалавечых якасцей і каштоўнасцей. Магчымасць зрабіць свет вакол дабрэйшым і міласэрным аказвае на дзяцей каласальнае духоўнае ўздзеянне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.