Музыка дапамагае вырасці добрымі людзьмі

Класіка, фолк, джаз, блюз, кантры, поп, рок, хіп-хоп… — музычныя плыні існуюць на любы густ, настрой і пачуцці. Музыка суправаджае нас усё жыццё, а для некаторых ператвараецца ў само жыццё. Так сталася з нашым сённяшнім героем — выкладчыкам па класе баяна сярэдняй школы № 11 Мінска Мікалаем Мікалаевічам Лазоўскім, які з дзяцінства марыў стаць і педагогам, і артыстам. А таму ў прафесію ішоў мэтанакіравана, скончыўшы сённяшнія Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. І ўжо 30 гадоў займаецца любімай справай — прывівае любоў да музыкі сваім вучням.

Мікалай Мікалаевіч Лазоўскі свой прафесійны шлях пачынаў у Мінскім прафтэхвучылішчы № 107 будаўнікоў, аднак, калі намеснік дырэктара па эстэтычным выхаванні сталічнай сярэдняй школы № 11 Пётр Мазалеўскі прапанаваў узначаліць аркестр — згадзіўся, не раздумваючы. І ў лістападзе 1995 года стаў кіраўніком аркестра народных інструментаў “Лістапад”, які сёлета ўжо адзначыў 30-годдзе.

— Музыка ў жыцці чалавека адыгрывае вялізную ролю, уплываючы, а часам і фарміруючы яго настрой і эмоцыі, падштурхоўваючы да разважанняў, — дзеліцца сваімі думкамі дырыжор.

Таленавіты педагог пастаянна знахо­дзіцца ў творчым пошуку. За час работы ў яго сфарміраваліся свой адметны педагагічны стыль і методыка навучання. А самы галоўны сакрэт у тым, што ён ніколі не дзеліць дзяцей на сваіх і чужых.

— Я заўсёды адношуся да вучняў як да родных, з дабрынёй і даверам, хоць пры гэтым, канечне, дыстанцыя настаўнік — вучань захоўваецца. Заўсёды вучу іх таму, што бу­дзе карысным у жыцці. Мой галоўны педагагічны пастулат — рабі як я! — вучыць трэба асабістым прыкладам. У аркестр часта прыходзяць дзяўчынкі, таму хлопчыкам я заўсёды гавару, што насіць інструменты і расстаўляць крэслы — гэта іх абавязак. Такім чынам яны бачаць і адчуваюць мужчынскае стаўленне да дзяўчат, засвойваюць этыкетныя правілы, — расказвае Мікалай Мікалаевіч. — Часта жартую са сваімі вучнямі, магу працыта­ваць ім паэтычныя творы, хоць, праўда, часам даводзіцца нагадаць, што “калі навука пойдзе туга, паможа бацькава папруга”. Безумоўна, стараюся прывіваць ім і сямейныя каштоўнасці. Разам са мной працуе мая любая жонка — мая памочніца і спадарожніца, таксама музыкант і выкладчык, балалаечніца Ірына Антоніеўна. Я часта гавару сваім вучням, што сям’я павінна заўсёды быць на першым месцы.

Прафесіяналізм, мэтанакіраванасць, вялікая працавітасць, захопленасць дазволілі Мікалаю Мікалаевічу стаць майстрам сваёй справы, які выхаваў не адно пакаленне музыкантаў. Калі да яго прыходзяць новыя вучні, ён знаёміць іх з разнастайным рэпертуарам.

— Поп і рок, фолк і джаз — мы спрабуем іграць усё, а не толькі народную і класічную музыку, бо толькі так падтрымліваецца цікавасць да музыкі. А яшчэ, на мой погляд, самае важнае — своечасова пахваліць і падтрымаць дзіця, нават калі яно сыграе дзве ноткі, затое якія! — гаворыць ён. — Зразумела, што далёка не ўсе пасля заканчэння школы стануць прафесійнымі музыкантамі. Але для ўсіх іх ігра на музычным інструменце назаўсёды застанецца аддушынай. Музыка ў любым выпадку дапамагае вырасці добрымі людзьмі, бо нішто так не выхоўвае і не надае высакароднасці, як мастацтва. Між іншым, сярод маіх выпускнікоў — рок-гітарыст Аляксандр Цалуйка, які першым выканаў Сімфонію № 13 для электрагітары з сімфанічным аркестрам Дзмітрыя Смольскага, а таксама сённяшні дырэктар Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 13 Мінска Юрый Няхай. Яны абодва прайшлі праз мой аркестр, бачылі ўсю нашу “кухню” і нават супрацоўнічалі з намі яшчэ доўгі час пасля выхаду са школы.

Многія выпускнікі час ад часу з задавальненнем прыходзяць на рэпетыцыі аркестра, прымаюць удзел у канцэртных выступленнях і не перастаюць прызнавацца ў любові і павазе свайму кіраўніку. Яны заўсёды ўзгадваюць Мікалая Мікалаевіча як вельмі добрага, эмацыянальнага чалавека з выдатным пачуццём гумару і вачыма, напоўненымі цеплынёй. Былыя вучні ганарацца, што былі ў складзе “Лістапада” — калектыву звычайнай агульнаадукацыйнай школы, які на працягу многіх гадоў вядзе актыўнае творчае жыццё, удасканальвае сваё прафесійнае майстэр­ства, падтрымлівае сувязь пакаленняў і далучае моладзь да музычнай культуры.

Варта адзначыць, што аркестр “Лістапад” быў утвораны па ініцыятыве першага дырэктара школы № 11 Алы Аляксандраўны Грушэўскай у 1989 годзе. Пасля прыходу Мікалая Мікалаевіча аркестр хутка атрымаў званне “ўзорнага”. Дзейнасць калектыву неаднаразова адзначалася Міністэрствам адукацыі Беларусі, адміністрацыяй Кастрычніцкага раёна Мінска, камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама і г.д. За 30-гадовую гісторыю аркестр шмат разоў станавіўся ўдзельнікам і лаўрэатам гарадскіх і рэспубліканскіх творчых конкурсаў. Аднак найбольш дарагая ўзнагарода была атрымана з сённяшнім складам аркестра.

— Гады чатыры назад мы сталі лаўрэатамі I ступені на Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам” у межах “Славянскага базару”. А пасля сталі дыпламантамі I ступені на фестывалі “Аркестрына-2018”.

Выпадала калектыву пакараць і еўрапейскія канцэртныя пляцоўкі: разам са сваім ня­зменным дырыжорам дзеці выязджалі ў Польшчу, Славакію, Бельгію. Замежных гледачоў захапляюць і пакараюць натхненне і шчырасць удзельнікаў калектыву, самабытнасць і каларытнасць рэпертуару, які складаецца як з народных і сучасных інструментальных твораў, так і з джазавых і эстрадных кампазіцый. Мікалай Мікалаевіч пастаянна працуе над папаўненнем рэпертуару калектыву цікавымі, запамінальнымі творамі. Кіраўнік глыбока і пільна вывучае беларускую спадчыну, пераасэнсоўваючы і вяртаючы да жыцця нацыянальную музыку. Вялікая заслуга Мікалая Мікалаевіча ў тым, што многія творы ў рэпертуары аркестра апрацаваны і аранжыраваны ім самім. Найбольш яркімі з’яўляюцца апрацоўкі народных песень і танцаў: беларуская народная песня “Зазвінелі звонікі”, беларускі народны танец “Каханачка”, “Фінская полька”, “Чэшская полька” і інш. Абапіраючыся на нацыянальныя традыцыі, культуру, побыт беларускага народа, свабодна валодаючы дырыжорскім майстэрствам, Мікалай Мікалаевіч Лазоўскі стварае яркія музычныя замалёўкі. Яго мініяцюрам уласцівыя вобразнасць, лірычнасць, песеннасць, танцавальнасць і, вядома ж, гумар.

Нядзіўна, што з такім выдатным рэпертуарам “Лістапад” рады бачыць на любой канцэртнай пляцоўцы, у любой адукацыйнай установе, на прадпрыемствах, гарадскіх кірмашах і ў бальніцах.

— Традыцыйна напярэдадні Новага года выступаем у Рэспубліканскім інтэрнаце ветэранаў вайны і працы, часта бываем у “Доме дружбы”, школах-інтэрнатах, прафесійна-тэхнічных ліцэях і каледжах, — дадае Мікалай Мікалаевіч. — Мы заўсёды з радасцю адгукаемся на ўсе запрашэнні.

Для аркестра 2020 год адказны, бо ў сакавіку зноў прыйдзецца пацвердзіць званне “ўзорнага”.

— Рыхтуем новую праграму. Ад мяне як дырыжора патрабуецца распісаць партытуры, раздаць партыі і быць патрабавальным на рэпетыцыях. Вельмі спадзяюся, што ў нас усё пройдзе паспяхова, — тлумачыць Мікалай Лазоўскі. — Аркестр для мяне — гэта зносіны з музыкай і дзеткамі, якія заўсёды надаюць сіл і энергіі. “Лістапад” — гэта маё жыццё!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.