Музыка іх з’яднала

На эмблеме сярэдняй школы № 5 Жодзіна мы бачым аркуш са школьнага сшытка і нотны стан з нотамі. Гэтыя ноты — пачатак гімна школы. Такое суседства традыцыйных сімвалаў навучання і музыкі невыпадковае: вучні ў гэтай школе не толькі вучацца, але і іграюць і спяваюць.

Сярэдняя школа № 5 — адна з найстарэйшых устаноў Жодзіна, якая сёлета адзначыла сваё 45-годдзе. Але не толькі гэтым адметная школа. Больш за 35 гадоў назад тут быў адкрыты першы музычны клас, пазней — музычна-харавое аддзяленне. Гэтая дзейнасць з кожным годам набірала абароты, і ў хуткім часе музычная адукацыя, якую давала школа дзецям, стала паўнацэннай, усебаковай, на найвышэйшым якасным узроўні. З тых часоў у школе змаглі захаваць музычны ўхіл, і сёння гэта адна з нямногіх устаноў адукацыі як на Міншчыне, так і ў краіне, дзе адбываецца працэс паўнацэннай музычнай адукацыі.

Музыкай школьнікі займаюцца на факультатыўных занятках. Сёння іх наведвае трэць навучэнцаў 1—9 класаў — больш за 300 чалавек. Яны асвойваюць ігру на фартэпіяна, скрыпцы, баяне, акардэоне, цымбалах, духавых і ўдарных інструментах. На гэтыя заняткі адводзіцца 2 гадзіны на тыдзень. Таксама раз на тыдзень дзеці вывучаюць прадметы музычна-тэарэтычнага цыкла: сальфеджыа, музычная літаратура, сусветная мастацкая культура. Адным з прыярытэтаў вучэбна-творчай дзейнасці з’яўляюцца калектыўныя формы музіцыравання: хор, аркестр, ансамбль.

24 педагогі выкладаюць прадметы музычнай накіраванасці. Многія з іх працуюць яшчэ з тых часоў, калі музычны кірунак толькі пачынаў развівацца ў школе. А маладыя настаўнікі музычных дысцыплін — у мінулым выпускнікі школы. Усе яны людзі, шчыра адданыя сваёй справе.

Выклікае цікавасць фінансавы бок арганізацыі навучання такога кшталту. Каб захаваць музычнае навучанне ў поўным аб’ёме, супрацоўнікам школы давялося пастарацца. Сёння такія заняткі фінансуюцца з трох крыніц. Частка грошай выдзяляецца з бюджэту, таксама сродкі выдаткоўвае Жодзінскі гарвыканкам — у школе вельмі ўдзячны, што ўлады горада пайшлі насустрач і дапамагаюць захаваць музычнае навучанне дзяцей. Дзякуючы гэтым дзвюм крыніцам грашовай падтрымкі, на плечы бацькоў кладзецца найменшы фінансавы цяжар — штомесяц яны плацяць крыху больш за 6 дэнамінаваных рублёў за ўвесь вучэбны курс (а гэта цэлы комплекс факультатываў музычнай накіраванасці).

За гады існавання музычнага навучання ў школе з’явіліся калектывы, майстэрства якіх знаходзіцца на высокім узроўні. Так, сёлета пацвердзіў званне “ўзорны” духавы аркестр школы. Сёння ў яго склад уваходзяць 35 навучэнцаў 6—9 класаў. У рэпертуары калектыву — творы рускай, савецкай, замежнай класікі, арыгінальная музыка для аркестра, апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў, эстрадная музыка. Аркестр — часты госць мерапрыемстваў гарадскога і абласнога ўзроўню, не раз станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў. Пазней за аркестр з’явіўся інструментальны ансамбль “Ронда”, які карыстаецца поспехам у слухачоў і таксама носіць званне “ўзорны”. Удзельнікі калектыву бяруць удзел у мерапрыемствах рознага ўзроўню. “Калейдаскоп” — ансамбль народных інструментаў, аб’яднаў навучэнцаў, якія засвойваюць ігру на баяне і акардэоне. Ёсць таксама ансамбль ударных інструментаў “Бэбі-бум”, ансамбль скрыпачоў “Камертон”. І яшчэ адзін узорны калектыў — хор “Рабінка”, заснаваны больш за 30 гадоў назад. Калектыў у 2013 годзе атрымаў дыплом І ступені Беларускага фестывалю-конкурсу нацыянальнай харавой музыкі “Рэха”.

Для развіцця творчага і духоўнага патэнцыялу школьнікаў, акрамя факультатываў, выкладчыкі штогод праводзяць для дзяцей цыкл лекторыяў па вывучэнні класічнай музыкі. Напрыклад, канцэрты-лекторыі “Класікі — дзецям”, якія адрасаваліся навучэнцам 3—8 класаў, значна пашырылі кругагляд школьнікаў. Займаюцца асветніцтвам выкладчыкі не толькі ў асяроддзі сваіх цяперашніх навучэнцаў, але і сярод навучэнцаў патэнцыяльных — наладжана творчае супрацоўніцтва з дзіцячымі садамі мікрараёна. Штогод у маі ў школе праводзяць музычныя лекторыі для выхаванцаў дашкольных устаноў. Многія з іх потым прыходзяць на праслухоўванне для паступлення ў класы музычнай накіраванасці. Штогод колькасць жадаючых перавышае колькасць месцаў у такіх класах у паўтара разу.

Хочацца адзначыць, што за музычнымі заняткамі дзеці не забываюцца і пра традыцыйныя школьныя дысцыпліны, музыка не перашкаджае ім добра вучыцца і штогод радаваць педагогаў і бацькоў паступленнямі ў вядучыя УВА краіны. Дарэчы, многія выпускнікі школы працягваюць займацца музыкай у студэнцкіх калектывах.

Зразумела, за столькі гадоў існавання музычнага кірунку работы ў школе з’явіліся і свае музычныя традыцыі. Штогод праводзіцца Калядны канцэрт, куды дзеці запрашаюць сваіх родных і сяброў. Яшчэ адна прыгожая традыцыя — “Пасвячэнне ў музыканты” — урачыстае мерапрыемства для першакласнікаў, якія будуць вывучаць факультатывы музычнай накіраванасці, — праводзіцца ў пачатку навучальнага года. І кожны год гэтыя дзеці, таленавітыя, узрушаныя, шчырыя ў сваім жаданні займацца музыкай, імкненнем апынуцца ў чароўным свеце творчасці, зноў і зноў пераконваюць педагогаў і адміністрацыю школы ў важнасці той справы, якую яны робяць, — у значнасці захавання школьных музычных традыцый.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *