Мы адна сям’я!

Вось і замкнулася кола яшчэ аднаго “Вясёлкавага карагода”. Адзінаццаты раз кружыў ён па нашай краіне, далучаючы ўсё больш і больш дзяцей у кожнай вобласці, кожным раёне. Яркія фарбы выспявалі на абласных і сталічным гала-канцэртах, каб потым аб’яднацца і заззяць адзінай непаўторнай вясёлкай над “Зубранём”. Менавіта тут, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры, адбыўся заключны гала-канцэрт XI Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”.

Фестываль “Вясёлкавы карагод” праводзіцца адзін раз у тры гады. Ужо амаль чвэрць стагоддзя ён дорыць свята творчасці выхаванцам дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, спецыяльных школ і цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Па традыцыі рэспубліканскае журы пабывала на гала-канцэртах у кожнай вобласці і Мінску, дзе былі вызначаны і ўзнагароджаны лепшыя ўдзельнікі. Шмат падарункаў і сюрпрызаў атрымалі яны ад арганізатараў фестывалю, і адзін з іх — магчымасць трапіць у “Зубраня”. 130 пераможцаў “Вясёлкавага карагода” з усёй краіны зараз адпачываюць у цэнтры. Яны прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх “зубраняцкіх” справах і мерапрыемствах. Не забываліся дзеці і рыхтавацца да галоўнай для іх падзеі — выхаду на сцэну ў заключным гала-канцэрце фестывалю.
Кожнае дзіця прыязджае ў “Зубраня” з чамаданам або дарожнай сумкай. Удзельнікі “Вясёлкавага карагода”, як і ўсе артысты, везлі з сабой не проста чамаданы, а агромністы багаж — рэквізіт і касцюмы. І, як і ўсе сур’ёзныя артысты, яны шмат рэпеціравалі, каб выступленне атрымалася бездакорным. А дапамагала ім у гэтым рэжысёр шоу Наталля Мікалаеўна Камзалава, загадчык аддзела культурна-забаўляльных праграм Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, якая, дарэчы, пацвярджае, што ўдзельнікі гала-канцэрта працавалі як сапраўдныя прафесіяналы.

— Немагчыма перадаць, як гарэлі іх вочы, як старанна яны рыхтаваліся, якія яны дысцыплінаваныя і адказныя. Дзеці рэагуюць на кожную заўвагу, усё ўспрымаюць сур’ёзна. Проста пакараюць сваімі адносінамі да работы і адно да аднаго. Іх дабрыня, чалавечнасць, шчырасць на сцэне і ў жыцці ўражвае, — дзеліцца назіраннямі Наталля Мікалаеўна.

“Мы адна сям’я” — такую назву атрымаў фінальны гала-канцэрт. І сапраўды, мерапрыемства было падобна на сустрэчу вялікай, вясёлай, няўрымслівай сям’і, якую аб’ядноўвае клопат адно пра аднаго, любоў да творчасці. Кожнага госця вітала гаспадыня “дома”, дзе гэтая сям’я сабралася, — дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева. Яна адзначыла, што цэнтр гатовы штогод прымаць такіх цудоўных, таленавітых дзяцей.
І, як гэта часта бывае падчас сямейных сустрэч, кожны расказваў сваю гісторыю. Мовай мастацтва дзеці гаварылі пра тое, чым жывуць, пра што мараць і сумуюць, чаму радуюцца. Арцём Мінгелевіч, навучэнец Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку, заспяваў вясёлую песеньку аб простых дзіцячых радасцях “Бібіка”, Дзіяна Фядотава, якая выхоўваецца ў гэтай жа школе, выканала энергічную песню — гімн маладосці і юнацкаму запалу “Патанцуем, пагарэзнічаем”, песня Настассі Радчук, навучэнкі Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, “Гэты адвечны механізм” была прысвечана першым рамантычным пачуццям. У сваіх выступленнях дзеці ўзнімалі і адвечныя, глабальныя, філасофскія тэмы: любоў да радзімы, мір, дабрыня, талерантнасць, сэнс жыцця.

На сцэне была прадстаўлена разнастайная палітра жанраў. Акрамя традыцыйных вакальных, інструментальных, харэаграфічных твораў, дэкламавання вершаў і дэфіле тэатра мод, дзеці паказалі нават цыркавое выступленне і нумары арыгінальнага жанру. “Цыркавую мазаіку” прадставілі на сцэне ўдзельнікі калектыву-спадарожніка ўзорнай цыркавой студыі “Сонейка” Кобрынскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната. Пантаміма “Жыццё як адзін дзень” тэатра пантамімы “Спадарожнік” спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 13 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска была надзвычай глыбокай па сэнсе. У сваіх выступленнях дзеці нярэдка звярталіся да народных вытокаў, як, напрыклад, творчы калектыў “Крынічка” Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху ў танцавальнай кампазіцыі “Душачка”. Цікава адлюстравалі ў сваім выступленні народныя традыцыі ўдзельнікі тэатра мод Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення: яны паказалі калекцыю “Каляндар народных свят і абрадаў”, дзе кожны ўбор сімвалізаваў пэўнае свята.

Дзеці паказалі, што, не забываючыся пра свае карані, ідуць у нагу з часам, былі ў праграме канцэрта і арыгінальныя сучасныя нумары. Так, напрыклад, удзельнікі аб’яднання “Танцавальны калейдаскоп” Віцебскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху танцавалі ў стылі хіп-хоп. А ўдзельнікі з Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната чыталі рэп. Дарэчы, песню “Вечная памяць”, прысвечаную героям Вялікай Айчыннай вайны, адзін з яе выканаўцаў, Яўген Гараднічук, напісаў сам. Другая песня, якую Яўген выконваў у дуэце з Міхаілам Супрунчыкам, усхваляла іх родную Жабінку і проста ўзарвала залу, стала хітом. Верагодна, да канца змены яе вывучаць усе ўдзельнікі фестывалю .

Не абышлося мерапрыемства і без узнагарод. Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі былі адзначаны ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за высокую якасць падрыхтоўкі і правядзення абласнога этапу фестывалю і ўпраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама за высокую якасць выставы выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці абласнога этапу “Вясёлкавага карагода”.

Падводзячы вынікі XI Рэспубліканскага фестывалю “Вясёлкавы карагод”, старшыня журы Антаніна Міхайлаўна Змушко, начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі, адзначыла:

— Сёлета мы ўбачылі надзвычай высокі ўзровень на канцэртах у кожнай вобласці і горадзе Мінску. Парадавала разнастайнасць выступленняў, дасканалае афармленне сцэны, цудоўныя касцюмы. Можна сказаць, што пакаленні дзяцей і педагогаў выраслі за гады існавання “Вясёлкавага карагода”, і сам фестываль расце.

Антаніна Міхайлаўна падкрэсліла, што з кожным разам фестываль становіцца ўсё больш яскравым, узровень выступленняў павышаецца. Усё глыбейшым становіцца разуменне таго, якое вялікае значэнне мае фестываль для ўдзельнікаў і соцыуму. Для дзяцей, што выходзяць на сцэну, гэта магчымасць самарэалізавацца, праявіць сваю індывідуальнасць, а для грамадства гэта магчымасць іх пачуць, убачыць і прыняць.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *