Мы адны спяваем песні

- 12:06Культура

Фестываль-конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні “Дзве сястры — Беларусь і Расія” прайшоў у Віцебску

Удзельнікамі мерапрыемства, прысвечанага Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, сталі выканаўцы і творчыя калектывы з дзвюх краін. На працягу трох дзён дзеці дэманстравалі сваё майстэрства ў намінацыях “Эстрадны вакал”, “Народныя спевы”, “Акадэмічныя спевы”. Пераможцы ў кожнай з намінацый вызначаліся па трох узроставых групах: 7—9,
10—13 і 14—18 гадоў. Традыцыйная абавязковая ўмова конкурсу — удзельнік павінен прадставіць дзве кампазіцыі рускага і беларускага аўтара. Акрамя конкурснай, удзельнікам была прапанавана цікавая культурна-забаўляльная праграма, якая ўключала экскурсіі па Віцебску з наведваннем галоўных славутасцей і знакавых месцаў абласнога цэнтра.
— Мы, старэйшае пакаленне, выраслі ў адной краіне. І мы стараемся адчуванне еднасці, роднасці перадаць моладзі, таму што толькі ў саюзе наша сіла. Вельмі хочацца, каб дзеці Беларусі і Расіі сябравалі і прыязджалі ў госці да сваіх сяброў. Гэта, напэўна, самае галоўнае — каб дзеці ўсёй планеты былі дружныя. Тады мы з вамі можам быць упэўненымі, што будучыня будзе мірнай, — падзялілася думкамі дырэктар Палаца творчасці дзяцей і моладзі Віцебска Ларыса Мішурная. — Вяртаючыся да фестывалю: ёсць пэўны этап, калі конкурс набірае моц. І нам вельмі радасна канстатаваць, што сёлета была зарэгістравана максімальная за 6 гадоў колькасць заявак, асабліва ў сярэдняй узроставай групе.
Арганізатарамі творчай сустрэчы выступаюць Палац творчасці дзяцей і моладзі Віцебска, Віцебская гарадская арганізацыя Беларускага саюза жанчын і турыстычная фірма “Ілва”.
— Мы прыязджаем на фестываль штогод, і заўсёды ўражанні самыя добрыя, — расказаў дырэктар Дома дзіцячай творчасці Рудні Смаленскай вобласці Канстанцін Ністратаў. — Такія фестывалі абавязкова павінны праводзіцца. Менавіта праз знаёмства з равеснікамі, веданне культуры народа-суседа да дзяцей прыходзіць перакананне: у расіян і беларусаў агульныя карані, агульнае сёння і заўтра. Я сам родам з Беларусі, там жывуць мае бацькі — і такіх прыкладаў наймацнейшай узаемасувязі на прасторы Саюзнай дзяржавы безліч.
Фестываль штогод праводзіцца з мэтай раскрыцця і падтрымкі маладых талентаў. Ён таксама закліканы спрыяць умацаванню добрасуседскіх адносін паміж моладдзю Беларусі і Расіі, развіццю двухбаковага культурнага абмену, прапагандаваць лепшыя ўзоры музычнай культуры нашых краін.
— Шосты год праводзіцца наш фестываль-конкурс, — адзначыў старшыня журы дацэнт кафедры музыкі педагагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Валерый Дамарацкі. — Межы яго пашыраюцца, сёлета практычна ўся Беларусь, акрамя хіба што Гомеля і Гомельскай вобласці, прадставіла ў Віцебску сваіх выканаўцаў. Паступова пашыраецца геаграфія, павялічваецца колькасць удзельнікаў з Расіі — у асноўным гэта нашы суседзі і сябры са Смаленскай вобласці. Прыкметна расце і выканаўчы ўзровень выступленняў канкурсантаў — гэта тычыцца як артыстычнага майстэрства, так і касцюмаў, харэаграфічнага афармлення нумароў. Прыемна здзівіла, што сёлета гран-пры заваяваў не прадстаўнік школы мастацтваў, а навучэнка звычайнай агульнаадукацыйнай школы. Сваім талентам і непаўторным артыстызмам, шчырасцю і абаяльнасцю Валерыя Купцова пакарыла сэрцы і журы, і гледачоў. Вельмі парадавалі калектыў з Горак Магілёўскай вобласці і віцябчане. Асобна хочацца падкрэсліць значэнне падобных творчых сустрэч напярэдадні
70-годдзя Вялікай Перамогі. Веданне гісторыі і песень ваенных гадоў і сучасных, але прысвечаных падзеям мінулай вайны (а іх было багата ў рэпертуары юных выканаўцаў), надзвычай важнае для патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.