Мы бачым не толькі праблемы, але і эфектыўныя шляхі іх вырашэння

- 10:47Суразмоўца

Прафесарскі сход БДУ нядаўна абраў новы склад прэзідыума. Нагадаем, што ён быў створаны ва ўніверсітэце ў 2012 годзе, і ў першым пасяджэнні прынялі ўдзел каля 300 прафесараў і дактароў навук. Такой колькасці выкладчыкаў з вучонай ступенню і вучоным званнем няма, напэўна, ні ў адной іншай установе вышэйшай адукацыі нашай краіны. Таму прафесарскі сход БДУ — гэта сапраўды вельмі важная і значная частка калектыву ўніверсітэта, якая валодае ўнікальнымі кампетэнцыямі, высокім прафесійным патэнцыялам і безумоўным маральным аўтарытэтам.
Мы сустрэліся з новым старшынёй прафесарскага сходу, загадчыкам кафедры філасофіі і метадалогіі навукі, доктарам філасофскіх навук, прафесарам Анатолем ЗЕЛЯНКОВЫМ.

— Анатоль Ізотавіч, нядаўна быў абраны новы склад прэзідыума прафесарскага сходу. Ці значыць гэта, што навукова-педагагічная грамадскасць БДУ таксама возьме новы курс у сваёй дзейнасці?
— Найбольш важнымі напрамкамі дзейнасці мінулага складу прэзідыума з’яўляліся аптымізацыя кіраўнічых структур БДУ, актыўнае ўзаемадзеянне з навуковымі інстытутамі і цэнтрамі НАН Беларусі, сацыяльная абарона прафесарска-выкладчыцкага складу. Згодна з прынцыпам пераемнасці, гэтыя напрамкі дзейнасці застаюцца важнымі і зараз. Зрэшты, гэта не азначае, што мы не бачым новых праблем і эфектыўных метадаў іх вырашэння.

— І якія праблемы прафесарскі сход бярэцца вырашаць сёння?
— Сярод праблем, якія характэрны для нашай краіны ў цэлым, я назваў бы беспрэцэдэнтную камерцыялізацыю вышэйшай адукацыі, паніжэнне ўзроўню падрыхтоўкі студэнтаў-платнікаў, бюракратызацыю і неапраўданую цэнтралізацыю адукацыйнай сферы, стварэнне грувасткай і пры гэтым неэфектыўнай сістэмы фармальнай справаздачнасці, значнае зніжэнне сацыяльнага статусу навуковага супрацоўніка, выкладчыка вышэйшай школы і неадэкватна малая аплата іх працы. Усе гэтыя праблемы ў той ці іншай меры праяўляюцца ў нашым універсітэце. Менавіта таму яны і будуць вызначальнымі ў дзейнасці новага складу прэзідыума прафесарскага сходу на найбліжэйшую перспектыву.

— Адной з праблем, якая стварае перашкоды на шляху якаснай адукацыі, з’яўляецца масавасць вышэйшай школы. Як да гэтага ставіцца прафесарскі сход?
— Тое, што сёння Беларусь уваходзіць у пяцёрку лідараў еўрапейскіх краін па колькасці студэнтаў на 100 тысяч насельніцтва, з аднаго боку, факт прыемны. У той жа час масавая адукацыя стварае значную нагрузку на вышэйшую школу. Праблемы селекцыі і адбору вырашаюцца ўжо не так, як гэта было 20—30 гадоў назад, і мы з практыкі ведаем, што ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў значна знізіўся. Ёсць сярод іх і такія, хто не здольны адолець універсітэцкую праграму, асабліва па матэматыцы і фізіцы, ды і па гуманітарных навуках. Што да філасофіі, то недастатковы ўзровень падрыхтоўкі тут вельмі адчувальны.
Асабіста я бачу выйсце ў дыферэнцыяцыі адукацыйных праграм. У нас павінны быць праграмы, арыентаваныя на акадэмічныя стандарты, дзе падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з жорсткім стандартам вышэйшай адукацыі. У той жа час некаторая частка студэнтаў (асабліва платнікі) магла б працаваць па іншых праграмах, якія не маюць акадэмічнай накіраванасці, а проста павышаюць іх інтэлектуальны ўзровень. Дыферэнцыяцыя праграм, на мой погляд, павінна служыць развіццю найважнейшых стратэгічных ліній у адукацыі ва ўмовах масавасці.

— Камерцыялізацыя таксама аб’ектыўная тэндэнцыя. Мы разумеем, што бюджэт, які выдзяляецца на адукацыю, вельмі напружаны і існуе дэфіцыт сродкаў. Таму здаецца, што другога выйсця, акрамя як развіваць камерцыйную адукацыю, не існуе. Ці з’яўляецца БДУ выключэннем?
— Маштабы камерцыялізацыі выклікаюць асцярогу і ў нашым універсітэце. На некаторых гуманітарных факультэтах колькасць платнікаў перавышае 75%, хаця ў прыродазнаўчанавуковай, тэхнічнай сферы гэта не настолькі выяўлена.
Трэба сказаць, што кожны факультэт мае свае асаблівасці камерцыялізацыі, і мы маем намер старанна вывучаць усе адрозненні. Крыніцай інфармацыі могуць стаць нашы сустрэчы з прафесарскай супольнасцю, а таксама з членамі саветаў факультэтаў, з прадстаўнікамі моладзі. Такім чынам, мы зможам непасрэдна даведацца аб асаблівасцях камерцыялізацыі на розных факультэтах.

— Ва ўмовах дамінавання фармальна-бюракратычнага кіравання вышэйшай адукацыяй цяжка дабіцца пераўтварэнняў…
— Сапраўды, мы працуем ва ўмовах вельмі моцнай цэнтралізацыі кіравання вышэйшай адукацыяй. Гэтая цэнтралізацыя, як і любая іншая, не заўсёды эфектыўная, асабісты погляд часта не бярэцца пад увагу.
Сёння ў кіраванні відавочна пераважаюць фармальныя тэхналогіі. Выкладчыкі стогнуць ад вялікай колькасці папяровай работы, справаздач і іншага кантролю, пры гэтым з поля зроку часта выпадае змест самой адукацыі. Мы збіраемся правесці першасны аналіз і даць свае рэкамендацыі, ад якіх дакументаў універсітэту можна адмовіцца ўжо сёння, а якія пачакаюць.

— Чаму, на вашу думку, павінны прыслухацца да голасу прафесараў?
— Трэба разумець, што прафесарскі сход — гэта своеасаблівы інстытут адукацыйнага грамадства, а не структура выканаўчай улады. Мы не валодаем тымі паўнамоцтвамі, рэсурсамі і кампетэнцыямі, якімі валодае рэктарат, дэканаты і іншыя структуры кіравання на факультэтах. У нас няма іх магчымасцей, зрэшты, мы на іх і не прэтэндуем. Сваёй стратэгічнай перспектывай лічым наладжванне выніковага дыялогу паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю, бо сёння мы сутыкаемся з такімі выклікамі, якія нельга вырашыць толькі дзяржаўнымі рэсурсамі. Абавязкова патрэбны зацікаўленасць, ініцыятыва і інтузіязм людзей. Іх добрыя памкненні павінны быць аформлены ў інстытуты грамадзянскай супольнасці.
У БДУ фармальна існуе нямала грамадскіх арганізацый, але прафесарскі сход вылучаецца з ліку іншых. Прафесары валодаюць высокімі прафесійнымі кампетэнцыямі, і іх меркаванні павінны быць пачуты.
Мы лічым рэалістычнай падрыхтоўку сіламі прафесарскага сходу штогадовага аналітычнага даклада рэктару БДУ, у якім найбольш актуальныя для ўніверсітэта праблемы і магчымыя шляхі іх вырашэння будуць прадстаўлены з пазіцыі прафесарскай супольнасці. Спадзяёмся, што канструктыўная зваротная сувязь стане дадатковым рэсурсам у агульных намаганнях усяго ўніверсітэцкага калектыву.

— Апошнім часам усё больш адчувальнай становіцца неадэкватная аплата працы прафесарска-выкладчыцкага складу. Як прафесарскі сход будзе вырашаць гэтую праблему?
— Сёння дэфіцыт сродкаў вельмі актуальны тэзіс. Тым не менш калі мы хочам павышаць якасць адукацыі, варта падумаць, як можна павысіць заработную плату выкладчыкам універсітэта. Нашы папярэднікі выступілі з ініцыятывай заканадаўча аформіць павышэнне пенсій для выкладчыкаў, прафесараў і дактароў навук. Яны дабіваліся таго, каб надбаўкі да заработнай платы, якія сёння выплачваюцца за вучоную ступень і вучонае званне прафесарам, захаваліся і ў дачыненні да пенсіі. Былі напісаны адпаведныя звароты. Мы лічым сваім абавязкам дабівацца станоўчага рашэння па гэтай важнай ініцыятыве.

Ганна ЛАГУН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.