Мы будуем самую надзейную станцыю

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Беларусь будуе АЭС па правілах Еўрасаюза і МАГАТЭ, заявіў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, адказваючы на пытанне аб пазіцыі Літвы наконт будаўніцтва станцыі на форуме “Атамэкспа-2018” у Сочы.

“Мы адразу ўзялі за аснову правілы, якія існуюць у Еўрасаюзе і свеце па выкарыстанні ядзернай энергетыкі. Усе рэкамендацыі МАГАТЭ мы таксама ўзялі”, — адзначыў Уладзімір Сямашка.

Беларусь па методыцы Еўрасаюза правяла стрэс-тэсты атамнай электрастанцыі, каб ацаніць яе ўстойлівасць да знешніх уздзеянняў. Нацыянальны даклад аб выніках стрэс-тэстаў быў перададзены Еўрапейскай камісіі, дэлегацыя спецыялістаў у гэтым годзе наведала Беларусь, каб на месцы правесці кансультацыі. “Яны адзначылі, што мы вельмі адэкватна з імі размаўляем, адкрыта ўсё паказалі і расказалі”, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер. Чакаецца, што справаздача еўрапейскіх спецыялістаў будзе гатова ў канцы чэрвеня.

Уладзімір Сямашка таксама звярнуў увагу на тое, што ў час экспертных місій МАГАТЭ ў Беларусь спецыялісты вылучылі паспяховыя беларускія практыкі ў галіне развіцця атамнай энергетыкі, якія рэкамендавана ўкараняць і іншым краінам. Паводле слоў віцэ-прэм’ера, Беларусь у першую чаргу зацікаўлена бяспечнай эксплуатацыяй АЭС.

“Мы будуем самую надзейную станцыю”, — рэзюмаваў Уладзімір Сямашка.

Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення 3+ паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі — у 2020-м.
Уладзімір Сямашка таксама адзначыў, што ў Беларусі пасля запуску АЭС будуць імкнуцца да зніжэння тарыфаў на электраэнергію для рэальнага сектара эканомікі, аднак многае будзе залежаць ад дамоўленасцей з Расіяй па газе.

Сёння насельніцтва аплачвае каля 85% затрат на спажываемую электраэнергію. Стаіць задача на працягу 2 гадоў выйсці на поўную аплату, але гэта будзе па меры росту заработнай платы і пенсій. Па ацяпленні насельніцтва аплачвае 16,8% затрат, задача выйсці на 100% цяпер не ставіцца. “У шэсць разоў павысіць цэны — хто вытрымае? Нават заможныя людзі або з сярэднім дастаткам не змогуць. Мы такую задачу і не ставім у найбліжэйшы час”, — растлумачыў віцэ-прэм’ер.

У рэальным сектары эканомікі трэба ісці да зніжэння тарыфаў — хаця б да 10 цэнтаў за 1 кВт. гадз (цяпер 11 цэнтаў за 1 кВт. гадз). А ў перспектыве Беларусь будзе старацца прывесці тарыфы на электраэнергію да ўзроўню дзеючых у Расіі.

Віцэ-прэм’ер разлічвае, што сабекошт вытворчасці электраэнергіі будзе зніжацца, гэта ўжо цяпер можна ба-чыць на прыкладзе новых станцый. З уводам АЭС выпрацоўка ўласнай электраэнергіі будзе абыходзіцца Беларусі яшчэ танней, упэўнены ён.