Мы чуем у крыках жураўлёў…

- 17:09Нам пішуць

Як і кожны год, напярэдадні Дня Перамогі ў нашым аграгарадку Доцішкі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці ля абеліска прайшоў мітынг “У бітве за Беларусь”. Прысутнічалі вучні і педагогі нашай школы, жыхары вёскі.

Святочнае мерапрыемства адкрыла старшыня сельскага выканаўчага камітэта Вольга Сцяфанаўна Мураўская. На мітынгу гучалі словы ўдзячнасці пакаленню, на якое лёг страшны цяжар вайны. Гучалі песні, вершы з вуснаў праўнукаў у адрас прадзедаў.

Па добрай традыцыі 23 вучні 4 класа былі прыняты ў піянеры. 15 навучэнцаў атрымалі білет члена Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, а таксама кнігі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.

 Толькі ад маладога пакалення залежыць будучыня нашай краіны. Моладзь заўсёды павінна памятаць, якой цаной дасталася гэтая Перамога.

Завяршыўся ўрачысты мітынг ускладаннем кветак да помніка. Пасля мітынгу — канцэрт “Памяць праз гады”, прысвечаны Дню Перамогі, падрыхтаваны педагогамі і вучнямі Доцішскай сярэдняй школы сумесна з работнікамі сельскага Дома культуры.

Удзячная памяць пра ветэранаў будзе жыць у стагоддзях. Жадаем ветэранам моцнага здароўя, бадзёрасці духу і шчасця толькі пад мірным небам!

Аксана АНДРУКОНІС,
педагог-арганізатар Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.