Аляксандр Лукашенка: “Мы гатовы і далей супрацоўнічаць з дзяржавамі — членамі ў развіцці саюзніцкіх адносін ва ўсіх сферах забеспячэння міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі”

- 10:29Інфармацыйная гадзіна

Лідары краін АДКБ на пасяджэнні ў вузкім складзе дамовіліся аптымізаваць Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якое праходзіла ў Душанбэ.

“Мы дамовіліся, што, калі трэба, падкарэкціруем у бліжэйшы час нашы статутныя дакументы і аптымізуем нашу арганізацыю. Прычына гэтага — сітуацыя, якая абвастраецца на граніцах вакол дзяржаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Значыць, гэтая арганізацыя становіцца самай запатрабаванай арганізацыяй на постсавецкай прасторы”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, агульнымі для ўсіх краін-саюзніц застаюцца знешнія рызыкі і пагрозы. “Выклікаюць асцярогі ўзрастаючы ўзровень экстрэмізму, уплыў міжнародных тэрарыстычных груповак. Сёння мы сутыкаемся з эскалацыяй напружанасці ў зонах тлеючых канфліктаў, адкрытымі ваеннымі дзеяннямі і з’яўленнем новых ачагоў нестабільнасці, у тым ліку паблізу нашых граніц. Як вынік — гібель людзей, разбурэнне дзяржаў, збядненне народаў і беспрэцэдэнтныя патокі бежанцаў і нелегальных мігрантаў”, — канстатаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў час сустрэчы ў вузкім складзе прэзідэнты комплексна разгледзелі найбольш важныя напрамкі развіцця АДКБ і скарэкціравалі планы работы на будучыню.
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адзначыў, што ў бліжэйшы час трэба нарасціць некаторыя элементы ваеннага складніка, а менавіта вызначыцца з рэгіянальнымі сістэмамі ППА, міратворчымі сіламі.
“Сёння пры планаванні далейшай работы арганізацыі трэба зыходзіць з існуючых рэсурсаў, ставіць максімальна канкрэтныя задачы, якія вынікаюць з рэальнай ацэнкі знешніх і ўнутраных пагроз”, — падкрэсліў беларускі лідар.
На думку Прэзідэнта Беларусі, паскорыўшы работу над Стратэгіяй калектыўнай бяспекі, АДКБ зможа забяспечыць фарміраванне адзіных поглядаў на абарону сваіх інтарэсаў. “Укараненне агульных стандартаў абароннай прадукцыі, аснашчэнне воінскіх кантынгентаў АДКБ уніфікаваным узбраеннем і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем дадуць магчымасць значна ўмацаваць ваенны патэнцыял арганізацыі”, — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён са шкадаваннем заўважыў, што па гэтых пытаннях апошнім часам мы шмат гаворым, але мала чаго зрабілі. Аляксандр Лу-кашэнка лічыць, што кіраўнікі дзяржаў павінны няўхільна і бездакорна выканаць абавязацельствы, узятыя на сябе ў гэтай частцы, асабліва наконт аснашчэння.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што патрэбны і прадуманыя дыпламатычныя меры. Паводле яго слоў, пашырэнне ўзаемадзеяння з вядучымі рэгіянальнымі і міжнароднымі структурамі па бяспецы павінна быць адным з асноўных сродкаў у нарошчванні патэнцыялу АДКБ як аўтарытэтнай арганізацыі, у павышэнні ўзроўню даверу і зніжэнні напружанасці ў рэгіёне і цэлым свеце.
Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў бягучым годзе даволі эфектыўна прадоўжана каардынацыя знешнепалітычнай дзейнасці арганізацыі, што ў асноўным тычыцца работы Савета міністраў замежных спраў. Акрамя таго, адпрацаваны пытанні прымянення Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання, аказана ваенная падтрымка саюзнікам матэрыяльнымі і іншымі сродкамі, дадаткова прапрацоўваюцца на міждзяржаўным узроўні механізмы сумеснага процідзеяння новым выклікам і пагрозам.
Прэзідэнт Беларусі пажадаў поспехаў Арменіі, якая прымае эстафету старшынства ў арганізацыі, і пацвердзіў прыхільнасць Беларусі да мэт і прынцыпаў Дагавора аб калектыўнай бяспецы. “Мы гатовы і далей супрацоўнічаць з дзяржавамі — членамі ў развіцці саюзніцкіх адносін ва ўсіх сферах забеспячэння міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі”, — падкрэсліў беларускі лідар.