Мы і космас

- 11:41Навіны рэгіёнаў

Сёлета аматары космасу адзначаюць дзве знакавыя даты — 75-годдзе двойчы Героя Савецкага Саюза лётчыка-касманаўта У.В.Кавалёнка і 40-годдзе з дня яго першага палёту ў космас. Асабліва значнымі гэтыя падзеі лічаць жыхары Крупскага раёна, бо Уладзімір Васільевіч — іх зямляк. Школьнікі рэгіёна праяўляюць цікавасць да касмічнай тэматыкі: ствараюць даследчыя і творчыя работы, бяруць удзел у рабоце аэракасмічнай школы. Да юбілейных дат у раёне рэалізоўваецца праект “Мы і космас”, які прадугледжвае шэраг тэматычных мерапрыемстваў.

У рамках праекта ва ўстановах адукацыі раёна прайшлі конкурс малюнкаў “Космас і мы”, конкурс твораў юных паэтаў і празаікаў “Земляку прысвячаецца”, віктарына “Знаўцы космасу”. Значную ролю ў рэалізацыі мерапрыемстваў праекта адыгрывае раённы эколага-патрыятычны клуб “Спадчына” пад кіраўніцтвам педагога Крупскай раённай гімназіі Міхаіла Міхайлавіча Рогава.

Клуб “Спадчына” падрыхтаваў для навучэнцаў устаноў адукацыі Крупак інтэрактыўны марафон “Чалавек і космас”. Ён прайшоў на базе сярэдняй школы № 1 імя У.М.Марцінкевіча і аб’яднаў навучэнцаў 7—11 класаў. Удзел у марафоне бралі па дзве каманды ад дзвюх гарадскіх школ і гімназіі. Мерапрыемства праводзілася ў фармаце перадачы “Свая гульня”. Удзельнікі адказвалі на пытанні па тэмах “Гісторыя і космас”, “Глыбокі космас”, “Сонечная сістэма”, “Асваенне космасу”. Самай цікавай і незвычайнай для іх аказалася тэма “Гукі космасу”: навучэнцам прапаноўвалася праслухаць розныя гукі, запісаныя ў космасе тэлескопамі НАСА і касмічнымі караблямі, і здагадацца, што можа так гучаць. Першае месца па выніках спаборніцтва заняла каманда Крупскай раённай гімназіі, другое і трэцяе — дзве каманды з сярэдняй школы № 1.

Асаблівай падзеяй стала сустрэча школьнікаў з Уладзімірам Васільевічам Кавалёнкам. Ён наведаў Крупскую раённую гімназію, дзе адказаў на пытанні навучэнцаў. Пытанні яму задавалі не толькі хлопцы і дзяўчаты з Крупак, але і школьнікі з Башкартастана. Быў арганізаваны тэлемост з навучэнцамі гімназіі № 93 Уфы. Касманаўт параіў хлопцам і дзяўчатам няўхільна ісці да сваёй жыццёвай мэты і памятаць, што мары здзяйсняюцца.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 1 імя У.М.Марцінкевіча Крупак.