“Мы ідзём да цябе, Беларусь!”

Часовая экспазіцыя “Мы ідзём да цябе, Беларусь!”, прымеркаваная да 75-годдзя пачатку вызвалення Беларусі, адкрылася 23 лістапада ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта расказала загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Святлана Прыбыш.

“Экспазіцыя складаецца з дзвюх вялікіх частак. У першай прадстаўлены маляўнічыя палотны і графіка з нашых калекцый, якія ствараюць вобраз воіна-вызваліцеля, дапамагаюць убачыць чалавека на вайне, уявіць байцоў і камандзіраў, якія 75 гадоў назад пачалі цяжкі шлях да поўнага вызвалення Беларусі. У вітрынах можна ўбачыць прадметы з калекцый музея: салдацкія шынялі, боты, рэчмяшок, каску, кацялок, пляшку і іншыя, якія дапаўняюць вобраз воіна-вызваліцеля. Другая частка выставы будуецца на апавяданні аб канкрэтных героях, подзвігах, баях, можна прасачыць гісторыю пачатковага перыяду вызвалення Беларусі. У прыватнасці, вылучаны такія раздзелы, як “Героі Дняпра. Фарсіраванне Дняпра і пачатак вызвалення”, “У баях на плацдармах. Вызваленне Гомельшчыны”, “Процістаянне. Вызваленне Віцебшчыны і Магілёўшчыны”, — сказала Святлана Прыбыш.

Адзін з раздзелаў экспазіцыі будзе прысвечаны памяці аб загінулых. “Акрамя таго, выбудаваны своеасаблівы кампазіцыйны цэнтр пад назвай “Дом беларуса” — менавіта гэты дом, які сімвалізуе ўсю краіну, прыйшлі вызваліць савецкія воіны”, — адзначыла загадчыца аддзела.

Назва часовай экспазіцыі ўзята з загалоўка франтавой газеты 1943 года. “Яна гаворыць пра першыя крокі, якія былі зроблены па вызваленні Беларусі, калі воіны-вызваліцелі толькі пачалі баі ва ўсходніх раёнах краіны. Вызваленне Беларусі — значная старонка ў гісторыі нашай дзяржавы. Экспазіцыя “Мы ідзём да цябе, Беларусь!” з’яўляецца данінай памяці ветэранам, усяму ваеннаму пакаленню і адначасова зваротам да моладзі, нашчадкаў вызваліцеляў”, — падкрэсліла Святлана Прыбыш.

Часовая экспазіцыя будзе працаваць у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з 23 лістапада па 27 студзеня 2019 года.