Мы маем права быць рознымі

Днямі ў мінскім кінатэатры “Беларусь” прайшла прэзентацыя цыкла тэлеперадач “Кожны мае права быць розным”, якія былі створаны Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Рэспублікі Беларусь, тэлестудыяй “Новы горад” сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і з прадстаўніцтвам Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь.

У межах праекта створаны 21 дакументальны фільм цыкла “Бязмежныя людзі” аб дзецях з парушэннямі развіцця, якія дасягнулі поспехаў у мастацкай творчасці, спорце, вучобе і іншых сферах жыцця. Дваццаць адзін лёс, дваццаць адзін штодзённы подзвіг дзяцей і іх бацькоў, дваццаць адно асаблівае шчасце. У цэнтры кожнай стужкі — дзіця і яго сям’я. Праз фільмы мяркуецца прыцягнуць увагу грамадства да праблем сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, сфарміраваць пазітыўныя адносіны да іх. Стваральнікі фільмаў зблізілі два пакуль далёкіх і вельмі розных спектры — свет здаровых людзей і свет людзей з асаблівасцямі.

Героі аднаго з фільмаў Таццяна Токарава разам з сынам АнтонамПадчас прэзентацыі прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Юрый Аксамітны падкрэсліў: “Вельмі важна, каб кожнае дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымлівала роўную ўвагу і роўныя магчымасці для таго, каб стаць паўнапраўным грамадзянінам сваёй краіны. У фільмах расказваецца аб дзецях, якія, нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, пераадольваюць іх і праяўляюць сябе ў музыцы, літаратуры, маляванні. Імі могуць ганарыцца не толькі бацькі, але і грамадства, яны з’яўляюцца цудоўным прыкладам для іншых, такіх самых, як яны. Гэтыя фільмы — чарговы этап грамадскага руху ў падтрымку дзяцей з асаблівасцямі, і адзін з кірункаў гэтага руху — ініцыятыва па фарміраванні безбар’ернага асяроддзя, да якой ужо далучыліся многія гарады нашай краіны. Прычым гаворка ідзе пра фарміраванне безбар’ернага асяроддзя не толькі ў прамым (фізічным) сэнсе, але і ў псіхалагічным. Фільмы ўбачаць прадстаўнікі ўрада, парламента, няўрадавых арганізацый, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, з якімі наша арганізацыя супрацоўнічае ў пытаннях паляпшэння жыцця дзяцей з асаблівасцямі, стварэння спрыяльных умоў для іх. Гэта дапаможа аб’яднацца ўсім, хто мае дачыненне да вырашэння гэтых важных пытанняў, хто жадае чымсьці дапамагчы такім дзецям”.
“Творчы праект “Кожны мае права быць розным” адзін з тых, што здольны кансалідаваць грамадства, — падкрэсліў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык. — На працягу 15 гадоў у нашай краіне развіваецца сістэма інтэграванага навучання. Апошнім часам мы ўсё часцей уключаем у навучальны працэс элементы інклюзіўнай адукацыі, якія забяспечваюць роўныя магчымасці пры атрыманні адукацыі ўсім дзецям. Але, канечне, праблема неадэкватнага стаўлення да асаблівых дзяцей яшчэ не вырашана. Прыцягваючы ўвагу людзей да яе, мы далей ідзём па шляху інтэграцыі такіх дзяцей у грамадства, іх сацыялізацыі”.
Стваральнік фільмаў — дырэктар тэлестудыі “Новы горад” Людміла Канаплянік сказала: “Мы хацелі паказаць “бязмежнасць” дзяцей з абмежаваннямі, іх таленты, асяроддзе, у якім яны знаходзяцца, прычым з пазітыўнага боку. Асуджаць лёгка, а знайсці тое, за што можна пахваліць, чаму можна парадавацца — вялікая справа. Першая арганізацыя, куды мы звярнуліся з ідэяй стварэння фільмаў — прадстаўніцтва ААН ЮНІСЕФ і, канечне, нас падтрымалі. Я ўдзячна ўсім супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі, якія адобрылі наш праект. Кожны фільм — гэта вялікая работа, пачынаючы ад задумкі да саміх здымак. Нам хацелася паказаць дзяцей так, каб гледачы ганарыліся імі, каб змаглі чаму-небудзь павучыцца ў іх. Пры зносінах з імі мы станавіліся лепшымі, атрымоўвалі самыя высокія пачуцці, якіх раней нават не ведалі. Любоў і цярпенне, тое, што, перш за ўсё, неабходна людзям з абмежаванымі магчымасцямі, сапраўды могуць тварыць цуды”.

На прагляд фільмаў прыйшлі юныя героі-акцёры разам са сваімі бацькамі і сябрамі. Сярод іх Маргарыта Бекцінеева. Дзяўчынцы 8 гадоў, яна навучэнка 1 класа спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 188 Мінска. Рыта спявае і іграе на фартэпіяна. Шмат разоў прымала ўдзел у конкурсах і канцэртах. У яе вялікая і дружная сям’я, ёсць брацік і сястрычка. Цэнтрам жа сям’і з’яўляецца Маргарыта, яна прымусіла ўсіх паглядзець на наш свет па-іншаму. Дзяўчынка выканала прыгожы вальс, а бацькі цудоўна станцавалі пад яго.
Наступнай выступіла адзінаццацігадовая Крысціна Сульжыцкая, якая вучыцца ў 25-й сталічнай школе ў мастацкім класе. Яна ведае тэхніку валення, стварае керамічныя вырабы, захапляецца танцамі з 6 гадоў, займаецца адразу ў двух танцавальных калектывах — у студыі “Мандарын” і ў калектыве сучаснага эстраднага танца “Феерыя”, створаным на базе сярэдняй школы №30 Мінска. Дзяўчынка разам з удзельнікамі “Феерыі” прадставіла танцавальную кампазіцыю “Ад сэрца да сэрца”.
Сярод герояў фільма і Мгер Мінасян. Юнаку 21 год, ён іграе на сінтэзатары, займаецца ў працоўных майстэрнях і лічыць, што работа і занятасць вельмі важныя ў яго жыцці. Юнак робіць усё, каб ім ганарылася сям’я, яго хобі — спорт, а марыць ён стаць праграмістам. Публіка цёпла прыняла кампазіцыю Бетховена, якую выканаў юнак.
“Фільмы, якія мы сёння ўбачылі, выклікаюць у кожным чалавеку невядомыя дагэтуль пачуцці, дапамагаюць пазнаць сябе, яны шмат даюць грамадству, — адзначыла Наталля Бякава, 17-гадовая ўдзельніца фільма (яна вучыцца ў школе, добра валодае англійскай мовай, захапляецца тэатрам і ажыццяўляе рэабілітацыю праз танцы). — Я мару, каб у мяне былі такія ж правы і магчымасці для самарэалізацыі і асэнсавання сябе як асобы, як і ў іншых людзей”.
Яшчэ адна гераіня фільма — старшыня грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” — Алена Цітова (яна прыйшла на прагляд разам з сынам Дзмітрыем) адзначыла: “Наш свет выратуе не толькі прыгажосць, але і дакладная інфармацыя аб тым, што з намі адбываецца. Лічу, што грамадства нельга абвінавачваць у тым, што яно не хоча прымаць нашых асаблівых дзяцей, яно не можа гэта зрабіць з-за існуючых псіхалагічных перашкод, прабелаў у выхаванні. Трэба дапамагчы грамадству стаць іншым. Хацелася б, каб фільмы ўбачыла як мага большая колькасць людзей”.
Звяртаючыся да стваральнікаў фільмаў, старшыня дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Свет без межаў” Таццяна Паеўская сказала: “Вы змаглі адчыніць дзверы, якія былі зачынены вельмі доўга. Наша аб’яднанне працуе ў 10 дамах-інтэрнатах для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — там жывуць дзеці, якія не могуць пахваліцца тым, што ў іх ёсць мамы і таты. У фільмах яны ўбачылі, што такія ж, як яны, дзеці здолелі дасягнуць многага, а значыць, і ім такое па сіле. З фільмамі пазнаёміліся жыхары пасёлкаў, якія знаходзяцца непадалёк ад дамоў-інтэрнатаў. Многія з іх літаральна адкрылі для сябе людзей з асаблівасцямі”.
Каму яшчэ прысвечаны фільмы? Якія праблемы ўзнімаюцца ў іх? Гледачы даведаюцца пра гісторыю Таццяны Токаравай — старшыні “БелАДДІіМІ” Заводскага раёна Мінска, і яе сына Антона, у якога ДЦП і глухата. Калісьці ён займаўся танцамі на калясцы, а зараз яго галоўны занятак — фатаграфія. У яго атрымліваюцца ўнікальныя здымкі са своеасаблівым бачаннем свету, яго фотаработы прымаюць удзел у выставах, нават за мяжой.
Не пакідае абыякавым сюжэт фільма пра ўнікальнага хлопчыка Пашу Рашчынскага, які малюе пальцамі ног. З ім дома займаецца прафесійны мастак Уладзімір Шчаўкун. За грошы ад продажу работ на аўкцыёне хлопчык змог не толькі сам адпачыць на беразе мора, але нават звазіць усю сям’ю ў Ізраіль.
Гледачы пазнаёмяцца таксама з тэатрам “Адкрыццё”, акцёрамі якога з’яўляюцца асаблівыя дзеці, што маюць абмежаванні рухальнай актыўнасці, і тэатра “Сонечныя дзеці”, дзе акцёры — дзеці з сіндромам Даўна. Можна будзе ўбачыць сюжэт аб сумесным адпачынку асаблівых і здаровых дзяцей, пачуць гісторыі асобных сем’яў і ўпэўніцца, што дзяцей, якіх нельга навучыць, няма. Ёсць у фільмах кадры пра юных спартсменаў, якія маюць тыя ці іншыя абмежаванні, але, нягледзячы на гэта, удала працаўладкаваліся. У фільмах закрануты праблемы працаўладкавання дарослых людзей з асаблівасцямі і ў той жа час прыведзены прыклады ўдалага вырашэння гэтых праблем.

Надзея ЦЕРАХАВА.

terekhova@ng-press.by

Фота аўтара.