Мы малюем сонца

- 11:27Выхаванне

Прайшла толькі палова лета, а ў скарбонцы добрых спраў навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўжо не хапае месца. Летні перыяд выдаўся для іх гарачым і багатым на падзеі. Многія з навучальных устаноў гэтым летам дэманструюць новыя формы выхаваўчай работы і працоўнай занятасці навучэнскай моладзі.

Зусім нядаўна наша краіна святкавала 75-й гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэтым былі задзейнічаны навучэнцы і педагогі Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа. Яны прынялі ўдзел у тэатралізаванай дзеі “Беларусь гераічная”, спявалі Дзяржаўны гімн ля стэлы “Мінск — горад-герой”. На працягу некалькіх месяцаў выхаванцы ўстановы былі ўдзельнікамі маладзёжнага марафону, арганізаванага з нагоды юбілейнай даты. Кіраўнік практыкі педкаледжа С.С.Елісеева паведаміла, што гэты марафон з’яўляецца сумесным патрыятычным праектам БРСМ, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і ўяўляе сабой маштабную акцыю. Удзельнікамі праекта сталі актывісты грамадскіх арганізацый, прафсаюзны актыў, маладыя навукоўцы, спартсмены, дзеячы культуры, прадстаўнікі Узброеных Сіл, МУС, МНС, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і інш. У радах марафонцаў быў і Мінскі гарадскі педагагічны каледж.

Пачалося лета з яркай перамогі каманды каледжа ў гарадскіх турыстычных спаборніцтвах навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінска. Спаборніцтвы праходзілі ў лясным масіве Зялёнае Мінскага раёна і складаліся са спартыўнага арыентавання, тэхнікі пешаходнага і веласіпеднага турызму. Акрамя ўдзелу ў спартыўнай праграме спаборніцтваў, трэба было паказаць і турысцкія навыкі і побыт. Па выніках усіх этапаў турыстычных спаборніцтваў навучэнцы Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа занялі 1-е месца.

Летам будучыя выхавальнікі дзіцячых садкоў набіраюцца вопыту па арганізацыі забаўляльна-выхаваўчых мерапрыемстваў, вучацца новым педагагічным прыёмам у рабоце з дзецьмі. Прыкладам гэтага стала святкаванне дня моладзі ў Парку культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў. (Мерапрыемства праходзіла ў рамках святкавання 50-годдзя Першамайскага раёна сталіцы.) Святлана Станіславаўна Елісеева расказала, што свята было шматлюдным і маштабным. На яго прыйшло шмат мінчан, многія цэлымі сем’ямі, з маленькімі дзецьмі. Будучыя выхавальнікі арганізавалі для іх тэматычную інтэрактыўную зону, дзе самыя маленькія жыхары горада гулялі разам з навучэнцамі каледжа ў развіццёвыя дыдактычныя гульні, разыгрывалі спектаклі з героямі вядомых казак, займаліся LEGO-канструяваннем. Выкладчыкі педагагічнага каледжа арганізавалі майстар-клас па вырабе кветак з папяровых сурвэтак. Акрамя таго, навучэнцы і педагогі ўстановы сталі ўдзельнікамі акцыі “50 палымяных сэрцаў”. Выдатным завяршэннем мерапрыемства стала эстафета творчасці моладзі Першамайскага раёна сталіцы, дзе навучэнцы педагагічнага каледжа выступілі з музычнай праграмай “Я люблю цябе, Беларусь”.

Першакурснікі ўстановы ў якасці валанцёраў прынялі актыўны ўдзел у правядзенні інтэрактыўнага сямейнага свята “Падорым радасць дзецям”, якое прайшло ў Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Галоўная мэта свята — выхоўваць лепшыя якасці ў дзяцей, у гульнявай форме вучыць іх беражлівым адносінам да прыроды, фарміраваць у бацькоў і дзяцей культуру карыснага вольнага часу. Навучэнцы педагагічнага каледжа разам з дзіцячым развіццёвым цэнтрам “БэбиУм” забяспечвалі работу kids-зоны, і, мяркуючы па водгуках удзельнікаў, свята атрымалася. Першакурснікі прадэманстравалі выдатныя прафесійныя навыкі ў зносінах з дзецьмі, у прымяненні гульнявых тэхналогій на практыцы, у стварэнні святочнай атмасферы і арганізацыі карыснага і пазнавальнага адпачынку.

Сёлетняе лета стала пачаткам работы студэнцкага атрада педагагічнага каледжа “Рытм”.

— Будучы педагог — гэта прафесіянал, які развіваецца ў рытме з часам, мае актыўную грама­дзянскую пазіцыю, валодае сучаснымі тэхналогіямі навучання і выхавання, адточвае прафесійныя навыкі, — расказала Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая, дырэктар установы. — Для навучэнцаў нашага каледжа студэнцкі атрад — гэта не толькі лепшы спосаб цікава правесці летні час, але і ўнікальная магчымасць знайсці сцяжынку да сэрца дзіцяці, наладзіць з ім цесныя ўзаемаадносіны.

Студэнцкі атрад “Рытм” сфарміраваны з ліку лепшых, ініцыятыўных, творчых навучэнцаў Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа і дзейнічаў на базе Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лідар”. Ужо з першых дзён работы студатрадаўцы імкнуліся праяўляць ініцыятыву, твор­часць, прымяняць на практыцы атрыманыя прафесійныя веды, набываць вопыт у рабоце з дзецьмі. Як паведаміў камандзір атрада Аляксандр Мыслівец, работа ў студэнцкім атра­дзе стала сапраўднай праверкай гатоўнасці да самастойнай педагагічнай дзейнасці. І студатрадаўцы яе годна прайшлі. Студэнцкі атрад “Рытм” пастараўся зрабіць адпачынак дзяцей камфортным і  незабыўным.

Мінскі прафесійна-тэхнічны каледж чыгуначнага транспарту імя Я.П.Юшкевіча мае багаты вопыт у развіцці працоўнай занятасці сваіх навучэнцаў у час летніх канікул. Гэта пацвярджаюць і тыя ўзнагароды, якія атрымала навучальная ўстанова за гэтую дзейнасць. Так, у прыватнасці, сэрвісны атрад “Магістраль” стаў лепшым сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінска, якія былі задзейнічаны ў час працоўнага семестра.

Ганна Іванаўна Калоднікава, педагог-арганізатар Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа чыгуначнага транспарту, паведаміла, што працоўнае лета для выхаванцаў установы ў самым разгары. Работа па развіцці працоўнай занятасці навучэнскай моладзі з кожным годам удасканальваецца і разнастайваецца. Адзін са студэнцкіх атрадаў носіць ганаровае імя Р.У.Дольнікава, Героя Савецкага Саюза, былога навучэнца каледжа (у той час — ПТВ № 34). Р.У.Дольнікаў скончыў вучылішча перад самай вайной і амаль адразу пайшоў на фронт, дзе ваяваў на баявых самалётах. У каледжы шануюць памяць пра героя. У экспазіцыі музея каледжа знаходзяцца экспанаты пра жыццё і баявы подзвіг Рыгора Усцінавіча. Праводзяцца розныя мерапрыемствы, прысвечаныя Р.У.Дольнікаву, іншым абаронцам Айчыны.

Асаблівасцю развіцця працоўнай занятасці ў каледжы стала прыцягненне да працы ў час летніх канікул тых навучэнцаў, якія засталіся без апекі бацькоў, сірот, якім няма куды паехаць на лета і якія застаюцца жыць у навучэнскім інтэрнаце. Для такой катэгорыі навучэнцаў было акрэслена кола работы, якая звязана з дробным рамонтам вучэбнага корпуса каледжа, інтэрната, добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

З цягам часу прыйшло ўсведамленне, што трэба задзейнічаць у працоўным семестры і правядзенні карыснага лета іншых навучэнцаў, тым больш што і з іх боку гучала пажаданне папрацаваць у летні перыяд. Было вызначана некалькі кірункаў працоўнай занятасці. Так, наладжана ўзаемадзеянне каледжа з РУП “МінскЭнерга” і непасрэдна з летнім лагерам “Энергетык”, дзе адпачываюць дзеці работнікаў гэтай арганізацыі. Туды накіраваўся першы сэрвісны атрад. Навучэнцы сталі працаваць у лагеры дыджэямі, афіцыянтамі, грузчыкамі, прыбіральшчыкамі, работнікамі сталовай. У далейшым дзейнасць у працоўным семестры стала больш разнастайнай. Па ініцыятыве БРСМ каледжу было прапанавана супрацоўнічаць з сеткай магазінаў “Радзівілаўскі”. З гэтай мэтай былі створаны два атрады па 7 чалавек. Увайсці ў склад кожнага з іх было даволі цяжка. Трэба было прайсці кастынг і медыцынскую камісію. Адбіраліся лепшыя навучэнцы: актыўныя, адказныя, дысцыплінаваныя. Усе гэтыя якасці былі прадэманстраваны ў час работы ў гандлёвых кропках, дзе навучэнцы працавалі ў якасці  мерчандайзераў і кантралёраў 4 разрада. Ад пакупнікоў, кіраўніцтва гандлёвых кропак навучэнцы атрымалі толькі станоўчыя водгукі.

— Я вучуся ў каледжы на памочніка машыніста цягніка, — расказаў член сэрвіснага атрада Аляксандр Карман. — З задавальненнем працаваў у час канікул і ні разу не па­шкадаваў. Для мяне лета — гэта пара не толькі адпачынку, але і працы, калі можна зарабіць грошы, загартаваць свой характар, выха­ваць у сабе адказнасць, дысцыпліну, вытрымку, уменне працаваць у калектыве, знайсці новых сяброў. Усё гэта мне спатрэбіцца ў жыцці, у прафесійнай дзейнасці.

Кацярына Пятрэнка лічыцца прафесійным валанцёрам, мае сертыфікат дабрачыннага Таварыства Чырвонага Крыжа і некалькі гадоў запар удзельнічала ў працоўным семестры. Дзяўчына — выпускніца каледжа гэтага года, пачала працаваць правадніком у цягніку, але і цяпер з задавальненнем успамінае, як працавала прадаўцом, як старалася ветліва, добразычліва абслугоўваць пакупнікоў. Гэтыя якасці ёй сёння вельмі спатрэбіліся ў яе прафесіі, якая таксама скіравана на абслугоўванне грамадзян. Дзяўчына за кароткі час добра зарэкамендавала сябе ў новым калектыве.

Сёлета колькасць жадаючых папраца­ваць летам істотна павялічылася. Напрыклад, ста ць членамі атрада для работы ў сетцы магазінаў “Радзівілаўскі” выказалі жаданне 60 чалавек, а ўключылі ў атрад толькі  палову. Як бачна, конкурс складаў 2 чалавекі на месца. У пашырэнні папулярнасці працоўнай занятасці сярод навучэнцаў вялікае значэнне мае правядзенне ў каледжы акцый “Працаваць, каб расці”, “Выбіраем  студатрады” і інш. Там моладзь можа пазнаёміцца са студ­атрадаўскім рухам, з яго гісторыяй і сучасным жыццём, з лепшымі валанцёрамі, ацаніць шматлікія ўзнагароды, даведацца пра новыя маршруты працоўнай занятасці. У найбліжэй­шы час плануецца наладзіць сувязі з іншымі прадпрыемствамі горада, якія хацелі б у летні перыяд скарыстацца дапамогай навучэнцаў. І, безумоўна, поспех студатрадаўскага руху вызначаецца лідарскімі якасцямі, актыўнасцю і ініцыятыўнасцю педагогаў навучальнай установы, у першую чаргу намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Н.В.Панамарэнка і педагога-арганізатара Г.І.Калоднікавай.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Мая Радзіма: эстафета карысных спраў” у Барысаўскім дзяржаўным кале­джы арганізавана дабрачынная дзей­насць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, выхаванцаў Дома груднога дзіцяці, цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, састарэлых людзей, усіх тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, клопаце і ўвазе.

— Асаблівая ўвага педагагічнага калектыву каледжа ўдзяляецца рабоце з навучэнцамі-сіротамі, а таксама з тымі, хто застаўся без апекі бацькоў. Хочацца напоўніць душы гэтых падлеткаў любоўю, дабрынёй, суперажываннем, пачуццём адказнасці за агульную справу, спрыяць фарміраванню іх асобы, умацаванню характару, — расказала Алена Ула­дзіміраўна Гаўрыловіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце каледжа. — З гэтай мэтай арганізавана сістэмная валанцёрская работа, якой ахоплены і гэтыя навучэнцы. На працягу 10 гадоў у каледжы працуюць добраахвотніцкія атрады, у склад якіх уваходзяць валанцёры, маладыя людзі, якія здольны аддаваць часцінку сябе, свайго сэрца тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Клопат пра блізкага стаў ужо добрай прыкметай у жыцці навучэнцаў кале­джа. І сёння можна з упэўненасцю ска­заць, што ў Барысаўскім дзяржаўным кале­джы няма навучэнцаў, якія б не прынялі на сябе бескарыслівыя абавязкі.

Валанцёрства ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы — гэта мноства яркіх і незабыўных мерапрыемстваў, сярод якіх дабрачынныя акцыі ў гандлёвых кропках “Збяром партфель разам”, “Клопат пра дзяцей”, “Я малюю сонца”, “Мы разам!”, разнастайныя мерапрыемствы ў партнёрстве з БРСМ, Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа, якім кіруе Т.І.Чэрнікава, прафесійны, добры і спагадлівы чалавек. Дзякуючы ёй, валанцёрская дзей­насць стала больш каларытнай, насычанай і набыла прадметны характар. Акрамя таго, рэгулярна праводзяцца экалагічныя суботнікі па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў, экспрэс-акцыі “ Ветэран жыве побач”, “Чырвоная зорачка на карце” па аказанні дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працы, пажылым людзям, майстар-класы ў тэхніцы квілінг “Сувенір для вас”, “Адкрываем адно аднаму сэрца” ў цэнтрах сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў, цэнтралізаваныя паказы “Бэбі-шоу”, “Залаты ключык, ці Падарожжа ў Краіну ведаў”, “Дарогай дабра” — для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і многае іншае. У летні перыяд валанцёры каледжа праводзяць мерапрыемствы па аказанні гуманітарнай дапамогі дзецям-інвалідам у аздараўленчых лагерах Барысава, наведваюць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і дзяцей-сірот.

У каледжы сапраўды шмат добрых, актыўных юнакоў і дзяўчат, гатовых мяняць свой горад да лепшага, рабіць людзей шчаслівымі і падтрымліваць тых, хто ў гэтым мае патрэбу.

Вынікам работы валанцёрскага руху ў каледжы стала 2-е месца ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу інфармацыйна-метадычных матэрыялаў “Лепшы вопыт: методыка і тэхналогія работы валанцёрскіх арганізацый”.

Ала КЛЮЙКО.
Фота з архіва навучальных устаноў.