“Для мяне валанцёрства — неад’емная частка жыцця”, — гаворыць Алена Часнакова, старшы выкладчык кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ, кіраўнік аб’яднання “Добрае сэрца”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сямейная традыцыя
— Алена Пятроўна, 14 студзеня споўнілася 10 гадоў, як вы сталі кіраўніком валанцёрскага аб’яднання. Прыміце віншаванні з юбілеем!
— За пункт адліку ўзяты дзень, калі мы ўпершыню завіталі да выхаванцаў дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Навінках (зараз гэта Мінскі гарадскі дзіцячы пансіянат “Сонечны”). Дзеці тады спыталі, калі мы яшчэ сустрэнемся, і адмовіць ім мы не змаглі, пачалі пастаянна ездзіць да іх. Само аб’яднанне (у той час клуб) “Добрае сэрца” было створана на факультэце дашкольнай адукацыі каля 18 гадоў назад. Яго дзейнасць курыравалі мае калегі, старшыя выкладчыкі кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі: спачатку Юрый Уладзіміравіч Емяльяненка, потым Ала Віктараўна Кавалеўская. Калі мне прапанавалі ўзначаліць валанцёрскую каманду, я не адмовілася, а натхнілася.
— Не шкадуеце, што далучыліся?
— Што вы! Я вельмі рада гэтаму. Валанцёры — мае блізкія сябры. Наша сумесная дзейнасць напаўняе маё жыццё сэнсам. Справа ў тым, што, калі дапамагаем іншым людзям, мы замацоўваем сваё пачуццё патрэбнасці ў гэтым свеце. Вельмі важна адчуваць, што цябе чакаюць. Многія з тых першых нашых падапечных зараз жывуць у сацыяльным пансіянаце для дарослых “Вяча”, што ў Астрашыцкім Гарадку. Мы застаёмся ў іх жыцці: наведваем, праводзім адукацыйныя і забаўляльныя мерапрыемствы, віншуем з днём нараджэння, Новым годам і іншымі святамі. І тыя, каму дазваляюць здольнасці, пішуць нам, тэлефануюць. Памятаю, калі вярталіся з інтэрната 14 студзеня 2015 года, дзяўчынка, якая на той час засталася без маці, сказала, што сёння адчула сябе настолькі шчаслівай і неабходнай людзям, як ніколі раней.
— Ведаю, вы не першая ў вашай сям’і, хто папоўніў рады добраахвотнікаў.
— Я валанцёр у трэцім пакаленні. Мая бабуля, Настасся Майсееўна Бандарэнка, актыўна займалася грамадска карыснай дзейнасцю — так у савецкія часы называлася валанцёрства. Яна была ўзнагароджана граматай за ліквідацыю непісьменнасці. Будучы настаўніцай хіміі, у часы акупацыі працавала ў дзіцячым садзе. Бабуля праводзіла святы, ладзіла тэатралізаваныя пастаноўкі для ўсіх дзяцей двара, прыцягвала і іх да ўдзелу, шыла для ўсіх касцюмы. Дзядуля, Аляксандр Паўлавіч Бандарэнка, быў вучоным-селекцыянерам, выводзіў новыя гатункі збожжавых. І бабуля разам з выхаванцамі школы-інтэрната высейвалі насенне, даглядалі яго. Мама, Лізавета Аляксандраўна Панько, якая з’яўлялася прафесарам кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ і якой, на вялікі жаль, не стала адразу пасля Новага года, была валанцёрам і падчас вучобы ў Маскоўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, і калі стала выкладчыцай Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага (зараз БДПУ). Лізавета Аляксандраўна разам са сваёй групай, дзе была куратарам, наведвала дзіцячыя дамы, студэнцкі тэатр паказваў дзецям займальныя лялечныя спектаклі. Калі мы з братам нарадзіліся і крыху падраслі, наша маці клапацілася не толькі пра нас, але і пра ўсіх дзяцей нашага двара, асабліва тых, каму не хапала бацькоўскай любові, хто выхоўваўся ў сем’ях, якія знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Мамачка арганізоўвала лялечныя і цыркавыя паказы ў двары з удзелам дзетак з такіх сем’яў, дапамагала ім святкаваць дні нараджэння, рыхтавала салодкі стол, віншавальную праграму. Мой брат, Сяргей Пятровіч Панько, таксама не застаецца ўбаку: кожны год бярэ на сябе ролю Дзеда Мароза на нашых навагодніх мерапрыемствах у дзіцячых і дарослых сацыяльных пансіянатах. Нашы дзеці таксама члены аб’яднання “Добрае сэрца”. Таму для мяне валанцёрства і сям’я — непарыўнае цэлае.
Самае страшнае — гэта абыякавасць. Таму вельмі важна, каб у кожнага чалавека ў жыцці былі блізкія людзі, сябры, якія падтрымлівалі б, гаварылі добрыя словы.
Каманда — галоўная каштоўнасць
— Валанцёры аб’яднання рэалізуюць вялікую колькасць сацыяльна значных праектаў. Калі іх пералічваць, не хопіць і газетнай паласы. Становіцца больш тых, каму вы аказваеце дапамогу. Якія яшчэ моманты і дасягненні вы можаце адзначыць?
— Перш за ўсё тое, што ў нас ёсць каманда — надзейная, дружная, здольная вырашаць задачы, якія дыктуе жыццё. Радуе, што валанцёры самастойна спраўляюцца з многімі пытаннямі, калі я занята іншымі справамі. Напрыклад, паступае просьба дапамагчы адзінокай бабулі, якая жыве ў вёсцы пад Мінскам, — дзяўчаты самі дамаўляюцца, едуць і аказваюць неабходную падтрымку. Важны момант, што наша каманда для кожнага з нас — крыніца цёплых зносін, напоўненых любоўю і ўважлівым стаўленнем адно да аднаго. Менавіта ў аб’яднанні многія студэнты знаходзяць аднадумцаў. Дзякуючы валанцёрскай дзейнасці, яны становяцца мацнейшымі, вучацца пераадольваць жыццёвыя праблемы, дапамагаючы іншым. Як казаў Віктар Франкл, каштоўнасцям нельга навучыцца, каштоўнасці можна толькі пражыць. Вось і нашы дзяўчаты пражываюць іх, становяцца больш мудрымі. Гэта складаны шлях, але мы праходзім яго разам.
Наша каманда — гэта, па сутнасці, увесь наш факультэт (выкладчыкі, студэнты) пад кіраўніцтвам дэкана Вольгі Мікалаеўны Анцыпіровіч. Не так даўно мы праводзілі музычны фестываль для выхаванцаў з дзіцячых дамоў і маладых інвалідаў. Усім факультэтам збіралі падарункі, пачастункі для ўдзельнікаў. Кіраўніцтва ўніверсітэта таксама падтрымлівае нашу дзейнасць. Рэктар БДПУ Аляксандр Iванавіч Жук і першы прарэктар Святлана Iванаўна Копцева неаднаразова наведвалі з намі дзіцячыя дамы, у тым ліку і ў снежні мінулага года падчас рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Валанцёрства — стыль жыцця нашага факультэта і ўсёй УВА. Нездарма ж універсітэт у 2017 годзе атрымаў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” за значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі.
Дарэчы, камандай “Добрага сэрца” я кірую не адна, а разам з Інай Міхайлаўнай Іваноўскай. Яна адказвае за арганізацыю валанцёрскай дапамогі падчас спартыўных спаборніцтваў і гульняў на “Чыжоўка-Арэне”. Ёсць, канечне, у Іны Міхайлаўны і сацыяльныя праекты. Пад яе кіраўніцтвам валанцёры праводзяць адукацыйныя і забаўляльныя мерапрыемствы ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача, у бібліятэках, 4-й гарадской клінічнай дзіцячай бальніцы, у Мінскім заапарку, у адным з тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінска і іншых установах. Ужо шмат гадоў Іна Міхайлаўна курыруе дзейнасць дабрачыннага студэнцкага тэатральнага фестывалю “З казкай да сэрца”. Мы падтрымліваем адна адну, цесна ўзаемадзейнічаем.
Скажу больш, да нас далучаюцца добраахвотнікі з іншых УВА сталіцы. У нас не так шмат хлопцаў-валанцёраў, таму нас падтрымліваюць студэнты з Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, БДТУ. Супрацоўнічаем мы і з дзіцячымі садамі, сярэднімі школамі, гімназіямі. Амаль 10 гадоў выхаванцы дзіцячага сада № 489 Мінска наведваюць з намі дамы ветэранаў і дамы састарэлых. Пажылыя людзі вельмі іх чакаюць, частуюць цукеркамі, а дзеці разам з валанцёрамі, акрамя канцэртнай праграмы, рыхтуюць віншавальныя паштоўкі. Падарункі для нашых падапечных перадаюць і мае калегі. Дацэнт кафедры методык дашкольнай адукацыі Ірына Владленаўна Гарбатава, старшы выкладчык кафедры методык дашкольнай адукацыі Алена Яўгеньеўна Калошкіна разам са студэнтамі ствараюць прыгожыя вырабы, малююць карціны. У гэтым годзе вялікую падтрымку ў рэалізацыі акцыі “Нашы дзеці” аказаў прафсаюз супрацоўнікаў БДПУ. Мы разам правялі два навагоднія святы: адно для дарослых у сацыяльным пансіянаце “Вяча”, другое — для дзяцей Івянецкага сацыяльнага пансіяната “Дабрата сэрцаў”. Безумоўна, дапамагае падарункамі і валанцёрскі цэнтр БДПУ.
Давер і адказнасць
— Алена Пятроўна, якія яшчэ станоўчыя змяненні адбыліся за гэтыя гады?
— Мы навучыліся не баяцца цяжкасцей, адгукацца на запыты аб дапамозе без страху, што мы не справімся. Мы ведаем, што справімся! Знойдуцца сродкі, неабыякавыя людзі — і ўсё атрымаецца! Мы сталі моцнымі. Навучыліся любіць і прымаць іншых такімі, якія яны ёсць. У людзей, да якіх мы прыязджаем, цяжкія сітуацыі і няпростыя гісторыі.
Яшчэ адзін важны момант — нам давяраюць. І тыя, хто з намі супрацоўнічае, і тыя, хто просіць дапамогі: дарослыя і дзеці, якія нас чакаюць, дзеляцца з намі сваімі перажываннямі. Давер — вялікае дасягненне. І важна яго апраўдаць. Для гэтага трэба быць шчырымі, адказнымі і сумленнымі.
Новыя ідэі і запыты аб дапамозе пазбаўляюць нас аднастайнасці, якая прыводзіць да эмацыянальнага выгарання. Пераканана, нам гэта не пагражае.
— На вашу думку, што дапамагае аб’яднанню развівацца?
— Кожны год прыходзяць новыя студэнты, і мы ўзбагачаемся іх ідэямі, якія часам ператвараюцца ў праекты. Творчыя здольнасці валанцёраў — рухавік нашага аб’яднання. Хтосьці спявае, хтосьці добра танцуе ці піша вершы, прыгожа малюе. Моладзь смела дзеліцца сваімі задумамі, мы разам шукаем шляхі іх рэалізацыі. Так, некалькі гадоў назад да нас прыйшла студэнтка 1 курса Валерыя Дубіна, якая скончыла кулінарны каледж, і прапанавала праводзіць майстар-класы з дзецьмі, падлеткамі па гатаванні ежы. І зараз нас чакаюць у дзіцячым доме № 5, дзе мы гатуем разам з падапечнымі самыя розныя стравы: піцу, бургеры, дранікі, святочныя і штодзённыя салаты, выпечку. Такія заняткі вельмі карысныя для будучых выпускнікоў дзіцячага дома. Студэнтка 4 курса Ірына Громава — мастак. Яна праводзіць для хлопчыкаў і дзяўчынак майстар-класы па выяўленчым мастацтве. Дзяўчынкі, якія добра спяваюць, выступаюць у пансіянатах. Пры гэтым даюць магчымасць і выхаванцам апынуцца на сцэне, узяць у рукі мікрафон і паспяваць. У гэты час астатнія валанцёры танцуюць з падапечнымі. Каб вы бачылі, якім шчасцем напоўнены іх вочы! Нашы выпускнікі, якія маюць багаты вопыт валанцёрскай дзейнасці, Вольга Няроўня, Марыя Белашэйкіна складаюць сцэнарыі спектакляў, у тым ліку інклюзіўных, якія мы ўсе разам увасабляем у жыццё.
Лепшыя сябры
“Нам не патрэбна была нагода, каб паехаць да дзяцей. Галоўным было жаданне адцягнуць іх увагу ад сумных думак і праблем”. Чаму выхавальніца Асіповіцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Віялета Аляшкевіч не ўяўляе свайго жыцця без валанцёрства?
Пяты год яна працуе па спецыяльнасці ў родным горадзе. Менавіта тут пачыналася яе добраахвотніцкая дзейнасць. Віялета была актыўным удзельнікам атрада “Добрае сэрца” сярэдняй школы № 4, дзе вучылася. Валанцёры наведвалі Асіповіцкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў, школу-інтэрнат, пажылых людзей. Калі яна стала студэнткай БДПУ, адразу далучылася да аб’яднання з такой знаёмай і ўжо блізкай назвай. Алена Пятроўна Часнакова была куратарам іх групы. Яна падрабязна расказала пра тое, чым займаецца іх каманда, і запрасіла жадаючых наведаць падапечных у дзіцячым доме-інтэрнаце ў Навінках. Віялета, не вагаючыся, паехала.
— Дзеткі там амаль усе са складанымі дыягназамі. Мы праводзілі заняткі з тымі, хто мог сам хадзіць ці перамяшчаўся на інваліднай калясцы. Малявалі, рабілі вырабы з паперы, пластыліну. Маглі патанцаваць, паспяваць. З цягам часу я заўважыла, што дзецям падабаецца займацца дзейнасцю, якая дазваляе хутка атрымаць вынік. І таму мае ідэі станавіліся больш адаптаванымі для выхаванцаў з асаблівасцямі. Я рабіла фігуркі з гіпсу і прывозіла іх падапечным. Дзеці размалёўвалі фігуркі, бачылі, што ў іх атрымліваецца, і гэта іх натхняла і радавала. Таксама мы не пакідалі без увагі тых, хто прыкаваны да ложка. Абавязкова заходзілі да іх, каб патрымаць за руку, проста пабыць побач, — успамінае Віялета.
На 2 курсе яна далучылася да праекта “Лепшы сябар”, які дзейнічае ў рамках клуба. Яе падапечнымі сталі дзеці, якія знаходзіліся ў сацыяльна-педагагічным цэнтры з прытулкам Фрунзенскага раёна Мінска.
Віялета вельмі ўдзячна Алене Пятроўне за тое, што яна была побач у складаныя моманты, праяўляла па-сапраўднаму мацярынскі клопат у адносінах да валанцёраў: калі ехалі за горад, яна абавязкова гатавала блінчыкі для добраахвотнікаў, каб тыя не былі галоднымі.
— Гэта вельмі светлы і добры чалавек. Да яе можна было звярнуцца па параду і падтрымку па ўсіх пытаннях, якія тычацца не толькі нашай дзейнасці, але і ўласнага жыцця. Яна заўсёды знаходзіла правільныя словы, каб нас супакоіць, настроіць, — падкрэслівае суразмоўніца.
Самымі запамінальнымі і маральна цяжкімі былі для Віялеты паездкі ў дзіцячы анкалагічны цэнтр у Бараўлянах.
— Спачатку мы наведвалі маленькіх пацыентаў. Памятаючы словы куратара, стараліся паводзіць сябе з імі як са звычайнымі дзецьмі, усміхаліся, малявалі, гулялі. Аднак было складана, прызнаюся. Яны такія кволыя, у масках, многія без валасоў, з капельніцамі і катэтарамі на тоненькіх ручках. Здавалася, не так дакранешся — і яны рассыплюцца. Аднойчы падчас аднаго з візітаў да нас на заняткі прыйшлі падлеткі. Яны ўжо разумеюць, што з імі адбываецца, такія сумныя, песімістычныя. Мы рабілі караблікі з паперы ў тэхніцы квілінгу. Аднаму хлопчыку стала дрэнна, мама забрала яго ў палату. Мы дарабілі караблік і вырашылі аднесці яму перад ад’ездам. І нечакана пачулі ад падлеткаў такую просьбу: “А вы не маглі б паехаць на наступным аўтобусе? Пабудзьце яшчэ крыху з намі”. Яны не хацелі нас адпускаць. Сэрца разрывалася ад болю ў той момант. Толькі па дарозе назад мы з дзяўчынкамі далі волю эмоцыям і слязам, аднак побач з імі трымаліся, падбадзёрвалі іх, — успамінае валанцёр.
У 2019 годзе Віялета Аляшкевіч стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года” ў намінацыі “Асабісты ўклад”.
Пакуль была студэнткай, Віялета ніколі не адмаўлялася ад удзелу ў самых розных мерапрыемствах клуба: знаходзіліся і час, і сілы, і жаданне. Некалькі разоў разам з падапечнымі дома-інтэрната ездзіла на экскурсію ў Трасцянец. Прымала ўдзел у пастаноўках спектакляў для выхаванцаў з асаблівасцямі ў развіцці, у навагодняй акцыі “Нашы дзеці”… І самым галоўным у гэтай дзейнасці было асэнсаванне таго, што ты з’яўляешся часцінкай моцнага руху, разуменне, што ўсе намаганні і добрыя справы робяць свет лепшым і ўсё недарэмна.
Калі Віялета Аляшкевіч пасля вучобы вярнулася ў Асіповічы, то адчула, наколькі ёй не хапае валанцёрства. Таму стала часткай каманды Чырвонага Крыжа, наведвае арганізацыі і школы, дзе расказвае аб аказанні першай дапамогі.
Моцнай застаецца яе сувязь з Аленай Пятроўнай і “Добрым сэрцам” БДПУ на працягу ўсіх гэтых гадоў. Віялета па-ранейшаму робіць нарыхтоўкі з гіпсу, а студэнты перадаюць іх потым дзеткам.
— Напярэдадні Новага года са сваімі выхаванцамі-дашкалятамі рыхтавалі падарункі для пажылых адзінокіх людзей, — дзеліцца Віялета. — Размалёўвалі драўляныя нарыхтоўкі. Я растлумачыла малым, што гэта сувеніры для бабуль і дзядуляў, у якіх няма ўнукаў і якім не хапае цёплых зносін. Хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі стараліся, яны задумаліся над тым, што пачулі, і ад усяго сэрца хацелі парадаваць старых. Менавіта так і пачынаецца выхаванне неабыякавасці — заўважаць тых, хто знаходзіцца побач і каму патрэбен наш клопат.
Моманты, якія запомніліся на ўсё жыццё
“Восем гадоў назад я была тут валанцёрам, а зараз гэта маё працоўнае месца”. Гісторыя выхавальніцы Мінскага гарадскога дзіцячага сацыяльнага пансіяната “Сонечны” Вольгі Няроўні.
— Я пачала валанцёрыць у складзе аб’яднання “Добрае сэрца”, калі вучылася на 3 курсе. Аднойчы мы паехалі ў дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў у Навінках, — расказвае Вольга. — Тут я пазнаёмілася са Златай. Тады ёй было 8 гадоў, яна знаходзілася ў паліятыўным аддзяленні. Маленькая хворая дзяўчынка з вялікімі вачамі запала ў маё сэрца. Гэта была любоў з першага позірку. Сама не ведаю, чаму так адбылося. Злата не размаўляла, сама не магла есці, але яе ўнутраная прыгажосць, якую я разгледзела, кранула маю душу. Я наведвалася да яе кожны раз, калі мы былі ва ўстанове, гуляла з ёй, размаўляла, вучыла хадзіць. Аднойчы медсястра дазволіла мне пакарміць Злату з дапамогай зонда. Той момант вельмі мяне ўразіў, запомніўся на ўсё жыццё.
Злаце зараз 16 гадоў, але Вольга Няроўня стараецца не страчваць з ёй сувязі. Пандэмія прымусіла яе не бачыцца з дзяўчынкай, і валанцёр вельмі сумавала, перажывала. Гэта стала адной з прычын, па якой яна вырашыла працаўладкавацца ў пансіянат. З 1 верасня мінулага года Вольга з’яўляецца выхавальнікам аддзялення для хлопчыкаў. А першым яе працоўным месцам быў звычайны дзіцячы сад № 445 Мінска.
— Не кожны здольны дапамагаць людзям з асаблівасцямі. І гэта нармальна. У нас былі выпадкі, калі дзяўчаты прыязджалі першы раз і больш не вярталіся, былі і тыя, хто казаў, што ніколі сюды не вернецца, а потым станавіўся самым актыўным валанцёрам. Вялікі плюс у тым, што ў нашым аб’яднанні ёсць шмат кірункаў і праектаў, што дае магчымасць выбару, — тлумачыць Вольга.
Калі валанцёры наведваюць дзяцей з асаблівасцямі ў звычайныя дні, то ў асноўным праводзяць гульні, малююць, ствараюць вырабы. Калі едуць да дарослых, то рыхтуюць канцэртна-гульнявое мерапрыемства з песнямі, танцамі, віктарынамі. Пад Новы год абавязкова ставяць казкі, робяць спектаклі з удзелам асаблівых дзетак і выхаванцаў дзіцячага сада.
— Нас заўсёды вельмі чакаюць. І гэта прыемна. Атрымаўшы дыплом аб заканчэнні ўніверсітэта, мы ў прыгожых сукенках паехалі да дзяцей у дом-інтэрнат, каб падзяліцца з імі нашай радасцю. Многія і пасля заканчэння УВА не пакідаюць клуб, працягваюць наведваць падапечных, перадаюць гасцінцы, нават летам знаходзяць час для хворых дзяцей, — гаворыць суразмоўніца.
Вольга Няроўня мае падзяку міністра адукацыі за актыўны ўдзел у акцыі “Нашы дзеці”. Як яна гаворыць, атрымаць такое прызнанне было вельмі прыемна, аднак для маладога педагога самай вялікай узнагародай з’яўляюцца ўсмешкі хворых дзяцей.
Марына ЖДАНАВА