Мы павінны быць мамамі

- 11:04Людзі адукацыі

Марыя Васільеўна Бордак вось ужо 13 гадоў узначальвае Гомельскі дзіцячы дом. Прыйшоўшы сюды выхавальнікам у 1995 годзе, амаль адразу пасля яго адкрыцця, жанчына да гэтага часу застаецца адданай выхаванню дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

— Педагог, які працуе з гэтымі дзецьмі, найперш павінен валодаць такімі якасцямі, як дабрыня і талерантнасць — прыродная здоль-насць аблашчыць, прыняць, не адапхнуць дзіця, нягледзячы на яго знешнія якасці, характар ці паводзіны, — упэўнена Марыя Васільеўна. — Лічу, што жанчына, якая працуе ў дзіцячым доме, найперш павінна быць не проста педагогам, а жанчынай-маці і ставіцца да выхаванцаў як да родных дзяцей, абараняючы іх ад розных выклікаў сучаснага грамадства. Нават самы адукаваны педагог не зможа ў нас працаваць без прыязнасці да дзяцей, таму на першае месца я стаўлю нават не педагагічныя ўменні і навыкі, а менавіта душэўную цеплыню і адкрытасць.

Стаць педагогам Марыя Васільеўна вырашыла, калі яшчэ вучылася ў школе, і за гэты час ні адной хвіліны не думала пра іншае — пад уражаннем ад сваёй першай настаўніцы вырашыла таксама стаць настаўніцай пачатковых класаў. Але жыццё склалася крыху інакш. Скончыўшы Карчоўскую васьмігадовую школу Хойніцкага раёна, М.В.Бордак паступіла спачатку ў Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, а потым прайшла перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Настаўнік-дэфектолаг”. Спачатку працавала выхавальнікам у дзіцячым садзе, потым пэўны час была на камсамольскай рабоце. Выйшаўшы з дэкрэтнага адпачынку, прыйшла ў дзіцячы дом і засталася тут дагэтуль. Магчыма, як кажа Марыя Васільеўна, і можна было б арганізаваць сваё жыццё інакш, але сёння яна не ўяўляе сябе па-за межамі дзіцячага дома, без гэтай вялікай дружнай сям’і.

Марыі Васільеўне штодзень даводзіцца спалучаць і гаспадарчую, і педагагічную работу, таму што ў нашых умовах адно без другога немагчыма. Сёння ў дзіцячым доме 62 выхаванцы, большасць з якіх — сацыяльныя сіроты, і да кожнага трэба знайсці свой падыход. З 1999 года калектыў установы вядзе актыўную работу па ўладкаванні сваіх выхаванцаў у сем’і. За гэты час новы дом знайшлі 317 дзяцей.

За доўгі час працы на ніве адукацыі М.В.Бордак узнагароджана падзякамі і граматамі Навабеліцкага раённага аддзела адукацыі, абласнога ўпраўлення па адукацыі, а таксама Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі.

— Мы не просім дзяцей называць нас мамамі, — тлумачыць Марыя Васільеўна, — але па сутнасці павінны імі быць. У слове “мама” закладзена ўсё: і дабрыня, і чуллівасць, і патрабавальнасць. Мама адна, і яе нікім не заменіш. І, як бы добра ні ставіліся выхавальнікі і прыёмныя бацькі да дзяцей, большасць з іх памятае пра сваіх біялагічных мам і татаў і чакае сустрэчы з імі.

Дзверы дырэктарскага кабінета заўсёды расчынены. Да Марыі Васільеўны ў любы час могуць зайсці і педагогі, каб абмеркаваць надзённыя рабочыя пытанні, і выхаванцы са сваімі дзіцячымі крыўдамі і радасцямі маленькіх перамог. І для кожнага дырэктар знойдзе час і добрае слова.

— Бывае, хвіліна можа змяніць усё жыццё, — гаворыць Марыя Васільеўна. — Бывае, што своечасова прынятае рашэнне дазваляе не проста вырашыць пэўную праблему, а папярэдзіць больш горшыя наступствы.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.