Мы — першыя!

- 10:01Апошнія запісы, Рознае

Учора завяршыўся VI чэмпіянат свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ. Беларуская каманда заняла першае месца ў медальным заліку, заваяваўшы 20 медалёў, сярод якіх 13 залатых, 1 сярэбраны і 6 бронзавых. На другім месцы — польская каманда, якая заваявала 19 медалёў, адстаўшы пры гэтым па колькасці “золата” (у палякаў іх усяго 6). Замыкае тройку лідараў каманда Чэхіі з 9 медалямі. Пры гэтым 2 залатыя медалі заваяваў дзеючы чэмпіён свету Ёзаф Достал.

Прадстаўнікі міжнароднай федэрацыі ўніверсітэцкага спорту (FISU), якія наведалі Беларусь з афіцыйным візатам, падкрэслілі, што чэмпіянат адбыўся на высокім міжнародным узроўні. Кіраўнік дэпартамента студэнцкіх чэмпіянатаў свету FISU Паўла Ферэйра адзначыў, што федэрацыя праводзіць спаборніцтвы па 40 відах спорту і Беларусь мае ўсе шансы прыняць некаторыя з іх.
Падчас цырымоніі закрыцця арганізатары ўручылі спецыяльныя прызы ўдзельнікам чэмпіянату. Лепшым у намінацыі “Мужчынская байдарка” быў названы ўжо вядомы нам чэх — чэмпіён свету і чэмпіён свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ Ёзаф Достал.
Сам Ёзаф адзначыў, што яму было даволі цяжка выйграць “золата” чэмпіянату на дыстанцыі 200 м, таму што давялося праходзіць дыстанцыю на новай байдарцы, якая адпавядае больш доўгім дыстанцыям. Натуральна, што чэмпіёну патрэбен быў час, каб абкатаць лодку, прывыкнуць да яе. Ёзаф адзначае, што менавіта па гэтай прычыне ён выбраў для выступлення дыстанцыі 200 і 500 м і не стаў выстуць на 1000 м.
“Умовы надвор’я былі неідэльнымі, — падкрэсліў Достал, — аднак мне гэта мала перашкаджала. Я моцны! Думаецца, маім сапернікам гэта дадало клопату. Хачу адзначыць, што прынцыповых канкурэнтаў для мяне на гэтым чэмпіянаце не было”.

Пераможцам на дыстанцыі 1000 м у мужчынскай байдарцы-адзіночцы стаў, бадай, самы папулярны на сённяшні момант беларускі вясляр чэмпіён Еўропы Алег Юрэня. Таксама Юрэня стаў першым у дуэце з Паўлам Мядзведзевым на дыстанцыі 500 м. Алег адзначыў, што для яго было надзвычай важна адстаяць гонар краіны, паказаць яе ўсяму студэнцкаму свету.
“На жаль, наступнае выступленне далося мне складаней, — сказаў спартсмен. — Адрэзак часу паміж заездамі быў зусім кароткі, і мне не ўдалося адпачыць”.
Між іншым Алег і Ёзаф — добрыя таварышы, аднак упэўнены ў сваіх сілах чэх жартуе, што ў Юрэні ёсць шансы супраць яго толькі на дыстанцыі 1000 м, бо яна для яго надзвычай доўгая і ён паспявае засумаваць, пакуль вяслуе да фінішу.
Чэмпіянат стаў трыумфальным і для беларускіх канаістаў. Малады вясляр Максім Пятроў стаў першым на дыстанцыі 1000 м, пераадолеўшы яе за 3:55.813.
“Ці дапамагла перамагчы “свая” вада? — задаецца пытаннем Максім. — Трэба сказаць, што яна была даволі складанай. Вецер быў сустрэчным, а вада — халоднай. Чым яна халаднейшая, тым цяжэй веславаць. Для мяне важны гэты медаль. Можа, той факт, што ў мяне “золата” на студэнцкім чэмпіянаце, дапаможа мне з вучобай”. (Усміхаецца.)
Разам з тым лепшым у намінацыі “Мужчынскае каноэ” названы чэшскі спартсмен Марцін Фукса, выступленне якога на чэмпіянаце было вельмі ўдалым. А вось лепшай у намінацыі “Жаночая байдарка” стала беларуска Марына Літвінчук. Марына стала першай на дыстанцыі 500 м сярод байдарак-адзіночак, атрымала “золата” ў дуэце з Вольгай Худзенка ў спрынце, а таксама ў складзе чацвёркі на дыстанцыі 500 м разам з Вольгай Худзенка, Маргарытай Цішкевіч і Надзеяй Лепяшко.
Дзяўчаты рады перамозе: “Мы, зразумела, вельмі задаволены. Да гэтага часу прыходзім у сябе ад таго, наколькі моцным сапернікам аказаліся польскія спартсменкі. Аднак наша перамога — вынік, якога мы чакалі! Мы дома! Роднае паветра, вада, надвор’е, якое для нас звыклае, — усё прымушала старацца яшчэ больш, каб пацвердзіць высокі ўзровень беларускага веславання”.
Трэба адзначыць, што беларускія вясляркі сталі гонарам чэмпіянату: у адзіночным жаночым спрынце пераможцай стала наша Маргарыта Цішкевіч, а ў байдарцы-двойцы на 500 м лідзіравалі беларускі Соф’я Юрчанка і Аляксандра Грышына.

Сярод каманд першынство ў намінацыі “Мужынская байдарка” заваявала каманда польскіх весляроў, якія, шчыра кажучы, склалі сур’ёзную канкурэнцыю беларусам. Лепшымі камандамі ў намінацыях “Мужчынскае каноэ” і “Жаночая байдарка” зноў сталі беларусы.
Нашы канаісты Руслан Сазанавец, Сяргей Прыволькін, Юрыяй Мазановіч і Яўген Тэнгель паказалі клас у спрынце. На дыстанцыі 500 м самымі хуткімі аказаліся Дзяніс Махлай і Глеб Саладуха. “Золата” таксама ў канаістаў і на самай доўгай дыстанцыі чэмпіянату ў складзе: Руслан Сазанавец, Сяргей Прыволькін, Дзмітрый Півавар і Яўген Тэнгель.
Сваё першае “золата” на студэнцкіх спарніцтвах заваявала каманда Казахстана. Хто б сумняваўся, што лепшую зборную чэмпіянату, на думку арганізатараў, склалі беларусы!
Пасля ганаровай цырымоніі закрыцця чэмпіянату сцяг FISU быў перададзены прадстаўнікам каманды Мексікі, дзе пройдзе наступны VII чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ!

 

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.