Мы пішам казкі, каб змяніць рэальнасць

- 12:45Апошнія запісы, Сацыяльны ракурс

На ніжнім узроўні ГЦ“Сталіца” ў Мінску ўчора быў прадстаўлены дабрачынны фотапраект “Аўтызм. Старыя казкі на новы лад”. Яго ініцыятары і выканаўцы МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” і дзіцячы і сямейны фатограф Марыя Шаўчэнка. У вобразах казачных герояў паказаны дзеці з аўтызмам з Мінска і Бабруйска. Мерапрыемства ажыццяўляецца пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і прымеркавана да Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму. Наш матэрыял аб дзецях з аўтызмам і новых праектах, якія рэалізоўваюцца сёння намаганнямі іх бацькоў.

— Напярэдадні дня распаўсюджання інфармацыі аб аўтызме нам не хочацца ўспамінаць пра цяжкасці, з якімі кожны дзень сутыкаюцца нашы сем’і, — сказала Таццяна Якаўлева, дырэктар МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”, мама 7-гадовага Ільі. — Нагадаю толькі, што, згодна са статыстыкай Autism Speaks, кожны з 68-мі людзей на планеце — з аўтызмам. Два гады назад лічбы былі іншыя — кожны з 88-мі. Аўтызм сёння — рэальнасць, і яе нельга не прымаць. Пры дапамозе праектаў, якія рэалізоўвае наша аб’яднанне, мы хочам давесці да грамадства самае галоўнае: дзеці з аўтызмам — такія ж самыя дзеці, як і ўсе астатнія. Яны маюць такую ж патрэбу ў нашай увазе, любові, ім хочацца быць разам з намі — хадзіць у звычайныя садкі са сваіміаднагодкамі, вучыцца ў агульнаадукацыйных школах, паступаць у ВНУ, прадстаўляць сваю краіну на міжнародным узроўні. Трэба толькі аднесціся да іх са спагадай, аб’ектыўна, паглядзець добрымі і яснымі вачыма.
Сярод апошніх значных прапаноў нашай арганізацыі — праект па стварэнні спецыяльнага асяроддзя навучання для дзяцей з аўтызмам у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Праект інавацыйны, бо да гэтага часу інтэграваныя класы для вучняў з аўтызмам ствараліся выключна для першакласнікаў (і толькі ў Мінску). Вучні з аўтызмам сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту вымушаны былі вучыцца дома або ў спецшколах для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, нават калі парушэнняў інтэлекту не назіралася. Мадэль інклюзіўнай адукацыі, якую мы прапанавалі для дзяцей з аўтызмам, паспела даказаць сваю эфектыўнасць у самых розных краінах свету. Мы ўпэўнены, што вопыт яе ўкаранення ў Беларусі будзе карысным як для ўстаноў адукацыі, так і для бацькоў дзяцей з аўтызмам, у тым ліку і з іншых гарадоў краіны.
Мы хочам даказаць, што беларускія дзеці з аўтызмам не толькі здольны вучыцца ва ўмовах масавай школы, але і валодаюць велізарным творчым і інтэлектуальным патэнцыялам, які дапаможа раскрыць інклюзіўная адукацыя. Зараз інтэграваных класаў для дзяцей з аўтызмам у сталіцы 6. У іншых гарадах Беларусі іх пакуль няма.
Наша ініцыятыва па стварэнні адукацыйнага асяроддзя была ацэнена на конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend. Дыплом Social Weekend, які мы атрымалі, падтрыманы 20 млн рублёў ад аўкцыёну падчас дабрачынных сустрэч “МаеСэнс”. Першакласнікі з аўтызмам рэсурснага класа школы № 187 Мінска атрымалі планшэт — падарунак ад кампаніі “Вэлком”. Усе астатнія дзеці з аўтызмам, а таксама невербальныя дзеці з іншымі асаблівасцямі таксама не застануцца без падарункаў. Кампанія “Вэлком” узяла на сябе фінансаванне праграмы-камунікатара на рускай мове для дзяцей.
Па ініцыятыве МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” і грамадскай арганізацыі “Мівія” для першакласнікаў з аўтызмам інтэграванага класа сярэдняй школы № 187 Мінска і навучэнцаў спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 18 Мінска для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення ўпершыню была арганізавана інклюзіўная экскурсія “Пазнаем Мінск разам”. Яна прайшла пры падтрымцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, камітэта па адукацыі і ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама. Аўтобус на дабрачыннай аснове быў прадастаўлены СДЮШАР дзяржаўнай установы ФКіС “Клуб па хакеі на траве “Мінск”.
Правадніком ідэі і экскурсаводам з’яўлялася Людміла Валянцінаўна Скрадаль, аўтар інклюзіўных экскурсійных праграм, выкладчык кафедры павышэння кваліфікацыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў БДУФК. Аналагаў інклюзіўных экскурсій для дзяцей у сістэме агульнай адукацыі нашай краіны да гэтага часу яшчэ не было. У экскурсійным аўтобусе побач з дзецьмі знаходзіліся настаўнікі, цьютары, студэнты і выкладчыкі факультэта турызму і гасціннасці Інстытута турызму пры БДУФК, якіх зацікавіў наш інавацыйны праект.
Фотапраект “Аўтызм. Старыя казкі на новы лад” быў рэалізаваны па ініцыятыве Ірыны Дзяргач, мамы 12-гадовага Цімура (яна стала каардынатарам праекта), пры падтрымцы многіх бацькоў, а таксама дзякуючы дабрачыннаму ўдзелу ў ім дзіцячага і сямейнага фатографа Марыі Шаўчэнка. У праекце прынялі ўдзел 13 дзяцей.
— Мяне ўражвае, калі часам некаторыя людзі за дыягназам не бачаць дзіця, маленькага чалавека з яго неад’емнымі патрэбамі ў дабрыні і любові. Я паціху адпускаю ў вялікі свет свайго сына, вельмі добрага, адкрытага, заўсёды гатовага адказаць усмешкай на ўсмешку, — гаворыць Ірына. — Часта гэты свет сустракае яго ў штыкі, таму што ён “не такі”. Але ці задумваліся вы, што з “не такімі” ў свеце становіцца больш фарбаў, сюжэтаў і казак. Паспрабуйце паглядзець на дзяцей з аўтызмам нашымі вачыма — мам, татаў, якія іх любяць. Павел (Маленькі прынц).І ўбачыце, што гэта класныя дзеці!
Ідэя нашага фотапраекта засталася б толькі ў тэорыі, калі б мы, мамы, не сталі камандай, гатовай зрушыць горы дзеля сваіх дзяцей. З намі, дарэчы, былі і два таты. Бацькі атрымалі заданне скласці казку па матывах вядомых казак, каб за героямі, іх думкамі, пачуццямі і ўчынкамі прасочваліся лёсы ўласных дзяцей.
Нашы дзеці ў казках — царэвічы з матэматычнымі здольнасцямі. Яны ведаюць дакладную колькасць дрэў у каралеўскіх лясах. Наш Бураціна карыстаецца ў школе камунікатыўным альбомам з карцінкамі, які змайстраваў для яго тата Карла. Была казка пра рэпку, галоўны матыў якой — у дружнай каманды і вынікі найлепшыя. Чырвоная Шапачка лёгка загаворвала зубы Ваўку, хутканогія прынцэсы навыперадкі бегалі з кандыдатамі ў жаніхі (жаніхі таксама павінны былі быць у добрай спартыўнай форме), рыцары перамагалі драконаў голымі рукамі: ад іх шчырых абдымкаў вуркаталі нават самыя безнадзейныя пачвары. У ролі ўсіх гэтых казачных герояў выступалі нашы дзеці — дзеці з аўтызмам.
Галоўны герой маёй казкі “Пекас Біл, які ніколі не хлусіць”, створанай па матывах амерыканскіх казак, — самы спрытны і вясёлы чалавек на зямлі, лепшы ў Тэхасе наезнік, уладальнік ласо. Але часам ён проста згушчае фарбы, арканіць сваім ласо ўсё, што трапляецца яму на вочы.
Дзіцячы і сямейны фатограф Марыя Шаўчэнка з радасцю падтрымала казачны праект. Дарэчы, такую валанцёрскую дзейнасць яна ажыццяўляе не ўпершыню. Марыя не проста здымае, яна робіць сапраўдныя фотапраекты, у тым ліку арт-праекты, з’яўляецца адначасова і сцэнарыстам, і рэжысёрам фотасесій, падбірае неабходныя аксесуары і месцы для фатаграфавання. Пры стварэнні сваіх непаўторных фотагісторый яна ўсё прадумвае да дэталей.
— У пачатку праекта я практычна нічога не ведала пра аўтызм, праўда, бачыла да гэтага ў інтэрнэце здымкі, зробленыя бацькам хлопчыка з аўтызмам Цімаці Арчыбальдам — амерыканскім партрэтным фатографам, — паведаміла Марыя. — З пяці гадоў сын Элайджа стаў галоўным аб’ектам здымкаў бацькі. У Элайджа аўтызм. Тонкая духоўная сувязь паміж бацькам і сынам, так дакладна перададзеная ў праекце Echolilia, прынесла фатографу сусветную славу. Другі яго вядомы праект — Stereoscopy — выкананы ў асаблівай тэхніцы, якая ўзмацняе ілюзію глыбіні малюнка. Работы фатографа вылучаюцца асаблівай плаўнасцю, размытасцю сілуэтаў, арыгінальнасцю, адсутнасцю постапрацоўкі; здымкі ў асноўным робяцца на плёначнай фотатэхніцы.
Разглядаючы яго фатаграфіі, адзначыла, што, напэўна, такія дзеці, як Элайдж, вельмі замкнёныя. І падумала, што цікава было б навучыцца з імі ўзаемадзейнічаць. Работа з дзецьмі і іх маці ў рамках “Казак” была творчай: мы разам стваралі вобразы, шукалі, у якой абстаноўцы лепш здымаць, знаходзілі патрэбны ракурс і радаваліся ўдачам. Я рабіла дзве фатаграфіі аднаго і таго ж дзіцяці. Першую — у інтэр’еры ў вобразе пэўнага казачнага героя, другую — проста яго партрэт.
З аўтычнымі дзецьмі працаваць было не складаней, чым са звычайнымі. Адны з іх больш кантактныя, другія — менш. Вельмі дапамагалі мамы. Дзеці з аўтызмам вельмі розныя. Некаторыя з іх не размаўляюць, таму прыходзілася падтрымліваць зносіны пры дапамозе картак. Іншыя шмат разважалі, задавалі дарослым вялікую колькасць пытанняў. Хтосьці ўвесь час быў у руху, такім дзецям цяжка было выконваць маю просьбу: “Глядзі сюды і не варушыся”. Але ўсё ж, падкрэслю яшчэ раз, з такой аўдыторыяй было не складаней, чым са звычайнымі дзецьмі, якія на здымках таксама паводзяць сябе па-рознаму. Прыходзьце на выставу — і вы ўпэўніцеся, што дзеці з аўтызмам — выдатныя акцёры, што яны, як і ўсе дзеці, шчырыя і чуллівыя.
Галіна Асіповіч, прадстаўнік МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” ў Бабруйску, мама 7-гадовага Ромы, расказала:
— У праекце “Аўтызм. Старыя казкі на новы лад” удзельнічаюць двое дзяцей з Бабруйска — Альбіна і Рома. Мы рады, што прымаем удзел у праекце, што ёсць магчымасць сказаць пра сябе, адчуць, што мы разам. Нас шмат, і ўсе мы розныя. І мы адкрыты для зносін. Безумоўна, маем патрэбу ў дапамозе, падтрымцы, а самае галоўнае — у прыняцці і разуменні. І Альбіна, і Рома ўжо ў школьным узросце, яны робяць першыя крокі па адукацыйных прыступках. Аднак лічу, самае важнае для дзіцяці з аўтызмам — каб яго разумела і сардэчна прымала яго сям’я, блізкія, бо ўвесь свет і радзіма пачынаюцца менавіта з сям’і. Калі ў сям’і дзіцяці ўсё прасякнута дабрынёй, то і свет вакол яго стане больш пазітыўным. Зразумела, праблем не пазбегнуць, ад іх не схаваешся, але думаю, што яны вырашальныя. Вялікі дзякуй стваральнікам праекта і ўсім, хто прымаў удзел у ім.
Свае памяшканні для здымак на дабрачыннай аснове прадастаўлялі Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства і дзіцячае кафэ “Пірацкая бухта”.
Усе фотаработы былі надрукаваны на льняным палатне Vprint (http://vprint.by). На мерапрыемстве дзяцей падтрымалі сваімі выступленнямі калектыў навучэнцаў і педагогаў дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Я.Глебава, фокуснік Віталь Паўлаград, група “Неўрыда”, студэнты-валанцёры з БДПУ імя Максіма Танка.

Надзея ЦЕРАХАВА.