“Мы разам” — вельмі актуальны дэвіз для нашага часу

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога ўпраўлення адукацыі Руслан АБРАМЧЫК:

— Найперш хачу адзначыць, што я ўражаны як грамадзянін. Кіраўнік дзяржавы прадставіў змястоўнае бачанне развіцця ўсіх сфер нашага грамадства, не абышоўшы праблемных момантаў. А тэма адукацыі і выхавання праходзіла чырвонай лініяй праз усё выступленне прэзідэнта. У кожным аспекце, кожным кірунку сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны закраналася тэма адукацыі.

Гаворка ішла як пра матэрыяльныя аспекты (удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнага складніка сістэмы адукацыі, рост заработнай платы работнікаў), так і пра ўкараненне новых тэхналогій выкладання ў школе, арганізацыю патрыятычнага выхавання, дзе асаблівае значэнне набывае асабісты прыклад.

Асобна ішла гаворка пра развіццё інфармацыйнай пісьменнасці моладзі. Сёння важна не згубіцца ў інфармацыйных патоках. Каб моладзь правільна накіроўваць, неабходна інфармацыйна рыхтаваць педагогаў. Мы ў сваім рэгіёне даволі актыўна развіваем гэты напрамак і будзем працягваць рабіць гэта далей.

На Усебеларускім народным сходзе гаварылася і пра развіццё дыстанцыйнага навучання. Каранавірус прымусіў нас вывучыць гэтае пытанне больш да­сканала. У дапамогу педагогам краіны Міністэрства адукацыі стварыла нацыянальны партал. Мы ў вобласці таксама займаліся і займаемся распрацоўкай дыстанцыйных форм навучання. Зразумела, яно не заменіць класна-ўрочнай сістэмы, але фрагментарнае выкарыстанне будзе запатрабавана.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў аснове любых дасягненняў ляжыць здаровы лад жыцця. І гэта са­праўды так. Для сістэмы адукацыі арганізацыя фізічнай актыўнасці і адпачынку школьнікаў з’яўляецца вельмі актуальнай. Не менш важнымі з’яўляюцца здароўе­зберагальныя тэхналогіі пры арганізацыі вучэбнага працэсу.

Правядзенне такога маштабнага форуму бу­дзе спрыяць абнаўленню нашай дзейнасці на месцах. 23 лютага мы ў вобласці правядзём выніковую калегію, дзе будзем не толькі абмяркоўваць падзеі і дасягненні 2020 года, але і ставіць перад сістэмай адукацыі вобласці задачы на перспектыву.

На сходзе былі агучаны задачы на найбліжэйшыя 5 гадоў, але, каб дасягнуць максімальнага выніку, іх трэба пачынаць рэалізоўваць ужо цяпер. Вельмі важным з’яўляецца першы год пяцігодкі, бо наколькі мы зможам арганізаваць сістэму адукацыі напачатку, настолькі хутка зможам рухацца ў вырашэнні пастаўленых перад намі задач.

У прыярытэце будзе змест адукацыі, павышэнне якасці адукацыі, развіццё новых тэхналогій, пошук новых форм развіцця выхаваўчай прасторы, кантроль заработнай платы.

Дырэктар гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Мінска, настаўніца матэматыкі Наталля БУШНАЯ:

— Усіх нас хвалюе пытанне, якой павінна быць адукацыя, каб яна магла гнутка рэагаваць на выклікі сучаснасці, захоўваючы і развіваючы нашы айчынныя традыцыі і нацыянальныя каштоўнасці: павагу да сваёй краіны, яе гісторыі; дапамогу і міласэрнасць да тых, хто старэйшы, слабейшы; працавітасць і суперажыванне. Кожны з нас задумваецца над тым, чаму адукаваныя маладыя людзі не заўсёды здольны ацаніць той уклад, які быў унесены папярэднімі пакаленнямі ў іх, як нам, дарослым, бачыцца, забяспечанае і беспраблемнае жыццё.

Падчас Усебеларускага народнага сходу праблемам адукацыі было ўдзелена шмат увагі. Акцэнты ў плане яе развіцця ў сваім выступленні расставіў прэзідэнт краіны. У прыватнасці, ён гаварыў пра развіццё інфармацыйнай пісьменнасці нашых дзяцей. Сапраўды, рэаліі жыцця такія, што дзіця з яго неакрэплай псіхікай часам больш давярае інфармацыі, атрыманай у інтэрнэце, чым меркаванню. дарослых. Таму адной з найважнейшых задач, якія стаяць перад адукацыяй сёння, з’яўляецца задача навучыць маладога чалавека думаць і глядзець на свет сваімі вачыма. Думаць — гэта перш за ўсё ўмець аналізаваць інфармацыю. Думаць — гэта прадбачыць вынікі сваёй дзейнасці і адказваць за іх.

Але думаючага чалавека, які валодае крытычным мысленнем, здольнага да творчасці і навацый у сучасным свеце, можа выхаваць толькі той педагог, які сам валодае гэтымі якасцямі. Сучасны педагог павінен быць не проста знаўцам свайго прадмета, а цікавым суразмоўнікам, уступіць з навучэнцамі ў дыскусію і дапамагчы разабрацца ў патоку часам супярэчлівай інфармацыі, захапіць асобасна і сацыяльна значнай справай.

Дарэчы, педагагічныя ўніверсітэты ў гэтым кірунку шмат ужо зрабілі. Вырас узровень прафесійнай падрыхтоўкі маладых спецыялістаў. Прайшоў час, калі кіраўнікі безумоўна аддавалі перавагу пры прыёме на работу дасведчанаму педагогу. Маладыя спецыялісты не проста добра ведаюць свой прадмет, але і гатовы прапанаваць калектыву новыя ідэі, у тым ліку па ўкараненні сучасных інфармацыйных тэхналогій. Гэта і ёсць тыя рэальныя крокі да павышэння прэстыжу прафесіі педагога, якія ўжо зроблены.

Прытрымліваючыся важных прынцыпаў — даступнасці і якасці, за апошнія гады нашай адукацыяй пройдзены сур’ёзны шлях пэўных змяненняў, якія дазволілі даць роўныя магчымасці для ўсіх без выключэння дзяцей. Кожнае дзіця — і тое, якое адчувае пэўныя цяжкасці, і асабліва адоранае і матываванае на высокія дасягненні, атрымлівае сваё развіццё. Наша школа — гэта сапраўды тэрыторыя магчымасцей.

У сваім выступленні кіраўнік дзяржавы гаварыў пра выхаванне сучаснай моладзі. І гэта сапраўды актуальнае пытанне. У гонцы за сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі мы дзесьці ўпускаем важную каштоўнасную аснову выхавання, а менавіта калектывізм. Нашых “камп’ютарных” дзяцей вельмі складана чым-небудзь здзівіць, але можна і трэба фарміраваць у іх дачыненне да грамадскай сацыяльна значнай справы.

Сёння важна даць магчымасць даросламу чалавеку сфарміраваць уласны вопыт сацыяльнай практыкі, які дазваляе яму глядзець на свет самому, а не вачыма чужога чалавека, чытаючы яркія загалоўкі інтэрнэтаўскіх артыкулаў. Зрабіць гэта можна і праз агульнашкольныя праекты. Напрыклад, кожная школа распрацоўвае і рэалізуе штогод 1—2 праекты, якія значныя менавіта для гэтай школы і аб’ядноўваюць усіх удзельнікаў адукацыйных адносін. А гэта і педагогі, і навучэнцы з 1 па 11 клас, і бацькі, і грамадскасць. Агульнашкольны праект можа выступіць сістэмаўтваральным фактарам у выхаванні грамадзяніна і патрыёта. “Мы разам” — вельмі актуальны дэвіз для нашага часу.

Цяпер вядзецца нямала дыскусій па вызначэнні статусу самой адукацыі. Адукацыя як паслуга або нешта іншае. Выкажу сваю пазіцыю. Адукацыя — гэта працэс, які павінен суправаджаць чалавека ўсё яго жыццё. Гэта атрыбут жыццядзейнасці. Калі мы так будзем яго трактаваць, то і да педагога будзе фарміравацца стаўленне не як да абслуговага персаналу, а як да прафесіянала, які дапамагае ў станаўленні асобы, гатовай і здольнай канструктыўна дзейнічаць, рэалізоўваць сябе ў сучасным, вельмі супярэчлівым, складаным сацыяльным свеце, прымяняючы атрыманыя ў школе веды і ўменні ўжо за межамі вучэбных заняткаў і аўдыторый на карысць сабе, сваёй сям’і і нашай Радзіме.

Вольга БАРЫСЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з адкрытых крыніц інтэрнэту.