Мы сталі бліжэй

Два гады назад мы заняліся эканамічнай адукацыяй навучэнцаў сярэдняй школы № 2 Слоніма Гродзенскай вобласці. З задавальненнем адзначаем, што цікавасць да вывучэння эканомікі ў школе не згасла, з’явіліся новыя формы работы факультатыву па эканоміцы.

Так, у рамках тэлемоста “Юніёры ў навуцы” ў кастрычніку 2016 года вучні школы мелі зносіны са сваімі равеснікамі з Расійскай Федэрацыі — з Волагды, Петразаводска, Гатчыны.

Правядзенне такіх тэлемостаў прапаноўвае ўцягненне навучэнцаў у даследчую работу з мэтай больш эфектыўнага засваення ведаў у галіне эканомікі, развівае іх здольнасці да публічнага выступлення, спрыяе ўзбагачэнню ведамі, уменнямі і навыкамі, патрэбнымі для паспяховага навучання ў ВНУ. Даследаванне па эканоміцы прымушае навучэнца больш аб’ектыўна ўбачыць грамадства, у якім яму прыйдзецца жыць, працаваць. Сацыялізацыя дзяцей, якія займаюцца на эканамічных факультатывах, праходзіць хутчэй. Яны ўпэўнена выбіраюць сваю прафесію, і вельмі часта гэта звязана з эканомікай.

У адным з інтэрв’ю кіраўнік дзяржавы А.Р.Лукашэнка гаварыў пра тое, што нашы грамадзяне не ў поўнай меры выкарыстоўваюць магчымасці нашага геапалітычнага становішча, мясцовыя ўмовы для вядзення ўласнага бізнесу. А як мы можам павялічыць колькасць жадаючых заняцца ўласным бізнесам, калі мы гэтаму не вучым у школе? Эканамічны факультатыў здольны тэарэтычна паказаць перавагу сваёй справы для дабрабыту сям’і, навучыць старшакласнікаў паняццям крэдытавання, лізінгу, бізнес-плана, рэкламе.

Лічу, што ў 10 класе адно паўгоддзе факультатыў па эканоміцы павінен быць абавязкова ўключаны ў праграму любой агульнаадукацыйнай школы, — гэта верне дзяцей да рэчаіснасці. Трэба практычна паказаць ім работу малога бізнесу, навучыць іх аўдыту малога прадпрыемства, а калі пашанцуе — і вялікага завода.

Тэлемост дазволіў навучэнцам сярэдняй школы № 2 зверыць свае веды, уменні, паставіць мэту, вызначыць задачы, зрабіць правільныя высновы па тэме з ведамі дзяцей з Расіі. Павінна вам сказаць, мы былі на вышыні. Работы Валерыя Зайкоўскага, Веры Данілевіч, Мікіты Сянчэні, Паліны Хамко і Яўгена Жука ацэнены дыпломамі і ўзнагародамі Расійскай акадэміі навук. А навучэнкам 8 класа Ніне Марчук і Соф’і Хахель прапанавана дапрацаваць тэму ў святле сучасных эканамічных тэндэнцый у экскурсійным бізнесе.

Людміла АЎСЕЕЦ,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Слоніма.