Алена РАДЗЕВІЧ, начальнік цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:
— Пытанне, якое найчасцей задаюць сучасныя педагогі, — “Як вучыць і вучыцца ва ўмовах сённяшняга інфармацыйнага зменлівага свету?”. Удзельнікі летняй школы ў горадзе Кальмары, прысвечанай сучасным метадам выкладання медыяадукацыі ў школах, знайшлі адказ — развіваць крытычнае мысленне і вучыцца разумець медыя. “Välkomnа!” (вітаем), — так пачаў першы дзень семінара Ёран Андэрсан, настаўнік гісторыі і геаграфіі, медыякансультант па педагагічных пытаннях, кіраўнік метадычнага партала “Медыякомпас”. Афіцыйна медыяадукацыя ў Швецыі інтэгравана ў нацыянальны вучэбны план з 2000 года. Шведскія педагогі даўно пераарыентаваліся ад “пратэкцыянісцкай” (якая абараняе ад шкоднага ўздзеяння медыя) медыяадукацыйнай канцэпцыі да культуралагічнай, у якую ўваходзяць развіццё крытычнага мыслення аўдыторыі. Створаны па ініцыятыве Асацыяцыі газетных выдаўцоў Швецыі партал “Медыякомпас” займаецца пытаннямі медыяадукацыі грамадзян. Асаблівая ўвага ўдзяляецца настаўнікам і вучням. Адзін раз на тыдзень у 11 000 школ Швецыі прыходзіць рассылка з метадычнымі рэкамендацыямі па арганізацыі ўрокаў і пазаўрочных мерапрыемстваў. “Медыякомпас” — прыклад добра распрацаванага метадычнага інструмента для павышэння ўзроўню медыяграматнасці настаўнікаў і вучняў.
Узаемадзеянне паміж установамі адукацыі і СМІ суадносіцца з прынцыпамі пабудовы адукацыйных вучэбных планаў шведскіх школ:
1 узровень — базавыя веды як фундамент пабудовы новых кампетэнцый;
2 узровень — уменні выкарыстоўваць веды, пераводзіць іх у розныя знакавыя сістэмы (напрыклад, на аснове тэксту зрабіць графік, табліцу, дыяграму, намаляваць, зрабіць інфаграфіку і г.д.);
3 узровень — разуменне (пераход ад канкрэтнага да абстрактнага, выкарыстанне іншых тэрмінаў, сімвалаў, пераказ сваімі словамі, выдзяленне значных ідэй);
4 узровень — паглыбленае разуменне (інтэрпрэтацыя, перанос ведаў (ацэнка і прадказанне, заснаванае на разуменні тэндэнцый, правілаў).
У вучэбным плане прадстаўлены агульныя мэты і напрамкі ў навучанні, паказаны нормы, каштоўнасці і веды, якія кожны вучань павінен набыць да канца навучання ў школе. А школа павінна забяспечыць атрыманне навыкаў адэкватных паводзін вучняў у хутка зменлівым сучасным грамадстве, характэрнай асаблівасцю якога з’яўляецца вялікі паток інфармацыі. Таму на першае месца выходзяць метады і ўменні работы з інфармацыяй. Медыяадукацыя інтэгравана практычна ва ўсе вучэбныя дысцыпліны пачатковай, малодшай сярэдняй і старэйшай школы.
Адзін з прыкладаў медыяадукацыі — выкарыстанне газеты ў вучэбным працэсе, пра які нам расказаў настаўнік пачатковых класаў і медыякансультант Ларс-Эрык Халь. Настаўнік дае магчымасць вучням самастойна пагартаць, пачытаць газету на працягу 10 хвілін. Для вучняў важна выбраць тое, што іх найбольш цікавіць. Затым настаўнік прапануе выбраць любы артыкул у газеце і выканаць наступныя заданні (пытанні рознага ўзроўню ў залежнасці ад узросту вучняў): вызначце тэму артыкула; вылучыце асноўную ідэю артыкула; якая мэта артыкула (праінфармаваць, пацешыць, навучыць, пераканаць, заахвоціць да чаго-небудзь), абгрунтуйце сваё меркаванне; артыкул напісаны для шырокага кола чытачоў або пэўнай мэтавай групы (растлумачце свой адказ; ці сустракаюцца ў артыкуле незнаёмыя вам словы (выпішыце і знайдзіце іх азначэнне ў слоўніку); першы абзац газетнага артыкула павінен адказваць на пытанні: хто, што, дзе, чаму і калі (ці выконваецца гэтае правіла ў артыкуле — абгрунтуйце свой адказ); якія факты цытуюцца ў артыкуле; ці прыводзяцца думкі па гэтым пытанні; падкрэсліце галоўныя ідэі кожнага абзаца; ці дакладна адлюстроўвае назву артыкула яго змест (калі не, падбярыце больш адпаведную назву); якія крыніцы інфармацыі выкарыстоўвае аўтар?
Вялікае значэнне ў шведскай школе ўдзяляецца аналізу медыякрыніц. Пра гэта нам паведамілі бібліятэкары падчас наведвання гімназіі горада Оскарсхамн. Перш чым звярнуцца да інтэрнэту як крыніцы інфармацыі, варта задаць сабе некалькі пытанняў: што я хачу даведацца? Што я ведаю пра гэтыя факты, падзеі? Дзе, у якіх крыніцах я буду шукаць інфармацыю? Хто аўтар? Наколькі актуальная інфармацыя? Ці ўказана дата публікацыі? Пра што расказвае аўтар? Чаму ён выкарыстоўвае гэтыя сродкі (словы, фатаграфіі, вобразы, інш.)? Што ад мяне хоча аўтар? Інфармацыя ўтрымлівае факты або інтэрпрэтацыі? Я магу давяраць гэтай інфармацыі? Што я высветліў? Што я асабіста думаю пра гэта? Ці атрымаў я адказы на свае пытанні? Чаму я навучыўся, выконваючы гэтую работу?
Як можна трансфармаваць замежны вопыт для беларускай сістэмы адукацыі і стварыць канкурэнтаздольнае медыяадукацыйнае асяроддзе, каб не адстаць ад сусветных тэндэнцый развіцця медыяадукацыйных практык? Што мы ўжо зрабілі ў гэтым кірунку? Аналіз шведскага вопыту падказвае: развіваць медыяграматнасць вучняў можна падчас дзён інфармавання, распрацоўкі факультатыўных заняткаў і інтэграцыі медыяадукацыі ва ўрочную дзейнасць. Другая выснова, якую можна зрабіць, — гэта аб’яднанне намаганняў розных інстытутаў — сістэмы дадатковай адукацыі, грамадскіх аб’яднанняў, СМІ, АПА, НІА, вышэйшых устаноў адукацыі дзеля стварэння нацыянальнай канцэпцыі медыяадукацыі.
Цэнтр прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі АПА з 2014 года праводзіць пастаянна дзеючы семінар “Медыяадукацыя як сродак актывізацыі пазнавальнай цікавасці і фарміравання інфармацыйнай культуры навучэнцаў”. Сёлета сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў АПА і НІА распрацавана праграма павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў “Медыякампетэнтнасць педагога як фактар станаўлення медыя і інфармацыйнай культуры навучэнцаў”. Праблема, з якой мы сутыкнуліся падчас правядзеня семінара і павышэння кваліфікацыі, — неразуменне сутнасці медыяадукацыі. Большасць настаўнікаў успрымаюць медыяадукацыю як навучанне ўменню карыстацца ІКТ-тэхналогіямі. Таму мы прадугледзелі знаёмства слухачоў як з тэарэтычнымі ведамі ў галіне медыя, так і практычнае прымяненне атрыманых ведаў.
У 2014 годзе загадам міністра адукацыі зацверджаны 13 устаноў адукацыі, якія рэалізоўваюць інавацыйны праект “Укараненне мадэлі медыяадукацыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу пры дапамозе развіцця крытычнага мыслення”. Асноўная мэта інавацыйнага праекта — стварэнне сацыяльна-адукацыйнага асяроддзя, якое будзе спрыяць фарміраванню медыяграматнасці пры дапамозе развіцця крытычнага мыслення навучэнцаў.
Алена ПАЛЕЙКА, метадыст вышэйшай катэгорыі аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі:
— Новае разуменне медыйнай і інфармацыйнай граматнасці (МІГ), якое аб’ядноўвае ў непарыўнае цэлае такія паняцці, як “медыя” і “інфармацыя”, патрабуе новага асэнсавання сутнасці медыяадукацыі, медыя-інфармацыйнай кампетэнтнасці асобы і медыяадукацыйных тэхналогій. Гэта галоўная выснова, зробленая падчас знаёмства са шведскай медыяадукацыйнай мадэллю і вывучэння вопыту ўдзельнікаў міжнароднай летняй школы ў інстытуце FOJO.
Асабіста мяне ўразіла гарманічна збалансаваная практыка-арыентаваная і інтэнсіўна-рознабаковая праграма нашага адукацыйнага візіту, падрыхтаваная медыяпедагогам Ёранам Андэрсанам. У Швецыі на прыкладзе функцыянала супрацоўнікаў бібліятэкі гімназіі мы ўбачылі, як арганічна школа ўключана ў глабальнае медыяасяроддзе; разбіраючы кейсы настаўніка Ларса-Эрыка Хала, зразумелі, што навучанне медыя-інфармацыйнай граматнасці на сістэматычнай аснове пачынаецца з першага класа, а на медыяадукацыйнай ніве паміж шведскімі педагогамі і журналістамі існуе цеснае супрацоўніцтва. Цікава і карысна на перспектыву было даведацца пра сістэму работы медыяадукацыйных парталаў Швецыі:
1. Mediekompass: метадычныя матэрыялы, штотыднёвая рассылка з рэкамендацыямі для настаўнікаў па рабоце з навінамі (http://www.mediekompass.se/);
2. Mik-rummet: рэсурсы па медыя- і інфармацыйнай граматнасці, бібліятэка для настаўнікаў, дыстанцыйнае навучанне (https://mik.statensmedierad.se/);
3. Medialized: журналісцкія праграмы і перадачы, прысвечаныя медыя-інфармацыйнай граматнасці (http://www.ur.se/Produkter/164395-Medialized-Your-place-or-mine).
Удзельнікі летняй школы пагадзіліся, што існуючыя сёння тэорыі медыяадукацыі ўжо не паспяваюць за няўхільнай медыятызацыяй усіх сфер жыцця грамадства, выкліканай імклівым развіццём інфармацыйна-тэлекамунікацыйных тэхналогій. Сёння лічбавы медыякантэнт становіцца масава даступным пры дапамозе шматлікіх мабільных прылад, а пастаянная анлайн-прысутнасць і сеткавая камунікацыя з’яўляюцца нормай жыцця моладзі. У адрозненне ад людзей сталага ўзросту маладыя актыўна выкарыстоўваюць магчымасці новых медыя, самастойна вырабляюць кантэнт, напрыклад, абменьваюцца фота- і відэаролікамі ў інтэрнэце, дзе ствараюць уласныя сайты, вядуць блогі, удзельнічаюць у дыскусіях на форумах, сябруюць у розных суполках, прымаюць удзел у розных ініцыятывах, праектах і г.д. Школа не павінна заставацца па-за рэаліямі лічбавай эпохі, і таму вельмі актуальнымі былі заняткі, прысвечаныя сацыяльным сеткам і мове нянавісці ў інтэрнэце: як сацыяльныя медыя ўплываюць на стаўленне да сябе і іншых, успрыманне сябе як часткі навакольнага свету, фарміраванне ўласнага “Я”. Адзначым, што заняткі бліскуча правялі медыятрэнеры Гегам Варданян, Ліза Б’юрваль і Эмелі Лунд.
Падсумаваўшы выдатныя вынікі адукацыйнага візіту, трэба звярнуць увагу на шырокія магчымасці выкарыстання замежнага вопыту. У Беларусі важна вырашыць задачу сістэмнага ўбудавання медыяадукацыі ў вучэбны працэс з максімальнай інтэграцыяй інавацыйных сетак ведаў і традыцыйных падручнікаў і дапаможнікаў, існуе патрэба ў гнуткіх вучэбных планах, якія прадугледжваюць актыўнае выкарыстанне медыякантэнту і ўлічваюць пастаяннае абнаўленне рэсурсаў сетак ведаў. Сёння адбываецца ўсведамленне важнасці навучання педагогаў рабоце з інфармацыяй і медыя дзеля бесперапыннай адукацыі на працягу ўсяго жыцця і прафесійнага развіцця. Падрыхтаваная Інстытутам развіцця інфармацыйных тэхналогій у адукацыі ЮНЕСКА ў 2012 годзе праграма навучання педагогаў медыйнай і інфармацыйнай граматнасці ўтрымлівае сістэму адпаведных кампетэнцый і распрацаваныя на яе аснове базавыя і дадатковыя модулі. Названая праграма з’яўляецца асновай для распрацоўкі навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, праграм павышэння кваліфікацыі для педагагічных работнікаў, праектаў міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы медыйнай і інфармацыйнай граматнасці.
У Нацыянальным інстытуце адукацыі цеснае супрацоўніцтва ўпраўлення інфармацыйных адукацыйных тэхналогій і аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі з’яўляецца перспектыўнай формай арганізацыі адкрытай педагагічнай медыяадукацыйнай пляцоўкі. Гісторыкі і грамадазнаўцы падкрэсліваюць, што развіваць медыйную і інфармацыйную граматнасць можна, выкладаючы любы школьны прадмет, але медыяадукацыйны патэнцыял гісторыі і грамадазнаўства найвышэйшы з усіх. Вывучэнне ролі сродкаў масавай камунікацыі і іх уплыву на грамадства падчас работы з крыніцамі сацыяльнай інфармацыі розных часоў адбываецца менавіта на ўроках гісторыі і грамадазнаўства.
У сакавіку 2014 года ў НІА прайшоў першы семінар для настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства па фарміраванні медыяграматнасці навучэнцаў у працэсе выкладання прадметаў гісторыка-грамадазнаўчага цыкла, а ў 2015 годзе работа стала яшчэ больш інтэнсіўнай: праводзяцца вочна-дыстанцыйныя семінары і майстар-класы па выкарыстанні вэб-сэрвісаў у практыцы настаўнікаў-прадметнікаў, сеткавым узаемадзеянні настаўнікаў, бяспецы ў інтэрнэце, стварэнні медыяпрадуктаў настаўнікамі з дапамогай вэб-сэрвісаў. Трэба адзначыць вялікую зацікаўленасць нашых педагогаў, самыя актыўныя з якіх пасля заканчэння дыстанцыйнага навучання працягваюць супрацоўнічаць у медыяадукацыйных суполках у сацыяльных сетках.
У апошні час наладзілася цеснае супрацоўніцтва НІА і АПА па медыяадукацыйнай праблематыцы. У рэспубліканскім каардынацыйным плане гэтага года ёсць семінары па інтэграцыі медыяадукацыі ў адукацыйны працэс па прадметах гісторыка-грамадазнаўчага цыкла, медыяадукацыі як сродку актывізацыі пазнавальнага працэсу і фарміравання інфармацыйнай культуры вучняў, медыяадукацыйным падыходзе ў выкладанні гісторыі і грамадазнаўства, выкарыстанні медыятэхнік і інш. Спадзяёмся на вялікі плён, бо сёлета на вясновым пасяджэнні рэспубліканскага клуба маладых педагогаў з сімвалічнай назвай “Будучыня” адбылося абмеркаванне ключавых пытанняў: “Мы ствараем медыя ці медыя ствараюць нас?” або “Што такое медыяадукацыя і навошта яна патрэбна?”.
Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.