80-годдзе рыхтуецца адзначыць сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі краіны. З гэтай нагоды на Гомельшчыне стартаваў абласны конкурс інфармацыйна-прафарыентацыйных матэрыялаў “Профі-АРТ”. У ім прымаюць удзел навучэнцы і супрацоўнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Дырэктар Гомельскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Ірына Кузьміцкая расказала, што конкурс служыць папулярызацыі прафесійна-тэхнічнай адукацыі, фарміраванню пазітыўнага іміджу будучай прафесіі сродкамі сучасных IT і сацыякультурных тэхналогій:
— Сёння вельмі важна падтрымаць творчыя ініцыятывы моладзі і супрацоўнікаў устаноў адукацыі. Анлайн-фармат конкурсу дазволіў навучэнцам прадэманстраваць свае работы праз сацыяльныя сеткі. Гэта значна пашырыла аўдыторыю і цікавасць сярод канкурсантаў. Установам адукацыі былі прапанаваны нестандартныя намінацыі, якія павышаюць статус прафесійнай адукацыі і раскрываюць у поўнай меры тонкасці працоўных спецыяльнасцей.
У конкурсе прынялі ўдзел усе ўстановы прафесійнай адукацыі Гомельскай вобласці. На суд журы было прадстаўлена больш за 200 работ па наступных намінацыях: прома-ролік “Свет прафтэха — тэрыторыя поспеху”, прафарыентацыйная фотазона “Прымер прафесію”, “Новы стыль у маёй прафесіі”, “PROFрух”, “АРТ-профі песня”, “АРТ-марафон талентаў”. Усе конкурсныя работы можна прагледзець на афіцыйных сайтах, YouTube-каналах устаноў, групах ва “УКантакце”, Instagram і г.д.
У намінацыі “Мы ўсе ў гісторыі прафтэха пэўным значымся радком” было прапанавана прадставіць макет кнігі, на старонках якой дэманстраваліся б прафесіі, якім вучаць ва ўстанове. Сёння выстава 35 такіх кніг здзіўляе маштабам і фантазіяй іх аўтараў. Дарэчы, кожная ўстанова імкнулася выкарыстаць матэрыялы, якія найбольш поўна даюць уяўленне менавіта пра іх дзейнасць.
Такім чынам з’явіліся кнігі ў выглядзе сапраўдных драўляных дзвярэй, зробленыя з цеста і гліны, з выкарыстаннем ільну і саломкі, вышываныя і ў стылі стымпанку, з завязанымі марскімі вузламі і міні-прыборамі кухара… Ёсць тут прыклады паперапластыкі, разьбы па дрэве, пэчворку, выцінанкі і іншых кірункаў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці. Глядзець не пераглядзець…
Намінацыя “Гісторыю прафтэхадукацыі гартаючы, адкрыем ёй сэрца сваё” ўяўляе хранікальны летапіс установы. Для ўсіх летапісаў, па ўзгадненні з установамі, быў выбраны адзіны тытульны ліст. Але ж пры падвядзенні вынікаў журы арыентуецца на такія крытэрыі, як арыгінальнасць ідэі, тэхнічнае майстэрства і якасці выканання, выкарыстанне розных тэхнік дэкаратыўна-прыкладнай творчасці.
Мэта стварэння хранікальных летапісаў гісторыі станаўлення і развіцця ўстаноў адукацыі — азнаямленне шырокай аўдыторыі з традыцыямі прафесійных школ. Аснову матэрыялаў склалі даныя, прадстаўленыя выпускнікамі і педагогамі мінулых гадоў, звесткі з архіваў, музейных пакояў устаноў, інфармацыя нашых дзён. Структура і змест летапісаў розныя: тут ёсць старонкі, прысвечаныя дырэктарам устаноў з моманту стварэння навучальнай установы і да нашых дзён; не засталіся без увагі і ветэраны працы.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.