Прагучаў такі знаёмы ўсім сігнал скайпа — і студэнты юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Паўночна-Каўказскага філіяла Расійскага дзяржаўнага ўніверсітэта правасуддзя пачалі работу круглага стала. І хоць іх аддзялялі сотні кіламетраў, працы гэта не перашкаджала.
Міжнародны круглы стол “Грамадзянска-прававая ахова правоў спажыўцоў: вопыт Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі” быў арганізаваны з прымяненнем сістэмы відэаканферэнцсувязі.
Як расказаў загадчык кафедры грамадзянскага права і працэсу ГрДУ доктар юрыдычных навук Ігар Мартыненка, для абмеркавання былі абраны вельмі актуальныя як для Беларусі, так і для Расіі тэмы аховы правоў спажыўцоў. Расійскія студэнты падрыхтавалі даследаванні аб правапрымяненні ў сферы прадастаўлення турыстычных і бытавых паслуг, гандлю. Беларускі бок даследаваў інтэрнэт-гандаль, жыллёва-камунальныя паслугі, платныя медыцынскія паслугі. Пасля дакладаў адбылася дыскусія, удзельнікі з двух бакоў задавалі шмат пытанняў. Напрыклад, студэнтаў з Краснадара зацікавіў прыняты ў Беларусі Закон аб абароне правоў спажыўцоў у галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аналага якому ў Расійскай Федэрацыі яшчэ няма.
Мадэратар з расійскага боку, загадчык кафедры грамадзянскага права Паўночна-Каўказскага філіяла РДУП, кандыдат юрыдычных навук Аляксандр Канавалаў адзначыў высокі ўзровень дакладаў беларускіх студэнтаў, багаты статыстычны матэрыял, які быў выкарыстаны ў іх даследаваннях, і выказаў надзею, што супрацоўніцтва дзвюх навучальных устаноў будзе працягнута. Так, студэнты з Гродна і Краснадара былі запрошаны да ўдзелу ў студэнцкіх навуковых канферэнцыях, у найбліжэйшы час навучальныя ўстановы абмянюцца даследаваннямі студэнтаў для публікацыі ў навуковых зборніках.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота з сайта www.grsu.by.