Мы выбіраем спорт

Лепшая прапаганда здаровага ладу жыцця — заняткі фізкультурай і спортам. У нашай школе гэтаму ўдзяляецца шмат увагі. Калі разумовую працу чаргаваць з фізічнай, то значных поспехаў можна дасягнуць і ў вучобе, і ў спорце. Фізкультура, якая прадстаўляе галоўную крыніцу сілы і здароўя, развівае смеласць і рашучасць, выхоўвае пачуццё калектывізму, дысцыпліны, а галоўнае — волю да дасягнення мэты.

Падчас веснавых канікул для вучняў былі арганізаваны спаборніцтвы “Я вітаю спорт і здароўе!”. Праграма мерапрыемства была даволі насычаная. Першае заданне — прадстаўленне каманд. Камандам былі прапанаваны займальныя, часам вельмі няпростыя конкурсы, дзе яны змаглі праявіць інтэлектуальна-спартыўныя навыкі. Усе этапы гэтага спаборніцтва суправаджаліся напружанай барацьбой. Спартыўны запал і жаданне дамагчыся перамогі для сваёй каманды захоплівалі дзяцей настолькі, што яны не заўважалі, як бяжыць час. На мерапрыемстве панавалі смех, шум і весялосць. Усе былі шчаслівыя!

А шчаслівыя ад захаплення вочы дзяцей — лепшая ўзнагарода ўсім арганізатарам свята.

Алена ГУРЫН,
педагог-арганізатар Ладзеніцкай школы — дзіцячага сада Навагрудскага раёна.