Мы выбіраем жыццё і шчаслівае дзяцінства!

Спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны нядаўна правялі тыдзень захавання псіхалагічнага здароўя “Шчаслівае дзяцінства”, які стаў традыцыйным. У гэтым навучальным годзе тэматычны тыдзень прымеркавалі да Сусветнага дня прадухілення самагубстваў. Асноўная мэта тыдня — пашырэнне жыццёвай прасторы ўдзельнікаў за кошт узбагачэння іх жыцця новымі сэнсамі, пачуццёвымі фарбамі, культурнымі значэннямі.

“Жыццё багацейшае, чым вы яго звычайна ўспрымаеце” — дэвіз тыдня захавання псіхалагічнага здароўя “Шчаслівае дзяцінства”.

Важная асаблівасць тыдня — ненадакучлівасць і незвычайнасць. Для стварэння і падтрымання вектара эмоцый і думак арганізатары тыдня, спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы гімназіі выкарыстоўвалі розныя немудрагелістыя прыёмы: музыку, афарызмы і плакаты, тэматычныя стэнды, відэаролікі, экспрэс-апытанні, акцыі, нескладаныя гульні, выставы малюнкаў і фотаздымкаў.

На працягу тыдня навучэнцам і педагогам было прапанавана шмат акцый: “Вясёлка настрою”, “Куфэрак добрага настрою”, “Мыслім пазітыўна”, “Як я спраўляюся з дрэнным настроем”, “Зрабі прыемны падарунак сябру”, “Утылізатар негатыўных эмоцый і праблем”. Гэтыя акцыі накіраваны на стварэнне пазітыўнага настрою і ўмення спраўляцца з негатыўнымі эмоцыямі.

Педагог-псіхолаг Валянціна Юр’еўна Меліхава і сацыяльны педагог Ганна Мікалаеўна Цімафеева правялі сярод навучэнцаў і педагогаў экспрэс-апытанне “Што робіць ваша жыццё ярчэйшым?”. Па выніках апытання быў зманціраваны і прадэманстраваны на школьным тэлебачанні відэаролік, які карыстаўся папулярнасцю. Усіх цікавіла, што думаюць пра жыццё і яркія яго моманты навучэнцы і настаўнікі, ці супадаюць іх погляды. Аказалася, што навучэнцам дапамагаюць рабіць жыццё ярчэйшым адносіны з сябрамі, пазітыўныя эмоцыі, цікавыя ўрокі, поспехі і дасягненні, падарожжы, любімыя захапленні, а таксама блізкія і сям’я. А для педагогаў на першым месцы — сям’я, дзеці, любімая работа.

Навучэнцы пачатковага звяна з захапленнем стваралі калажы “Шчасце — гэта…”. Для малодшых школьнікаў шчасце — любоў мамы, дзень нараджэння, падарункі, гульні з сябрамі, святы, паездкі, сяброўства.

Сацыялагічнае апытанне “Я і каштоўнасці майго жыцця”, праведзенае сярод навучэнцаў 8-х класаў, паказала, што для васьмікласнікаў “добрае жыццё — гэта калі твае сваякі і блізкія жывыя і здаровыя; мець многа сяброў, добрую работу; быць здаровым, добра вучыцца; любоў, сям’я, утульны дом”.

Для навучэнцаў 9—11 класаў была арганізавана сустрэча з урачом-нарколагам. Сумесна абмеркавалі праблемы падлеткавага суіцыду, прыкметы суіцыдальнай рызыкі, варыянты дапамогі падлеткам. Падчас размовы падлеткі абмяркоўвалі, што для іх самае галоўнае ў жыцці. Урач-нарколаг падвяла дзяцей да думкі, што самае галоўнае ў жыцці — гэта само жыццё.

Таксама гімназісты 9—11 класаў на ўроках літаратуры разважалі на тэму “Сэнс майго жыцця”. Па выніках урока-разважання аформлена газета “Урыўкі з сачынення “Сэнс майго жыцця”. Прывяду некалькі ўрыўкаў: “Для мяне сэнс жыцця заключаецца ў пазнанні чагосьці новага, у пастаянным развіцці і самаўдасканаленні. На гэтым этапе жыццёвага шляху я спрабую разабрацца ў сабе, паставіць канкрэтныя мэты і прыкласці сілы для іх дасягнення. Акрамя таго, для мяне вельмі важна, каб мае родныя былі заўсёды побач. І самае галоўнае — каб яны былі жывыя”; “Жыццё заключаецца не ў тым, каб чакаць, пакуль скончыцца дождж, а ў тым, каб навучыцца танцаваць пад дажджом. Трэба знаходзіць шчасце ў дробязях, нават калі сітуацыя бязвыхадная”; “Для мяне сэнс жыцця — гэта не зламацца на шляху да чагосьці вялікага. Ісці крок за крокам і бачыць прагрэс з кожным днём”. Разважанні падлеткаў дазволілі ўбачыць, што мэты ў іх канструктыўныя, стваральныя і пазітыўныя.

Бацькі таксама не засталіся ўбаку і ўзялі актыўны ўдзел у тыдні. Яны дапамаглі ў арганізацыі фотавыставы “Мама, тата, я — шчасліая сям’я”, якая выклікала вялікую цікавасць.

На бацькоўскім лекторыі “На шляху да выбару прафесіі” разглядаліся пытанні выбару далейшага адукацыйнага маршруту дзевяцікласнікаў. За круглым сталом бацькі дзесяцікласнікаў разам з педагогам-псіхолагам абмяркоўвалі складаны перыяд сталення старшакласнікаў, магчымыя цяжкасці пры адаптацыі на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Для бацькоў арганізатары тыдня падрыхтавалі інфармацыю “Правілы выхавання”, правялі акцыю “Мудрыя думкі выхавання”, падчас якой раздаваліся памяткі “Залатыя правілы выхавання”.

На працягу тыдня ў бібліятэцы працавала выстава кніг “Дабро, рассыпанае па старонках”, дэманстраваліся мультфільмы пра дабро.

З мэтай прыцягнення да праблемы падлеткавага суіцыду ў настаўніцкай для педагогаў аформлены стэнд “Суіцыд падлеткаў. Прынцыпы і прафілактыка”. Для класных кіраўнікоў падрыхтаваны буклеты “Каб не спрацаваў спускавы кручок”.

У канцы тыдня для настаўнікаў была арганізавана чаетэрапія, якую з задавальненнем наведалі нашы педагогі, атрымалі асалоду ад чаю з травамі, пагутарылі. Акрамя гэтага, настаўнікі маглі зняць стомленасць, якая сабралася за тыдзень, выкарыстоўваючы антыстрэс-размалёўкі.

Скончыўся тыдзень агульнашкольным святам здароўя.

Што адбылося ў гімназіі за гэты тыдзень? На некаторы час гімназія стала адным цэлым, ужылася ў адны думкі, адны пытанні. Мы выклікалі жывую і натуральную цікавасць да сябе, да сэнсу жыцця. Многія ў гэты тыдзень падумалі пра сябе і іншых, пра тое, як праяўляецца іх настрой і як гэта ўплывае на навакольных, пра тое, што робіць іх жыццё ярчэйшым. А яшчэ гэта проста цікава і незвычайна.

Валянціна МЕЛІХАВА,
педагог-псіхолаг Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *