“Мы выхоўваем генератараў ідэй”

- 11:10Культура

Якая яна — сучасная моладзь Беларусі?.. Гэтым пытаннем апошнім часам задаюцца многія. Безумоўна, яна розная. Але мне пашчасціла ў большасці сваёй сустракацца з крэатыўнай, неабыякавай, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, апантанай любімай справай, пазітыўнай, патрыятычнай, сумленнай, шчырай, шматграннай, таленавітай і выхаванай. Днямі лёс зноў падарыў мне знаёмства з яркай прадстаўніцай нашага маладога пакалення Хрысцінай ВЫСОЦКАЙ, старшым выкладчыкам кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Больш за 28 дасягненняў

Хрысціне Высоцкай усяго толькі 28 гадоў, але яна ўжо з’яўляецца адной з самых вядомых і папулярных сучасных творцаў, хто, эксперыментуючы, працуе ў напрамку мастацкага тэкстылю. Калі б мы ўзяліся пералічваць дасягненні нашай гераіні, то, напэўна, не хапіла б і ўсёй газетнай паласы. Таму паспрабуем разам з ёй асвятліць асноўныя этапы прафесійнага станаўлення, а таксама даведацца, што ж адбываецца з айчынным мастацкім тэкстылем, ці запатрабаваны гэты напрамак, хто прыходзіць вучыцца дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, якімі ведамі са студэнтамі дзеліцца маладая выкладчыца.

Яе гісторыя адносін з творчасцю пачалася ў дзяцінстве. “Мае бацькі перакананы, што дзіця трэба развіваць усебакова, таму ў дзяцінстве я шмат дзе займалася: у студыі выяўленчага мастацтва, у музычнай школе № 2 імя М.І.Аладава па класе фартэпіяна і гітары, у гадоў 8 мяне адвялі ў гурток камп’ютарнай анімацыі ў сталічны Палац дзяцей і моладзі “Золак”, затым у ім я перайшла ў школу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Майстэрня”. У той жа час вучылася спачатку ў сталічнай гімназіі № 25, а пасля — у гімназіі № 21, дзе паглыблена вывучаліся замежныя мовы, матэматыка, фізіка, а таму яшчэ на пачатку 11 класа была пераканана, што мне трэба паступаць у БДУІР, — успамінае мастачка. — Але ў сярэдзіне выпускнога класа я раптам падумала, што не дарую сабе, калі не паспрабую ажыццявіць сваю запаветную мару стаць мастачкай, і пайшла на падрыхтоўчыя курсы Акадэміі мастацтваў. Адразу паўстала пытанне наконт будучай спецыяльнасці. Я разумела, што на мастацкі факультэт наўрад ці змагу паступіць, прамысловым дызайнерам быць не хачу. І так метадам выключэння засталося дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, тым больш стала цікава навучыцца працаваць з тэкстылем, пра які на той момант я нічога не ведала. Да таго ж на курсах я трапіла да Паўла Пятровіча Бондара — вельмі авангарднага мастака па тэкстылі, які актыўна прасоўваў гэты напрамак. Калі ён даведаўся, што я не вызначылася са спецыяльнасцю, то адразу пачаў агітаваць, каб я пайшла на тэкстыль”.

Хрысціна Высоцкая — мастачка, куратар выстаў, выкладчык, магістар мастацтвазнаўства, лаўрэат і стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (2013, 2019 гг.), удзельнік і дыпламант звыш 70 мастацкіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, конкурсаў, фестываляў, біенале і трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Расіі, Літве, Украіне, Славакіі, Італіі, ЗША, Чылі. У Беларусі прайшло больш за 10 персанальных выстаў і 2 — у Італіі.

З удзячнасцю Х.Высоцкая ўзгадвае і сваіх настаўнікаў з гімназіі № 21: “Настаўніца сусветнай мастацкай культуры Інеса Аронаўна Ганкіна, выкладчык фізікі Аляксандр Васільевіч Федарэнка і настаўніца англійскай мовы Ларыса Пятроўна Каваленка навучылі нас быць неабыякавымі і патлумачылі: усё, што мы робім, трэба рабіць з любоўю. Яны ніколі не працавалі выключна па падручніку, кожны ўрок быў адметным і непадобным на папярэднія, што зараз і я стараюся прыўносіць у свае заняткі. Сёння, як і яны некалі, я хварэю за кожнага свайго вучня і радуюся яго поспехам. І я пераканана, што самае галоўнае ў выкладанні — гэта шчырае імкненне дапамагчы, навучыць, накіраваць, раскрыць вучня, бо ён гэта ўсё адчувае. Мы ж не робаты (усміхаецца), нашы цёплыя эмоцыі заўсёды знойдуць водгук, а з-пад палкі, асабліва ў мастацтве, нічога не атрымаецца”.

На станаўленне Хрысціны Ігараўны як мастака найбольшы ўплыў аказалі Павел Бондар, які натхняў студэнтаў сваімі неверагоднымі наватарскімі падыходамі, і Маргарыта Шчамялёва, якая выкладала многія з асноўных прадметаў: колеразнаўства, эскізную графіку, габелен, праектную графіку. “Абое яны — настаўнікі з вялікай літары, якія заўсёды падтрымлівалі, дапамагалі, накіроўвалі мяне, а гэта шмат чаго варта. Маргарыта Леанідаўна вучыла нас, што лёгка нічога не даецца, што трэба глыбока акунацца ў праблему, ставіць задачы, што ў тэкстылі трэба працаваць над сабой, — расказвае мастачка. — Калі я заканчвала першы курс, Павел Пятровіч сказаў, што ў Маскве будзе праходзіць трыенале сучаснага габелена і мая курсавая работа варта таго, каб яе выставіць. Памятаю, падавала заяўку, нібы ліст у космас адпраўляла. Аднак я прайшла, там было каля 300 удзельнікаў з усяго СНД. Якім жа было маё з­дзіўленне, калі я даведалася, што з Беларусі ў­дзельнічалі толькі 8 чалавек і сярод масцітых майстроў адзіная студэнтка — гэта я. Такі поспех стаў для мяне штуршком для далейшага развіцця. Увогуле я зразумела, што выбраны шлях правільны, што выставачная дзейнасць — гэта не нейкія касмічныя вышыні, а рэальныя”.

Крыху пазней лёс падарыў Х.Высоцкай яшчэ адно важнае знаёмства — з вядомым сталым мастацтвазнаўцам і куратарам шматлікіх выстаў Ларысай Фінкельштэйн, і яны пачалі разам займацца выставачнай дзейнасцю: “Яна стала маім жыццёвым настаўнікам, які дазволіў убачыць выставачную кухню знутры: як працуе куратар, як ладзіцца экспазіцыя, як збіраюцца творы і г.д. Шэсць гадоў пад яе куратарствам былі насычанымі і творчымі, да таго ж Ларыса Давыдаўна арганізоўвае тэкстыльныя пленэры, на якіх я была і арганізатарам, і ўдзельніцай. Зараз усе гэтыя веды дапамагаюць мне праводзіць студэнцкія выставы нашай акадэміі мінімум раз на год. Прычым мне падабаецца ладзіць іх за сценамі акадэміі, таму што тады ёсць больш магчымасцей паказаць тое, што мы робім, і такім чынам ужо працуем не на ўнутраную аўдыторыю, а на знешнюю. Прынамсі, пяты год мы супрацоўнічаем з філіялам Музея гісторыі Мінска Арт-гасцёўняй “Высокае месца”, дзе плануем правесці чарговую выставу ў маі”.

У 2015 годзе мастачка скончыла акадэмію па спецыяльнасці “Мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (тэкстыль)” з чырвоным дыпломам і была прынята на пасаду выкладчыка кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма БДАМ. “Калі мне на пятым курсе прапанавалі застацца на кафедры, я спачатку крыху разгубілася: чаму я магу навучыць студэнтаў, калі сама толькі што скончыла акадэмію? Але мяне ўпэўнілі, што я спраўлюся. Як аказалася, выкладаць нястрашна і вельмі цікава, — дадала выкладчыца. — Так атрымалася, што П.Бондар у 2014 годзе пакінуў кафедру, а ў 2015 годзе я яе скончыла і яго прадметы давялося выкладаць мне. У гэтым і заключаецца своеасаблівая пераемнасць пакаленняў. Тым больш напрамак эксперымента ў тэкстылі, па сутнасці, на кафедры толькі я і працягваю, праўда, ужо са сваім пераасэнсаваннем”.

У 2016 годзе дзяўчына скончыла магістратуру БДАМ па спецыяльнасці “Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і архітэктура” і адправілася на стажыроўку ў Інстытут кансервацыі пры Венскім універсітэце дэкаратыўных мастацтваў. У 2018 годзе паступіла ў аспірантуру БДАМ на спецыяльнасць “Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і архітэктура”, пачала выкладаць у Еўрапейскай школе інтэр’ера, дызайну і дэкору Design & Decor, а таксама была ўзнагаро­джана Ганаровай граматай Міністэрства культуры за поспехі ў педагагічнай дзейнасці і рабоце па падрыхтоўцы ўдзельнікаў творчых спаборніцтваў.

Тэкстыльны эксперымент

Сучасны мастацкі тэкстыль вельмі адрозніваецца ад традыцыйнага і колерам, і формай, і матэрыяламі, і, канечне, тэмамі, да таго ж і насценны тэкстыль усё больш трансфармуецца ў аб’ёмны, ствараюцца тэкстыльныя скульптуры і сапраўдныя арт-аб’екты.

“На 1—2 курсах я захапілася аб’ёмным і аб’ёмна-прасторавым тэкстылем, тым больш што гэтая ніша ў нас не была занята. Мне вельмі хацелася рабіць нешта нестандартнае. Я пачала выкарыстоўваць нетрадыцыйныя матэрыялы: пластык, лёску, магнітную стужку, і такія мае эксперыменты падтрымалі ў акадэміі. Далей паспрабавала рабіць інсталяцыі, сыходзіць у бязважкасць, выкарыстоўваючы пры гэтым розныя колеры і фактуры. Праўда, многія мае аб’ёмныя скульп­туры створаны больш з класічных матэрыялаў: ваўнянай, баваўнянай пражы. Увогуле сучасны тэкстыль у свеце — гэта сыход у канцэпцыю, бо зараз нікому не патрэбны габелен на сцяну, які б саграваў дом. Сучаснае мастацтва — ідэя, задума, эмоцыя і яе выяўленне нетэкстыльнымі нетрадыцыйнымі матэрыяламі, якія дазваля­юць захаваць філасофію тэкстылю, — адзначыла выкладчыца. — Дарэчы, мне здаецца, што зараз мае студэнты эксперыментуюць больш за мяне, таму што ў мяне на гэта не хапае часу, а складваць ідэі ў стол лічу няправільным”.

Студэнты Хрысціны Высоцкай зараз актыўна працуюць з эпаксіднай смалой. Напрыклад, тканыя габелены заліваюць ёю і атрымліваецца “нібыта шкло, усярэдзіне якога паветраны­я малюнкі ад нітак”. Хтосьці таксама пачынае сыходзіць у інсталяцыі, хтосьці працуе са святлодыёдамі, акцэнтуючы ўвагу на фактуры або тэкстуры. “Першасныя ўсё роўна заўсёды ідэя і канцэпцыя, тэма, тое, што мы хочам гэтым творам сказаць гледачам. І толькі потым пачынаем думаць, як гэтага дасягнуць, з дапамогай якіх форм, сродкаў і тэхнік, — тлумачыць педагог. — Дарэчы, сваіх студэнтаў я з першых заняткаў настройваю на беларускую атмасферу, каб ніхто нікому не зай­здросціў. І гэта працуе. Я за тое, каб была дружалюбная камандная работа, каб усе адзін аднаго падтрымлівалі, у тым ліку і на мазгавых штурмах, у час якіх мы абмяркоўваем ідэі і расцём разам. У сучасным свеце мастак сам па сабе ўжо не існуе, як раней, зараз усё накіравана на згуртаванне. Нават на заводзе мастак хоць і першасны, бо менавіта ён — генератар ідэй, але працуе ў цеснай звязцы з тэхнолагам і канструктарам, каб атрымаўся гатовы прадукт”.

А яшчэ, па прызнанні Хрысціны Ігараўны, у рабоце са студэн­тамі ёй падабаецца “не ставіць сябе над імі, а ўспрымаць іх як калег”: “Я за канструктыўную крытыку, а таму калі нешта дрэнна, то варта растлумачыць, што не так. Хоць мне бліжэй прааналізаваць пры студэнце яго работу, каб ён сам прыйшоў да высновы, што трэба дапрацаваць. Усё павінна быць праз пазітыўнасць! А яшчэ я зразумела, што трэба аддаваць свае ідэі, сілы, час. Калі ты робіш гэта шчыра, яно кампенсуецца”.

Калі ж размова зайшла пра тое, хто сёння паступае на факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДАМ, то высветлілася, што “людзі, якія любяць працаваць рукамі з матэрыяламі, колерам, арнаментам”: “Наша спецыяльнасць хоць і называецца “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, але яна ахоплівае і індустрыю моды і аксэсуараў, і дызайн інтэр’ера, і проста мастацтва, бо тэкстыль перасякаецца з многім. Таму можна смела гаварыць, што мы выхоўваем мастакоў — генератараў ідэй”, — паведаміла выкладчыца.

Пасля атрымання спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (вырабы з тэкстылю)” многія ідуць працавац­ь у палацы і цэнтры творчасці, некаторыя па размеркаванні трапляюць на прадпрыемствы, кшталту “Блакіт” і “Камволь”, а некаторыя нават далучаюцца да каманд стваральнікаў камп’ютарных гульняў: “Яны там мадэлююць інтэр’еры, касцюмы персанажаў і г.д. Наша кафедра, як і акадэмія ў цэлым, — платформа для шматграннага развіцця і раскрыцця свайго таленту, пасля заканчэння якой кожны зможа выбрац­ь сваю нішу. Мы, выкладчыкі, сваім студэнтам гэтыя напрамкі паказваем і дапамагаем вызначыцца. А ўвогуле залог поспеху любога мастака, а тым больш па тэкстылі, — у бесперапыннай працы і моцным жаданні чаго-небудзь дасягнуць. Любы выпадковы поспех заканчваецца, і тут галоўнае — не спыніцца. Вядома, мастаку больш цяжка, але трэба верыць у тое, што ты робіш, нават калі ніхто не верыць. А таму, напэўна, мастаку варта быць ідэалістам, каб тварыць”, — лічыць Хрысціна Высоцкая.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Хрысціны ВЫСОЦКАЙ.