Мы ёсць адно ў аднаго

Прафілактыка суіцыдальных паводзін падлеткаў: узаемадзеянне сям’і і школы

Сям’я — галоўны інстытут грамадства. Менавіта ў сям’і адбываецца станаўленне чалавека як асобы, адбываецца яго сацыялізацыя. Бацькі для дзіцяці з’яўляюцца галоўнымі дарослымі, забяспечваюць яму абарону ад знешняга свету, яны яго падтрымка і апора ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях.

Падлеткавы ўзрост з’яўляец­ца цяжкім жыццёвым этапам у станаўленні падрастаючай асобы. Менавіта тады інтэнсіўна фарміруецца яго самаацэнка, самасвядомасць, жыццёвая пазіцыя. Дзіцяці цяжка зразумець свой статус (яшчэ не дарослы, але ўжо і не дзіця). Не заўсёды падлетак можа бачыць межы дазволенага, часта пратэстуе супраць грамадскіх норм. Усе гэтыя фактары перашкаджаюць яму адчуваць жыццёвую апору, бачыць рэальнасць, што можа выклікаць суіцыдальную спробу. Дапамагчы разабрацца з праблемамі могуць сям’я і школа. Менавіта ў гэтых дзвюх сферах падлетак развіваецца на гэтым жыццёвым этапе. І толькі калі прадстаўнікі школ (класны кіраўнік, школьны псіхолаг) і бацькі будуць дзейнічаць разам, можна дабіцца станоўчых вынікаў у прафілактыцы суіцыдальных паводзін дзяцей.

Асноўным кірункам прафілактыкі суіцыдаў сярод падлеткаў з’яўляецца асвета педагогаў, бацькоў і навучэнцаў устаноў адукацыі. Мэта гэтага кірунку — дапамагчы бацькам і педагогам быць чулымі і ўважлівымі да дзяцей, наладзіць даверлівыя адносіны паміж імі, а навучэнцам — аказаць дапамогу ў фарміраванні актыўнай жыццёвай пазіцыі і вызначэнні сапраўдных каштоўнасных арыентацый.

Для рэалізацыі гэтай мэты ва ўстанове адукацыі ёсць сацыяльная псіхолага-педагагічная служба. Але праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы такога плана неабходна вельмі правільна, карэктна, не прыцягваючы непатрэбнай цікаўнасці, з далучэннем спецыялістаў (псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў, псіханеўролагаў і інш.). Менавіта школьны псіхолаг можа стаць мастком паміж класным кіраўніком і бацькамі і дапамагчы дзіцяці, калі яно апынулася ў складанай сітуацыі.

Асаблівую ўвагу педагагічным работнікам у агульнаадукацыйных установах трэба звяртаць на суіцыдальныя паводзіны навучэнцаў — на адпаведныя выказванні, намёкі, што суправаджаюцца якімі-небудзь дзеяннямі, накіраванымі на пазбаўленне сябе жыцця. Падазрэнні аб суіцыдальнай небяспецы сведчаць пра неабходнасць правядзення шэрага мерапрыемстваў:

  1. Інфармаванне бацькоў падлетка аб суіцыдальнай небяспецы ці дзеяннях.
  2. Забеспячэнне бесперапыннага назірання за падлеткам як у школе, так і ў сям’і.
  3. Прыцягненне для кансультацыі дзіцячага псіхіятра ці псіхатэрапеўта.

Як бацькам, так і педагогам карысна ведаць прыметы суіцыдальнай рызыкі ў падлеткаў.

Вылучаюць тры групы: слоўныя, паводзінскія, сітуацыйныя.

Слоўныя прыметы:

  • падлетак можа адкрыта і яўна гаварыць пра смерць: “Я збіраюся пакончыць з сабою”, “Я не магу так далей жыць”;
  • навучэнец можа ўскосна намякаць на свой намер: “Я больш не буду ні для каго праблемай”, “Табе больш не прыйдзецца пра мяне хвалявацца” і інш.

Паводзінскія прыметы:

  • падлетак можа раздаваць іншым рэчы, якія маюць вялікую асабістую значнасць, заканч­ваць справы, мірыцца з даўнімі ворагамі;
  • падлетак можа дэманстраваць радыкальныя змены ў паво­дзінах (есці вельмі мала ці вельмі многа, станавіцца неахайным, спац­ь вельмі мала ці вельмі многа, замыкацца ад сям’і і сяброў, прапускаць заняткі і г.д.).

Сітуацыйныя прыметы:

  • падлетак не мае сяброў ці мае толькі аднаго сябра;
  • у падлетка сур’ёзны крызіс у сям’і;
  • навучэнец адчувае сябе ахвярай насілля (фізічнага, сексуальнага ці эмацыянальнага);
  • падлетак вельмі самакрытычны;
  • падлетак раней рабіў спробы суіцыду;
  • падлетак мае генетычную схільнасць;
  • навучэнец перанёс цяжкую траўму (смерць некага з блізкіх, развод бацькоў).

З мэтай прафілактыкі суіцыдальных паводзін падлеткаў мной былі распрацаваны трэнінгавыя заняткі “Мы ёсць адно ў аднаго” для бацькоў і іх дзяцей, накіраваныя на наладжванне даверлівых адносін у дыядзе “адзін з бацькоў — падлетак”, на іх эмацыянальнае збліжэнне.

“Мы ёсць адно ў аднаго”

Практыкаванне 1. “Кола знаём­стваў”

Частка 1. Удзельнікі групы са­дзяцца ў круг. Псіхолаг задае пытанне: “Як вы думаеце, хто сёння тут сабраўся?” І запісвае на дошцы варыянты адказаў: “мамы і дзеці”, “людзі”, “дарослыя і не вельмі” і г.д. Калі варыянтаў набіраецца дастаткова многа, вядучы прапануе пазнаёміцца.

Частка 2  (гульня “Павуцінка”). У руках псіхолага — клубочак пушыстай пражы. Пачынаючы знаёмства, вядучы называе сваё імя, абмотвае канец ніткі вакол сваёй далоні і перакочвае клубок некаму з дзяцей. Вядучы просіць кожнае дзіця не толькі назваць сваё імя, але і расказаць пра сваю маму (свайго тату) для таго, каб па апісанні можна было ўгадаць, хто з людзей, што сядзяць у крузе, яго бацькі. Можна задаваць пытанні.

Дарослы, у руках якога апынуўся клубочак, расказвае пра сваё дзіця. Перш чым перакаціць клубочак наступнаму расказчыку, кожны член групы абмотвае ніткай сваю далонь так, каб “павуціна” была больш-менш нацягнутай. Калі клубок вяртаецца да вядучага, ён пытаецца: “Да чаго падобна тое, што ў нас атрымалася?” Адказаў бывае многа: сетка, павуціна, зорачка, грыбніца і г.д. Вядучы звяртае ўвагу групы на тое, што ў жыцці нашы ўзаемаадносіны з блізкімі і сябрамі нагадваюць падобнае перапляценне нітак.

У канцы практыкавання клубок змотваецца ў адваротным парадку, пры гэтым неабходна яшчэ раз паўтарыць усе імёны, каб удзельнікі запомнілі іх.

Практыкаванне 2. “Тэстатэка”

Псіхолаг прапануе бацькам і іх дзецям прайсці наступныя тэсты.

Тэст для бацькоў “Які вы бацька?”

Інструкцыя: “Ці часта вы выкарыстоўваеце наступныя па сэнсе выказванні? Неаходна адказаць “так” ці “не”.

  1. Які ты ў мяне малайчына!
  2. Ты здольны, у цябе ўсё атрымаецца!
  3. Ты нязносны!
  4. Ва ўсіх дзеці як дзеці, а ў мяне…
  5. Ты мой памочнік.
  6. Вечна ў цябе ўсё не так.
  7. Колькі разоў табе паўтараць?
  8. Які ты кемлівы!
  9. Каб я больш не бачыла тваіх сяброў!
  10. Як ты лічыш?
  11. Ты цалкам распусціўся!
  12. Пазнаёмь мяне са сваімі сябрамі.
  13. Я табе абавязкова дапамагу, не перажывай.
  14. Мяне не цікавіць, што ты хочаш.

Апрацоўка вынікаў. Калі вы ўжываеце выказванні 1, 2, 5, 8, 10, 12, 13, то залічыце сабе 1 бал. Калі вы ўжываеце выказванні 3, 4, 6, 7, 9, 11, 14, то залічыце сабе 2 балы. Падлічыце агульную суму балаў.

7—8 балаў — між вамі і вашым дзіцем пануе поўнае ўзаемаразуменне. Вы не злоўжываеце празмернай строгасцю.

9—10 балаў — ваш настрой у зносінах з дзіцем носіць непаслядоўны характар і больш залежыць ад выпадковых акалічнасцей.

11—12 балаў — вы недастаткова ўважлівы да дзіцяці, магчыма, часта заглушаеце яго свабоду.

13—14 балаў — вы вельмі аўтарытарны. Між вамі і дзіцем часта ўзнікае раздражненне. Будзьце больш гібкімі са сваім дзіцем.

Тэст для падлеткаў “На адзіноце з сабой”

Інструкцыя: уважліва прачытай пытанні і адкажы на іх “так”, “не”, “часам”.

  1. Ці лічыш ты, што ў цябе ёсць узаемаразуменне з бацькамі?
  2. Ці гаворыш ты са старэйшымі шчыра, ці раішся па асабістых справах?
  3. Ці цікавішся ты работай сваіх бацькоў?
  4. Ці ведаюць бацькі тваіх сяброў?
  5. Ці бываюць яны ў вас дома?
  6. Ці ўдзельнічаеш ты разам з бацькамі ў гаспадарчых клопатах?
  7. Ці сумна табе дома, ці ты лічыш за лепшае праводзіць свабодны час па-за домам?
  8. Ці ёсць у цябе агульныя са старэйшымі заняткі і захапленні?
  9. Ці ўдзельнічаеш у падрыхтоўцы сямейных свят?
  10. Ці лічыш ты за лепшае, каб бацькі былі разам з табой у час дзіцячых свят?
  11. Ці абмяркоўваеш ты з бацькамі прачытаныя кнігі?
  12. А тэлевізійныя перадачы, фільмы?
  13. Ці бываеце вы разам у тэатрах, музеях, на выставах і канцэртах?
  14. Ці ўдзельнічаеце разам у прагулках, турыстычных паходах?
  15. Ці лічыш ты за лепшае праводзіць разам з бацькамі выхадныя дні?

Апрацоўка вынікаў. Станоўчыя адказы ацэньваюцца 2 баламі; адказы “часткова”, “часам” — 1 балам; за адмоўныя адказы —
0 балаў.

Больш за 20 балаў — адносіны з бацькамі можна лічыць добрымі.

Ад 10 до 20 — адносіны здавальняючыя.

Менш за 10 — кантакты з бацькамі маюць вельмі абмежаваны характар.

Пасля праходжання тэстаў псіхолаг прапануе бацькам і іх дзецям абмяняцца вынікамі і абмеркаваць іх у пары.

Практыкаванне 3. “Знайдзі пару”

Кожнай пары (“бацька — дзіця”) удзельнікаў пры дапамозе шпількі прымацоўваецца на спіну ліст паперы. На лісце — імя казачнага героя ці літаратурнага персанажа, які мае сваю пару. Напрыклад: Кракадзіл Гена і Чабурашка, Ільф і Пятроў і г.д.

Кожны ўдзельнік павінен адшукаць сваю “другую палавінку”, апытаўшы групу. Пры гэтым забараняецца задаваць прамое пытанне “Што ў мяне напісана на лісце?”. Адказваць на пытанні можна толькі словамі “так” і “не”. Удзельнікі могуць свабодна перамяшчацца па класе і размаўляць адно з адным.

Практыкаванне 4. “Малюнак удваіх”

Псіхолаг. Зараз вы будзеце працаваць у парах “бацька — дзіця”. Я прапаную кожнай пары зрабіць малюнак, які будзе называцца “Наш дом”. Папера і алоўкі ўжо ляжаць на сталах. За кожным сталом працуе толькі адна пара. У вас ёсць 15 мінут, каб выканаць заданне, але вам нельга дамаўляцца пра тое, што вы будзеце маляваць, і ўвогуле гаварыць адно з адным. Пасля таго як усе скончаць, кожная пара пакажа свой твор.

На прэзентацыі работ (15 мін.) вядучы просіць дзіця расказаць, як быў зроблены малюнак, хто быў ініцыятарам ідэй, што дапамагала ці перашкаджала рабоце, якім чынам пара дамаўлялася пра прарысоўку дэталей. Абмяркоўваюцца таксама асаблівасці ўзаемадзеяння бацькоў і дзяцей, што выўляліся на розных этапах выканання задання: супрацоўніцтва, саперніцтва, арыентацыя на інтарэсы партнёра ці іх ігнараванне.

Практыкаванне 5. “Твае добрыя якасці”

Удзельнікі сядзяць у парах. Кожны гаворыць свайму суразмоўцу пра яго добрыя якасці. Той, да каго звяртаюцца, адказвае: “Так, гэта ёсць у мяне, а яшчэ я…” (называе станоўчую якасць свайго характару). Напрыклад:

— У цябе вельмі добрыя вочы.

— Так, гэта ў мяне ёсць, а яшчэ я вельмі жыццярадасны.

Пасля практыкавання адбываецца сумеснае абмеркаванне: “Ці лёгка было гаварыць пра добрыя якасці?”, “Ці прыемна было, калі гаварылі пра вашы добрыя якасці?” і г.д.

Практыкаванне 6. “Кветкавае чаканне”

Бацькам і дзецям прапануецца на шаблонах кветак напі­саць, што яны атрымалі ад трэнінгу, расказац­ь, што яны чакалі і што ў выніку набылі. Шаблоны кветак прымацоўваюцца на агульны вянок. Чаканняў можа быць некалькі.

Псіхолаг дзякуе за работу.

Акрамя гэтага, прапаноўваецца шэраг рэкамендацый для бацькоў па наладжванні даверлівых узаемаадносін з падлеткам.

  • Стварыце магчымасць для зносін. Дачка захапляецца кулінарыяй — гатуйце разам, сын цікавіцца будаўніцтвам — будуйце.
  • Праявіце цікавасць да заняткаў і захапленняў падлетка. Гэта можа быць музыка, спорт, танцы.
  • Слухайце. Будзьце адкрыты з падлеткам, каб ён заўсёды мог прыйсці да вас са сваімі праблемамі без страху, што яго будуць лаяць.
  • Зрабіце зносіны пазітыўнымі. Адзначайце поспехі і дасягненні падлетка, а не яго памылкі і промахі.
  • Старайцеся не гаварыць вельмі многа. Падлетак глухі да вашых прамоў, калі яны напоўнены мноствам павучанняў і распытванняў.
  • Падумайце, перш чым даць адказ. Не гаварыце “не” занадта спешна.
  • Давярайце падлетку. Райце, але дазваляйце яму пры­маць уласнае рашэнне. Няхай ён ведае, што вы заўсёды гатовы дапамагчы, калі яму будзе гэта па­трэбна. Паважайце сваё дзіця — і яно навучыцца давяраць самому сабе.

Настасся СМЫК,
магістр псіхалагічных навук, педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 21 Гомеля.