Мячы-фітболы — для здароўя і настрою

Значнасць урокаў адаптыўнай фізкультуры для навучэнцаў з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі фізічнага і (ці) псіхічнага развіцця немагчыма пераацаніць, таму што разнастайныя рухальныя ўменні дазваляюць лепш адаптавацца ў навакольным асяроддзі, пашыраюць магчымасці для зносін, забаў, актыўнага адпачынку.

Пастаянны пошук магчымасцей пашырэння рухальных уменняў навучэнцаў з ЦМП прыводзіць да неабходнасці стварэння спецыяльных умоў і выкарыстання на ўроках нестандартнага абсталявання, адным з варыянтаў якога з’яўляецца мяч-фітбол. Вядома, што фітболы валодаюць комплексам карысных уздзеянняў на арганізм чалавека. Вібрацыя на мячы актывізуе дыханне, што спрыяе лепшаму кровазвароту, павялічвае скарачальную здольнасць мышцаў, павышае абмен рэчываў. Седзячы ці падскокваючы на вялікім прыгожым мячы, дзіця нават не задумваецца, што ўмовы выканання практыкаванняў на ім складанейшыя, чым на падлозе, таму што неабходна пастаянна балансаваць, каб не ўпасці, г.зн. сумяшчаць цэнтр цяжару цела з цэнтрам цяжару мяча. Менавіта гэтыя ўмовы дазва­ляюць хутчэй атрымліваць станоўчыя змены ў фізічным стане дзіцяці ў параўнанні з традыцыйнымі педагагічнымі падыходамі. Унікальныя функцыянальныя ўласцівасці фітболаў шырока выкарыстоўваюцца ў розных аздараўленчых і рэабілітацыйных напрамках, практыкаванні з імі ўключаюцца настаўнікамі нашага ЦКРНіР у змест урокаў адаптыўнай фізічнай культуры.

Мой вопыт работы з фітболамі дазволіў вылучыць шэраг умоў, выкананне якіх з’яўляецца абавязковым пры навучанні дзяцей з ЦМП:

  • для навучэнцаў малодшых класаў неабходны першапачатковы адаптацыйны перыяд, у час якога дзіця знаёміцца з залай лячэбнай фізічнай культуры, спартыўным інвентаром, засвойвае простыя арганізацыйныя правілы (пераадзяванне ў спартыўнае зручнае адзенне, зняцце абутку, змена шкарпэтак);
  • станоўчае рэагаванне дзіцяці на дотык, тактыльны кантакт з дарослым, таму што на першых этапах усе практыкаванні выконваюцца сумесна і пад кантролем дарослага;
  • адпрацоўка навыку пераймання, умення выконваць простыя інструкцыі;
  • выкарыстанне індывідуальных дыванкоў, якія вызначаюць асабістую прастору і змякчаюць перакочванні з мяча на падлогу;
  • пазбяганне хуткіх і рэзкіх рухаў, скручванняў, інтэнсіўнага напружання мышцаў шыі і спіны;
  • прадухіленне дыскамфорту ў час заняткаў на мячы;
  • індывідуальны падбор тэмпу і працягласці выканання практыкаванняў;
  • падтрыманне станоўчага эмацыянальнага фону ў час урока.

Паслядоўнасць работы па ўключэнні і адпрацоўцы практыкаванняў з фітболамі на ўроках адаптыўнай фізічнай культуры прадугледжвае некалькі этапаў.

На падрыхтоўчым этапе навучэнцы знаёмяцца з гэтымі мячамі, іх фізічнымі ўласцівасцямі (форма, велічыня, тэкстура). Дзеці вучацца выконваць простыя дзеянні: утрымліваць мяч дзвюма рукамі перад сабой, перадаваць іншаму, падымаць з падлогі і адкідваць у зададзеным напрамку, пракоч­ваць фітбол па падлозе, па лаўцы (у старшых класах — вакол арыенціраў). Наступны этап — фаміраванне ўмення правільна садзіцца на мяч, утрымліваць раўнавагу, седзячы на мячы (спачатку пры дапамозе дарослага, потым самастойна). Паступова педагог падключае такія практыкаванні, як павароты галавы ўлева-ўправа, уверх-уніз, махі рукамі. Пры падтрымцы педагога навучэнцы пачынаюць выконваць практыкаванні ў розных становішчах: се­дзячы на фітболе, лежачы на мячы на жываце, лежачы на мячы на спіне, у прыседзе перад фітболам. Падключаюцца дынамічныя практыкаванні: скачкі на месцы, скачкі з прасоўваннем уперад.

Перавага практыкаванняў з фітболамі і ў магчымасці выкарыстання творчага падыходу да абыгрывання дзеянняў, якія выконваюцца, выкарыстанне элементаў казкатэрапіі, аб’яднанне асобных відаў практыкаванняў у адзіны сюжэт. Напрыклад, практыкаванне ў становішчы лежачы на мячы на жываце з развядзеннем рук у бакі цудоўна абыгрываецца як “Самалёт”, а практыкаванне ў становішчы лежачы на мячы на спіне — як “Мосцік праз раку”. Зразумелыя і цікавыя для навучэнцаў адаптаваныя казкі: “Калабок”, “Рэпка” з выкарыстаннем фітболаў.

Гульнявыя практыкаванні з фітболамі не нясуць вялікай мышачнай нагрузкі, але разам з тым з’яўляюцца эфектыўным сродкам фарміравання і ўдасканалення каардынацыі рухаў, сілы, фізічнай трываласці. Але самае галоўнае — гэта тое, што дзеці на такіх уроках атрымліваюць задавальненне. Не ад таго, што навучыліся выконваць той ці іншы рух, а ад самога руху ці гульні з вялікім прыгожым мячом.

Людміла ЧУБАЦЮК,
настаўніца ЦКРНіР Бабруйска.