Майстэрства цырульніка даўно перасягнула межы простай стрыжкі ці фарбавання валасоў. Сёння ў пашане спецыяліст, які валодае самымі перадавымі напрамкамі, здольны ператвараць сваю прафесію ў сапраўднае мастацтва. Тады ён ужо не проста цырульнік, ён — стыліст. Гэтую думку майстры і выкладчыкі спецдысцыплін Гомельскага каледжа бытавога абслугоўвання стараюцца данесці да кожнага навучэнца, які прыйшоў да іх спасцігаць азы цырульніцкай справы.
Віртуозна валодаць нажніцамі, ствараць цудоўныя вобразы і сапраўдыя шэдэўры з валасоў можна навучыцца. Неабходна толькі адно — жаданне. І тады жыццё можа несці вас па хвалях, падымаючы ўсё вышэй. Тыя, каму давялося вучыцца ў Марыны Аляксандраўны ДЗЕРАВЯНКА, добра ведаюць гэтую ісціну. Тым больш што яна сама з’яўляецца прыкладам таго, наколькі далёка ў прафесійным майстэрстве можа завесці чалавека жаданне.
Любоў да цырульніцкага майстэрства ў дзяўчыны з’явілася яшчэ ў школьныя гады, калі ў 10 класе яна пачала вывучаць асновы цырульніцкай справы ў вучэбна-вытворчым камбінаце. Год навучання ўжо даў пэўныя веды, якія дзесяцікласнікі павінны былі замацаваць на практыцы.
— Менавіта тады, у час практыкі, я адчула ўсю прывабнасць прафесіі цырульніка, бо тэорыя ніякіх асаблівых пачуццяў не выклікала, — прызнаецца субяседніца. — Вучылася, таму што неабходна было разам з атэстатам аб заканчэнні сярэдняй школы атрымаць рабочую прафесію. Такі быў парадак у той час. А калі давялося апынуцца на рабочым месцы, дакрануцца да кожнага кліента, зразумець, што ты маеш яго давер (ён прыйшоў да цябе, каб ты зрабіў яго прыгожым), усё гэта дазволіла па-іншаму паглядзець на справу.
У 11 класе Марына ўжо цвёрда ведала, што яна будзе цырульнікам, нават не разглядала нічога іншага.
Школьныя экзамены прайшлі, адгрымеў выпускны баль, і, прыклаўшы да атэстата ўсе неабходныя дакументы, дзяўчына накіравалася ў каледж бытавога абслугоўвання, які ў той час яшчэ меў статус вучылішча. Зараз яна ўспамінае, што не адчувала ніякіх цяжкасцей, паўтара года вучобы даліся ёй лёгка, хацелася даведвацца больш і больш, хацелася тварыць. А натхняльнікам для будучага цырульніка была яе майстар Т.І.Усольцава.
Каледж Марына скончыла з дыпломам з адзнакай, а наперадзе яе чакала работа ў адной з цырульняў горада. Хапіла дзяўчыны толькі на паўгода, мабыць, спакой і аднастайнасць — не яе сябры, неяк засумавала яна ў сваёй цырульні. Да таго ж ніяк не пакідала адчуванне таго, што быццам нешта не зрабіла, не давяла да канца. І тады непаседлівая выпускніца каледжа ўспомніла, што, маючы дыплом з адзнакай, яна можа працягнуць вучобу ў Віцебскім індустрыяльна-педагагічным каледжы. Зноў сабрала дакументы і падалася на поўнач краіны атрымліваць спецыяльнасць тэхнолага. Яшчэ тры гады вучобы, новыя веды, новыя ідэі — і яшчэ адзін дыплом у руках. Час заканчэння каледжа і пачатак новай працоўнай дзейнасці, як успамінае сёння мая субяседніца, — гэта час, калі яна аказалася на ростанях. “Я чакала якіх-небудзь прапаноў адносна месца работы, на той час мяне, як здаецца цяпер, зацікавіла б першае, што прапанавалі”, — дзеліцца Марына Аляксандраўна.
Не вядома, як магло б скласціся прафесійнае жыццё нашай гераіні, калі б у гэты момант ёй не патэлефанавалі з яе роднага гомельскага вучылішча і не запрасілі паспрабаваць сябе ў ролі майстра. Так Марына Дзеравянка вярнулася ў родныя сцены, дзе пачаўся новы віток творчай дзейнасці. А праз год, у 2005 годзе, адміністрацыя каледжа прапанавала былой выпускніцы асвойваць прафесію выкладчыка спецдысцыпліны. Марына згадзілася. Гэта быў рашаючы момант як для выкладчыцы дысцыпліны “Цырульніцкае майстэрства і дэкаратыўная касметыка”, так і для каледжа.
Цырульнік — прафесія творчая. Каб выхаваць добрага майстра, неабходна творча падыходзіць да заняткаў, будаваць іх на практычнай аснове. Не менш важна ўмець зацікавіць навучэнцаў: знайсці для іх нешта захапляльнае, нязвыклае, даць ім магчымасць развіваць і рэалізоўваць свой творчы патэнцыял. І ўсё гэта Марыне Аляксандраўне ўдаецца рабіць на дзіва лёгка.
— Яна наша зорачка, — гаворыць метадыст каледжа Валянціна Еўдасёва. — Заняткі Марына Аляксандраўна праводзіць на высокім узроўні, будуючы работу па прынцыпе “ад прафесіяналізму да творчасці”.
Майстэрства выкладчыцы і яе вучаніц пацверджана мноствам дыпломаў на конкурсах рознага ўзроўню. Штогод дзяўчынкі, якіх рыхтуе Марына Дзеравянка, прывозяць перамогу з міжнароднага конкурсу па цырульніцкім мастацтве “Неўскія берагі”, які праходзіць у Санкт-Пецярбургу. У мінулым годзе ў рэспубліканскім адборы конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills навучэнка каледжа Дар’я Лазарчук заняла 1-е і 3-е месцы ў розных катэгорыях і па выніках конкурсу сярод 11 канкурсантак выйшла на 3-е прызавое месца.
— Ці шмат таленавітых дзяўчат прыходзяць у каледж, каб набыць прафесію цырульніка? — пытаюся ў сваёй субяседніцы.
— Таленавітых шмат, — чую ў адказ, — а вось такіх, якія па-сапраўднаму жывуць гэтым, якія ўспрымаюць цырульніцтва як высокую навуку, як мастацтва, — адзінкі.
— І яны застаюцца ў вашай памяці…
— Безумоўна. Больш за тое, у выкладчыцкім сэнсе яны адкрываюць нешта новае для мяне.
Адным з такіх адкрыццяў для Марыны Аляксандраўны стала нядаўняя выпускніца Настасся Зорына. Вельмі сціплая дзяўчынка, няўпэўненая ў сабе, але таленавітая. “Неяк угаварыла яе паехаць на міжнародны конкурс, — расказвае выкладчыца. — Згадзілася, грошы на паездку аддала. І раптам усхвалявалася, занепакоілася, вырашыла не прымаць удзел у конкурсе. Толькі грошай ёй вярнуць ужо не змаглі, і, пашкадаваўшы трат, Насця паехала. Вярнулася з сур’ёзнага конкурсу сціплая дзяўчынка пераможцай і нібы перарадзілася: набыла ўпэўненасць, веру ў сябе. Цяпер я сваім вучаніцам расказваю гэты выпадак як прытчу — вельмі добры і дзейсны псіхалагічны момант”.
Марына Аляксандраўна вучыць сваіх падапечных ніколі не спыняцца, не замыкацца на манатоннай рабоце, не прывязвацца да крэсла, а тварыць, эксперыментаваць, займацца самаадукацыяй. Сама яна таксама бесперапынна вучыцца, каб паспяваць за часам і быць цікавай для вучняў. А натхняе на гэта сама выкладчыцкая праца, якая, як кажа Марына Аляксандраўна, не ставіць жорсткіх рамак і дае вялікі прастор для творчасці.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.




