Мяняецца не толькі настаўнік, але і стыль навучання

- 15:01Рэспубліканскі педагагічны савет

Секцыя “Сучасная адукацыя: традыцыі + інавацыі” прайшла на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У цэнтры ўвагі яе ўдзельнікаў былі тры тэматычныя блокі:“Індывідуалізацыя і дыферэнцыяцыя адукацыі: профільнае навучанне і прафарыентацыя навучэнцаў”,“Фарміраванне грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў сродкамі вучэбных прадметаў”, “Навуковая арганізацыя работы кіраўніка і педагогаў устаноў адукацыі”. Мадэратарамі секцыі выступілі начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана Васільеўна Уклейка і начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА Ала Георгіеўна Семяновіч.

Праблема профільнай дыферэнцыяцыі навучання з’яўляецца адной з ключавых у кантэксце развіцця сучасных адукацыйных сістэм. Як адзначыла дырэктар Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці Алена Георгіеўна Гардзей, дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне — гэта эфектыўна і мэтазгодна, дае навучэнцам вялікія магчымасці для паспяховай самарэалізацыі, прад’яўляючы пры гэтым высокія патрабаванні да педагогаў. Профільнае навучанне дазваляе больш поўна ўлічваць як інтарэсы і здольнасці навучэнцаў, так і патрэбы грамадства і дзяржавы ў фарміраванні сацыяльна актыўнай і творчай асобы.

 

Дырэктар гімназіі № 10 Мінска Марына Аляксандраўна ІЛЬІНА:
— Нездарма напярэдадні новага навучальнага года мы віншуем адно аднаго са святам, бо для кожнага педагога 1 верасня — гэта свята: у школы пасля летніх канікул вяртаюцца дзеці, установы напаўняюцца жыццём. З якім настроем пачынаем год? Настрой добры, прафесійны, з мноствам складаных пытанняў, якія патрабуюць вырашэння. Але калі ты любіш сваю работу, то заўсёды знойдзеш шлях вырашэння пастаўленай задачы. Многа ідэй я пачарпнула з работы секцыі. Тэма “Традыцыі і інавацыі” вельмі хвалюе: як захаваць усё тое лепшае, што ёсць ва ўстановах адукацыі, але пры гэтым умела выкарыстоўваць пэўныя інавацыйныя рашэнні для павышэння якасці адукацыі. Сённяшні педсавет — гэта стратэгічнае мерапрыемства, на якім будуць вызначаны вектары развіцця адукацыі. У выніку можна будзе бачыць, на чым неабходна акцэнтаваць увагу ў сваім педагагічным калектыве, вызначыцца, ці правільным курсам ідзе ўстанова ў разрэзе ўсёй адукацыі краіны. А на канкрэтныя пытанні (па дзесяцібальнай сістэме, па якасці новых падручнікаў, па праграмах, якія распрацаваны), мяркую, мы адкажам у кулуарах. Праўда, адназначна адказаць на гэтыя пытанні не атрымаецца, бо на ўсё патрэбна апрабацыя, усё трэба пачытаць, прапусціць праз сябе, пражыць з гэтым пэўны час. Што тычыцца дзесяцібальнай сістэмы ацэньвання, то я асабіста за яе і за тое, каб яна прынесла свае станоўчыя вынікі. Тут важна, як настаўнік выкарыстоўвае яе ў якасці інструмента павышэння якасці адукацыі, як ён ацэньвае дзіця і якую ролю адыгрывае гэтая сістэма на самім уроку. Думаю, што станоўчага вопыту ўсё ж больш, чым адмоўнага. Лічу, што абмеркаванне гэтага пытання павінна весціся не бацькоўскай грамадскасцю, а менавіта педагогамі. Тут вельмі важна прафесійнае меркаванне кожнага настаўніка.

У снежні 2015 года школе прысвоены статус “школа-лабараторыя вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі”. Гэта дазволіла ўстанове больш цесна супрацоўнічаць з Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам: аб’яднаць рэсурсы, сістэмна выкарыстоўваць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, выяўляць, падтрымліваць і вучыць высокаматываваных навучэнцаў, арганізоўваць для іх профільную падрыхтоўку і профільнае навучанне, каб загадзя фарміраваць аснову для будучых прафесійных кампетэнцый педагогаў. Сярод напрамкаў узаемадзеяння — фарміраванне кантынгенту вучняў, якія плануюць дапрофільную падрыхтоўку па педспецыяльнасцях, прадастаўленне базы для практыкі будучым педагогам, сумесная прафарыентацыйная дзейнасць і інш.

На думку А.Г.Гардзей, наспела неабходнасць стварэння ўмоў для дыстанцыйнага навучання сельскіх школьнікаў, бо, нягледзячы на значны ўзровень камп’ютарызацыі ўстаноў адукацыі, ёсць праблема інтэрактыўнага ўзаемадзеяння паміж сельскай школай і УВА. Таму вывучэнне магчымасцей арганізацыі сеткавых адукацыйных адносін з’яўляецца актуальным напрамкам работы ў межах кластарнага ўзаемадзеяння.

Дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне з’яўляюцца ўмовай канкурэнтаздольнасці і сталічных устаноў адукацыі. Non scholae, sed vitae discimus (“Не для школы, а для жыцця вучымся”) — гэты лацінскі выраз з’яўляецца кіраўніцтвам у рэалізацыі профільнага навучання ў сярэдняй школе № 73 Мінска. Аб гэтым расказала яе дырэктар Ірына Яўгенаўна Родзік. Адным са складнікаў канкурэнтаздольнасці ўстановы з’яўляецца яе супрацоўніцтва з БДУ, МДЛУ. Сёння навучэнцы маюць магчымасць наведваць заняткі выкладчыкаў універсітэта з мэтай падрыхтоўкі да алімпіяд і конкурсаў даследчых работ. Работа па рэалізацыі профільнага навучання дазволіла калектыву дасягнуць поспехаў. Па выніках двух апошніх гадоў школа прызнана лепшай установай адукацыі сталіцы і занесена на Рэспубліканскую дошку гонару.

Аб вопыце работы педагагічных класаў удзельнікам мерапрыемства расказала дырэктар сярэдняй школы № 4 Віцебска Вольга Сцяпанаўна Зязюлькіна. На факультатыўных занятках “Уводзіны ў педагагічную прафесію” вучні шукаюць адказы на актуальныя пытанні падчас дыскусій, дыспутаў, прадстаўлення вучэбных і творчых праектаў, правядзення псіхалагічных трэнінгаў і віртуальных падарожжаў. З адкрыццём педкласаў у школе з’явілася традыцыя правядзення дзён дублёра, якія дапамагаюць раскрыць лідарскія якасці вучняў, фарміраваць маральна-этычныя прынцыпы і інш.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама Мінскай вобласці Вацлаў Іванавіч МАТУСЕВІЧ:
— Дзеці за год пасталелі, таму мы, педагогі, павінны станавіцца мудрэйшымі, прафесійна расці, каб справіцца з праблемамі, якія дыктуе нам час. Пры ўсіх зменах, якія нас чакаюць, застанецца настаўнік. І ад статусу яго залежыць усё.Педагогі Дзяржыншчыны з аптымістычным настроем уступаюць у новы навучальны год. Традыцыйна мы вырашаем задачы падрыхтоўкі да 1 верасня. На сёння 45 устаноў адукацыі ўжо гатовы прыняць дзяцей. Прымаюцца меры, каб кожнае дзіця было з падручнікам, вырашаюцца пытанні падвозу дзяцей, арганізацыі харчавання. У свой калектыў сёлета мы прымаем 56 маладых спецыялістаў. Мы вельмі рады, што колькасць вучняў павялічылася на 400 чалавек.

Заўсёды кожны навучальны год хочацца зрабіць больш цікавым, насычаным, каб адукацыйны працэс быў змястоўным. Будзем рэалізоўваць задачы, якія будуць пастаўлены на педсавеце. Таксама ў нашай сістэме ёсць свае задачы. Многія нашы інавацыі ўжо сталі традыцыяй. Будзе ўдзяляцца ўвага музычна-эстэтычнаму развіццю. Райвыканкамам выдаткавана дадаткова 400 гадзін для правядзення факультатыўных заняткаў музычнай, харэаграфічнай і тэатральнай накіраванасці ва ўстановах. Частка ўстаноў адукацыі далучыцца да праекта “Заспявае школа — заспявае народ”.

Дзеці зараз іншыя. Мы не можам вучыць іх так, як гэта было раней. Таму хацелася б, каб пэўныя змены ажыццяўляліся ў адпаведнасці з сучаснымі падыходамі, якія адпавядаюць філасофскаму разуменню дзяцінства ў прасторы і часе. Грамадства павінна асэнсаваць, што адукацыя — гэта тое, што можа нашу дзяржаву вывесці ў лік высокаразвітых цывілізаваных дзяржаў.

— Апошнім часам вяліся дыскусіі наконт ільготы для выпускнікоў профільных педагагічных класаў. Ёсць меркаванні, што гэта дазваляе трапіць ва УВА слабым вучням, — заўважыла Вольга Сцяпанаўна. — З гонарам магу сказаць, што ўсе мае вучні, якія скарысталіся льготай, выдатна вучыліся (маюць сярэдні бал атэстата 9 і вышэй, стварылі багатае партфоліа і прыклалі шмат намаганняў да дасягнення мэты — стаць настаўнікам, а перспектыву пяцігадовай абавязковай адпрацоўкі лічаць стымулам добра вучыцца ва ўніверсітэце, павышаць прафесійныя кампетэнцыі).

Прафарыентацыйная дзейнасць ва ўстановах адукацыі накіравана, з аднаго боку, на дапамогу вучням у самавызначэнні, а з другога — на забеспячэнне прафесіяналамі ўсіх галін гаспадаркі краіны. Аб прафарыентацыйнай рабоце з навучэнцамі расказалі ў сваіх выступленнях намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Талачына Тамара Станіславаўна Сушкова і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Горак Таццяна Мікалаеўна Бязносава. Так, у сярэдняй школе № 2 Горак рэалізоўваецца рэгіянальны праект “Малая акадэмія”, які накіраваны на фарміраванне і развіццё вучэбных кампетэнцый навучэнцаў на факультатыўных занятках з паглыбленым вывучэннем прадметаў і на супрацоўніцтва школы і БДСГА.

— Сёння да выпускніка школы ХХІ стагоддзя грамадства прад’яўляе дастаткова сур’ёзныя патрабаванні. І многае залежыць ад педагогаў. Для таго каб дапамагчы вучню ў будучыні стаць сацыяльна паспяховым, павінен памяняцца не толькі настаўнік, але і сам стыль навучання, — лічыць Т.М.Бязносава.

У сучасным грамадстве ўсё больш актуалізуецца роля выхавання ў сістэме адукацыі. Кожнаму настаўніку важна эфектыўна выкарыстоўваць выхаваўчы патэнцыял сваіх урокаў. Як расказала намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце НІА Вольга Уладзіміраўна Зелянко, у цяперашні час у інстытуце распрацаваны праект адукацыйных стандартаў новага пакалення. У іх рэалізоўваецца кампетэнтнасны падыход, які ўстанаўлівае патрабаванні да вынікаў асваення навучэнцамі адукацыйнай праграмы. У адрозненне ад папярэдняга адукацыйнага стандарту, дзе быў дэталізаваны змест адукацыі, у адукацыйным стандарце новага пакалення прапісваюцца патрабаванні да адукацыйных вынікаў на трох узроўнях: прадметныя, метапрадметныя і асобасныя. Сёння ёсць навукова-метадычнае забеспячэнне, якое накіравана на фарміраванне ў навучэнцаў прадметых адукацыйных вынікаў у межах канкрэтных вучэбных прадметаў. Плануецца распрацаваць навукова-метадычнае забеспячэнне, якое было б накіравана на фарміраванне метапрадметных і асобасных адукацыйных вынікаў.

Практыкі часта адчуваюць цяжкасці ў фармулёўцы выхаваўчай задачы ўрока. Каб забяспечыць педагогаў канкрэтнымі матэрыяламі, якія дазволяць ім рэалізоўваць выхаваўчы патэнцыял зместу ўрока, у НІА плануецца да распрацоўкі галіновая навукова-тэхнічная праграма “Выхаванне праз навучанне”.

Вопытам па фарміраванні грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў на занятках падзяліліся педагогі-практыкі. Так, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра Гомельскай вобласці Яўген Валер’евіч Есіс расказаў, як выкарыстоўваецца на занятках выхаваўчы патэнцыял твораў Уладзіміра Караткевіча. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Ашмян Гродзенскай вобласці Ларыса Аляксандраўна Ларыёнава паведаміла пра арганізацыю работы ў гэтым напрамку на ўроках грамадазнаўства.

Інавацыйным напрамкам у сістэме работы настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 34 Магілёва Галіны Мікалаеўны Бяляевай стала прыцягненне моладзі да стварэння электронных сродкаў навучання. Прыкладам работы ў гэтым напрамку з’яўляецца электронная энцыклапедыя “Гісторыя Магілёва”, якая дазваляе па 17 раздзелах прасачыць гісторыю горада з дня заснавання да сённяшняга дня. Яшчэ адзін дыск — інтэрактыўная карта “Абарона Магілёва”, візуальныя магчымасці якой дазваляюць карыстальніку наглядна па карце па днях убачыць рух нямецка-фашысцкіх войскаў па тэрыторыі Беларусі ў чэрвені — ліпені 1941 года.

Сёння актыўна абмяркоўваюцца праблема прэстыжу працы настаўніка, пытанні замацаванасці маладых спецыялістаў, адтоку педагагічных кадраў з сістэмы адукацыі. Таму перад кожным кіраўніком узнікае натуральнае заканамернае пытанне: як забяспечыць эфектыўнае метадычнае суправаджэнне прафесійнага станаўлення маладога педагога? Па словах дырэктара ліцэя № 1 Гродна Ігара Сяргеевіча Маслава, сёння ў гродзенскім рэгіёне распрацавана сістэма метадычнага суправаджэння маладых настаўнікаў. Створана віртуальная Кніга гонару маладых спецыялістаў, якая штогод папаўняецца імёнамі тых, хто паспеў праявіць сябе ў прафесійнай дзейнасці. Па ініцыятыве ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама стала традыцыяй правядзенне тыдня летняй школы маладых педагогаў. Заняткі там праводзяць паспяховыя педагогі, якія маюць аўтарскія дыдактычныя сістэмы і эфектыўны вопыт. Малады настаўнік мае магчымасць атрымліваць адрасную дапамогу, праектуючы ўласны рух па выбраным напрамку дзейнасці. Не менш каштоўным з’яўляецца і зварот маладога настаўніка да крыніц інфармацыі, якія размяшчаюцца на блогах эфектыўна практыкуючых настаўнікаў.

— Мы не ставім мэту, каб малады настаўнік капіраваў паспяховы вопыт, а каб, убачыўшы паспяховыя сістэмы навучання, выстройваў свой вектар прафесійнага развіцця, — падкрэсліў Ігар Сяргеевіч. — Сёння ў арсенале педагога — вялікая колькасць сродкаў, разнастайных крыніц атрымання інфармацыі. Калі педагог будзе разумець самаадукацыю як стыль свайго жыцця, то ён зможа рухацца па ўласнай траекторыі, выстройваючы свой вектар развіцця ў патрэбным напрамку.

Сакрэтамі кіравання ўстановай адукацыі падзялілася дырэктар гімназіі № 56 імя А.Вішнеўскага Гомеля Аксана Антонаўна Капусціна. У арганізацыі работы з калектывам яна кіруецца прынцыпам “наяўнасць разумнай ступені свабоды дзеянняў падначаленых — планамерны шлях да станоўчага выніку”. Дырэктар пераканана, што поспех установы не можа вызначаць адзін чалавек ці некалькі, няхай нават самых адораных, разумных і крэатыўных. Поспех вызначае калектыў, аб’яднаны адзінай ідэяй, звернуты да адзінай мэты. Далучэнне супрацоўнікаў да прыняцця рашэнняў па актуальных пытаннях дазваляе ім адчуваць сябе значнымі і неабходнымі. Класічным прыкладам сумеснай працы з’яўляецца складанне плана работы на навучальны год, дзейнасць творчых груп гімназіі пры падрыхтоўцы конкурсных матэрыялаў, метадычных мерапрыемстваў. Уменне самастойна прымаць рашэнні робіць калег больш адказнымі і менш залежнымі ад кіраўніка ў тых пытаннях, якія яны могуць вырашаць самі. Гэта садзейнічае стварэнню сітуацыі поспеху кожнага педагога, а адсюль — і калектыву.

А паспяховы творчы педагог мае патрэбу падзяліцца сваім вопытам з калегамі. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама Мінскай вобласці Вацлаў Іванавіч Матусевіч прадставіў новую форму работы — адукацыйны кірмаш, які становіцца добрай традыцыяй педагагічнага ўзаемадзеяння ў раёне. Так, вопыт аддзела быў прадстаўлены на адукацыйным кірмашы “Кіраваць, ствараючы сэнсы” сёлета ў чэрвені. А нядаўна, 18 жніўня, на 4 рэгіянальным этапе Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый на прадстаўленне вопыту ў форме стэндавага даклада было пададзена 95 заявак ад Мінскай вобласці. Экспертным саветам было адабрана 48. Падчас кірмашу было праведзена 17 майстар-класаў па розных напрамках. Найбольшую цікавасць выклікаў майстар-клас настаўніка фізікі сярэдняй школы № 1 Фаніпаля М.В.Дубіны “Каб дзеці хацелі вучыцца” і настаўніка інфарматыкі Станькаўскай сярэдняй школы імя М.Казея А.П.Ларчанкі “Школьная робататэхніка на аснове Arduino”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.