Мыем з карысцю для здароўя і прыроды

Навучэнцы Альхоўскай сярэдняй школы, члены школьнага лясніцтва “Жывіца”, у сакавіку праводзілі маніторынг фасфатаў у мыйных сродках, вывучаючы асартымент пральных мыйных сродкаў вясковага магазіна “Родны кут”. Заняцца гэтым мы вырашылі пасля таго, як наша школа ўключылася ў работу кампаніі “Рэкі без фасфатаў”, якая была ініцыявана Цэнтрам экалагічных рашэнняў пры падтрымцы Кааліцыі “Чыстая Балтыка” і стартавала ў краіне ў студзені 2018 года.

Кожны павінен разумець, што фасфаты — вялікая пагроза для навакольнага асяроддзя. Хімічныя кампаненты пральных парашкоў не знікаюць бясследна пасля мыцця, а трапляюць у глебу, а з яе напрамую — у водныя экасістэмы. Колькасць фасфатаў назапашваецца ў вадзе, а потым дзейнічае як угнаенне. Такая “падкормка” выклікае бурнае размнажэнне фітапланктону (сіне-зялёных водарасцяў). Багавінне пакрывае паверхню вадаёмаў плеўкай, якая перашкаджае паступленню ў ваду кіслароду і сонечнага святла. Раскладаючыся, багавінне выдзяляе ў ваду ў вялікіх колькасцях метан, аміяк, серавадарод, якія знішчаюць усё жывое. Так на дне вадаёмаў утвараюцца мёртвыя зоны. Працэс заканчваецца гібеллю многіх водных жывёл і поўным зарастаннем вадаёмаў. Гэта з’ява называецца эўтрафікацыяй. Праблема эўтрафікацыі, выкліканая выкарыстаннем пральных парашкоў з фасфатамі, даўно набыла сусветны характар.

Для нас значным з’яўляецца вырашэнне гэтай экалагічнай праблемы на мясцовым узроўні. Наша Альхоўка размешчана на маляўнічых берагах Альхоўскага вадасховішча, створанага на малой рацэ Страчы з прычыны будаўніцтва плаціны. Берагі вадаёмаў — улюбёнае месца адпачынку мясцовага насельніцтва і гасцей вёскі.Тут спыняюцца турысты з розных куткоў Беларусі, каб палюбавацца прыгажосцю мясцовых краявідаў, пасядзець з вудай на беразе ракі або схадзіць у лес у грыбы ці ягады.

На жаль, часам напрыканцы лета нам даводзіцца назіраць, як празрыстая вада ў вадаёме раптам зацвітае, набываючы насычаны зялёны колер, і становіцца непрыдатнай для купання. Рака Страча — правы прыток ракі Віліі, якая ўпадае на тэрыторыі суседняй дзяржавы ў Нёман. Нёман нясе свае воды ў Балтыйскае мора, а значыць, уздзейнічае на яго эўтрафікацыю.

Для таго, каб паменшыць фасфатнае забруджванне вадаёмаў, неабходна, каб кожны жыхар разумеў, наколькі важны яго асабісты ўнёсак у вырашэнне праблемы. А трэба ўсяго толькі правільна выбраць пральны парашок, які ў сваім складзе не будзе ўтрымліваць фасфатаў. У асартыменце ў краме былі прадстаўлены пральныя мыйныя сродкі як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. І ўсе яны ўтрымліваюць фасфаты. Выключэннем стаў толькі пральны парашок “Новы Лотас” беларускай вытворчасці.

Для павышэння экалагічнай граматнасці вучняў і мясцовага насельніцтва нашы дзеці, неабыякавыя да праблем пасёлка, правялі анкетаванне сярод настаўнікаў і сем’яў вучняў школы. Пытанні датычыліся ведання складу мыйных сродкаў і іх уплыву на здароўе чалавека і стан вадаёмаў. Як высветлілася, большасць апытаных не валодаюць інфармацыяй аб наяўнасці фасфатаў у пральных сродках і іх уплыве на здароўе чалавека і прыроду. Таму наступным крокам было інфармаванне навучэнцаў праз правядзенне пазакласных мерапрыемстваў. Група актывістаў распаўсюджвала сярод насельніцтва лістоўкі па гэтай праблеме.

Потым навучэнцы нашай школы правялі эксперымент, у якім даследавалі эфектыўнасць фасфатных і бесфасфатных мыйных сродкаў. Для гэтага на ўзоры тканіны былі нанесеныя чатыры розныя забруджвальнікі (кава, кетчуп, губная памада, бруд). Іх даследаванне даказала, што ўтрыманне фасфатаў у мыйным сродку не ўплывае на якасць мыцця. На падставе гэтага была зроблена выснова, што лепш аддаваць перавагу парашкам без фасфатаў. Так мы клапоцімся не толькі пра ўласны арганізм, але і пра прыроду.

Такім чынам, дзеці авалодалі мінімальнымі экалагічнымі ведамі для ўсведамлення значнасці кожнага ў пытаннях захавання прыроды.

Яніна КУЦЬКО,
настаўніца біялогіі Альхоўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна,
кіраўнік школьнага лясніцтва “Жывіца”.