Мёд і яд

- 11:31Навука і інавацыі

20 мая пчаляры ўсяго свету адзначылі прафесійнае свята. Дата зацверджана Генеральнай Асамблеяй ААН у гонар дня нараджэння заснавальніка сучаснага пчалярства, наватара і аўтара многіх рэкамендацый для пчаляроў Антона Яншы (1734 г.н.).
У гэты дзень у Нацыянальнай акадэміі навук прайшоў XXIII Кангрэс Федэрацыі пчалярскіх арганізацый “Апіславія”. Спецыялісты і навукоўцы згаданай галіны абмеркавалі праблемы пчалярства.

У рабоце кангрэса, які праходзіў з рэальнай прысутнасцю і ў анлайн-фармаце, прынялі ўдзел вядучыя пчаляры Беларусі, Расіі, Малдовы і іншых краін. Спецыялісты падзяліліся вопытам навуковага суправаджэння галіны, уключаючы найноўшыя тэхналогіі атрымання прадуктаў пчалярства. Закранулі і экалагічны аспект, што садзейнічае павышэнню якасці мёду і прасоўванню прынцыпаў здаровага харчавання.

Спецыялісты разгледзелі пытанні стварэння і прымянення медыцынскіх і ветэрынарных прэпаратаў, кармоў і дабавак на аснове прадуктаў пчалярства, абмеркавалі метады прафілактыкі хвароб і лячэння пчол. Пчаляры-практыкі вызначылі задачы навукі ў гэтай важнай галіне.

На 1 студзеня 2021 года ў Беларусі налічвалася больш за 210 тысяч пчаляроў (амаль 33 тысячы — у сельскагаспадарчых арганізацыях і больш за 4 тысячы — у сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках). Удзельнікі кангрэса адзначылі, што гэта вялізны патэнцыял для атрымання якасных прадуктаў пчалярства: мёду, пылку, пяргі, пропалісу, матачнага малачка, пчалінага яду, воску.

Як заявіў намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Пётр Казакевіч, “важна пашыраць пасевы меданосаў не толькі дзеля развіцця пчалярства, але і для павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур — гэта адно з рашэнняў дактрыны харчовай бяспекі краіны”.

Пётр Казакевіч адзначыў істотныя дасягненні беларускіх вучоных па развіцці пчалярства. Так, у Інстытуце пладаводства НАН Беларусі распрацоўваецца сістэма выкарыстання пчол для павышэння ўраджайнасці пладовых і ягадных сельскагаспадарчых культур, вывучаюцца новыя тэхналогіі атрымання прадуктаў пчалярства. У Інстытуце генетыкі і цыталогіі рэалізаваны пілотны праект па пошуку эфектыўных ДНК-маркераў для характарыстыкі генетычнай разнастайнасці меданосных пчол у Беларусі. У выніку ўстаноўлены падвіды пчол, іх чыстапароднасць і ступень метысацыі. У Інстытуце эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага створаны новыя метады лячэння пчол. У Інстытуце абароны раслін тэсціруюцца інсектыцыдныя ўласцівасці гербіцыдаў. У Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі запланаваны навуковыя даследаванні па падборы новых меданосных раслін для пчалярскіх гаспадарак. Акрамя таго, прынята рашэнне аб стварэнні або пашырэнні пчальнікоў у шэрагу арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук.

21 мая пад эгідай Федэрацыі пчалярскіх арганізацый на базе Інстытута пладаводства НАН Беларусі прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Актуальныя пытанні сучаснага пчалярства”. Удзельнікі кангрэса і канферэнцыі наведалі квітнеючыя сады РУП “Пладаводства” Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама пчаліныя гаспадаркі.


“Апіславія” — Федэрацыя пчалярскіх арганізацый Еўропы і Азіі, заснаваная ў 1910 годзе. Гэта адна з найбуйнейшых пляцовак для абмеркавання агульных поспехаў і праблем пчалярства. Кожныя два гады “Апіславія” праводзіць міжнародныя кангрэсы па пчалярстве ў розных краінах. Сёлета форум прымаў Мінск.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Валерыя БУРДУСЯ.