Можна навучыцца, калі паўдзельнічаць у Logic Like. У Мінску прайшла Рэспубліканская алімпіяда (вочны тур) па логіцы і матэматыцы для дашкольнікаў і вучняў 1—4 класаў. Мерапрыемства было арганізавана ў фармаце сямейнага свята і праходзіла на базе сталічнай гімназіі № 16.
Больш за 1400 дзяцей змагаліся за званне самых лагічных. Арганізатары перакананы, што развіццё логікі дапамагае дзецям думаць, а не проста вучыцца або завучваць. У алімпіядзе можна было паўдзельнічаць любому дзіцяці ва ўзросце 5—12 гадоў. Тут важны не ўзрост, а ўменне спраўляцца з заданнямі.
Алімпіядны тэст утрымліваў 9—10 заданняў. У задачах было важна правільна зразумець умову. Гэта і ёсць уменне працаваць з інфармацыяй, якое з’яўляецца вельмі важным у XXI стагоддзі. А ўменне прымяніць свае веды ў нестандартнай сітуацыі спатрэбяцца не толькі ў школе, але і ў жыцці.
“Мы праводзілі Рэспубліканскую алімпіяду па логіцы і матэматыцы ўжо 9 разоў. Кожны раз удзельнікаў усё больш і больш. У мінулыя выхадныя праз гімназію № 16 Мінска прайшло каля 3000 дзяцей і іх бацькоў. Гэта адзіная алімпіяда па логіцы для дашкольнікаў і вучняў 1—4 класаў у нашай краіне.
Удзельнікамі алімпіяды сталі не толькі дзеці з Мінска, але і госці з Салігорска, Барысава і Гродна. Для нас алімпіяда — гэта магчымасць выявіць і падтрымаць адораных дзяцей па ўсёй Беларусі. Акрамя таго, гэта адзін са шляхоў з ранняга ўзросту рыхтавацца да больш сур’ёзных выпрабаванняў у жыцці. Мы вучым бацькоў падтрымліваць сваіх дачок і сыноў у любым выпадку, выйграе дзіця ці прайграе. Пройгрыш — гэта таксама вопыт, галоўнае — ацэньваць яго як кропку росту, а не хвалявацца”, — падзялілася каардынатар вочных заняткаў Logic Like Алена Зернікава.
“Я ўдзельнічаў ва ўсіх алімпіядах “Супер-Логік”, маю 9 перамог. Таксама я пастаянна ўдзельнічаю ва ўсемагчымых школьных і рэспубліканскіх алімпіядах. Мару стаць праграмістам, таму што ў іх зарплаты добрыя”, — падзяліўся старажыл алімпіяды і юны вундэркінд з Мінска Юра Бязручка.
Logic Like — гэта свята не толькі для дзяцей, але і для іх бацькоў. Пакуль дзеці рашалі алімпіядныя заданні, для бацькоў быў арганізаваны сапраўдны ўрок логікі, дзе яны таксама рашалі задачы, гулялі. 2 лютага ўдзельнікі з бацькамі будуць запрошаны на ўзнагароджанне пераможцаў алімпіяды.
Алімпіяда “Супер-Логік” — гэта міжнародная анлайн-алімпіяда па рашэнні нестандартных задач па матэматыцы і логіцы для дзяцей 1—4 класаў на базе платформы LogicLike.com. Дзявяты раз праходзіць у Беларусі, і за гэты час больш за 50 000 дзяцей з нашай краіны, Украіны, Казахстана, ЗША атрымалі свае першыя пераможныя званні і патрэніравалі сваё аналітычнае мысленне.
Дарэчы, толькі ў Беларусі вочны этап праводзіцца ў фармаце сямейнага свята. У праграму ўваходзіць рашэнне задач на логіку, кемлівасць, уважлівасць, прасторавае і крытычнае мысленне, пошук заканамернасцей і выбудоўванне паслядоўнасцей.
Віртуальная платформа па логіцы і матэматыцы аб’ядноўвае больш за 100 000 чалавек (супрацоўнічае з Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі, вучэбным цэнтра пры БДУ, арганізоўвае адукацыйныя мерапрыемствы для педагогаў) і рэкамендавана для настаўнікаў школ, пры правядзенні факультатываў і дадатковых заняткаў па гэтых дысцыплінах.
Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота прадастаўлена арганізатарамі.