Мысляць глыбока і па-сучаснаму

Алімпіяда па грамадазнаўстве ў гэтым годзе адзначае юбілей — 15 гадоў назад яна вылучылася ў асобную, аддзяліўшыся ад алімпіяды па гісторыі. І да гэтай даты ўдзельнікі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды зрабілі журы, арганізатарам і педагогам падарунак, выступіўшы надзвычай моцна.

Уладальнікі дыпломаў І ступені.

Эпіцэнтрам падзей алімпіяды па грамадазнаўстве стаў Барысаў. Навучэнцаў гасцінна прымаў Барысаўскі дзяржаўны каледж. Яго супрацоўнікі стваралі максімальна камфортныя ўмовы для працы і адпачынку разумнікаў і разумніц. 

Алімпіяда традыцыйна прадугледжвала два туры. У першым навучэнцы адказвалі на разнастайныя пытанні сацыяльна-гуманітарнага блока, якія патрабавалі разгорнутых адказаў-разважанняў. У другім туры ўдзельнікам прапаноўваліся тэставыя заданні.

Адметнасць алімпіяды па грамадазнаўстве ў тым, што прадмет гэты комплексны і патрабуе ведання розных навук — філасофіі, сацыялогіі, права, паліталогіі, эканомікі. Гэта робіць прадмет цікавым, але і надзвычай складаным. І ў гэтым годзе ўдзельнікам удалося здзівіць і парадаваць спецыялістаў, якія ацэньвалі работы.

— Журы прыемна здзівіла, што школьнікі разважаюць на ўзроўні дыпламаванага спецыяліста ўстановы вышэйшай адукацыі. Члены журы нават выказалі меркаванне, што калі падсумаваць усе ідэі, выказаныя ўдзельнікамі алімпіяды, класіфікаваць і структураваць іх, то атрымалася б дысертацыя на атрыманне вучонай ступені кандыдата юрыдычных або палітычных навук, — адзначае старшыня журы алімпіяды Андрэй Віктаравіч Шыдлоўскі, намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце юрыдычнага факультэта БДУ, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт.

У заданнях былі пастаўлены даволі складаныя пытанні, і навучэнцы, адказваючы на іх, прадэманстравалі начытанасць, эрудыцыю, шырокі кругагляд. Так, напрыклад, школьнікам прапаноўвалася паразважаць аб ролі сям’і і шлюбу ў грамад­стве, ролі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне, а таксама даць ацэнку дзейнасці грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і прапанаваць сцэнарыі далейшага развіцця арганізацыі.

— Юныя грамадазнаўцы мысляць глыбока і па-сучаснаму. Удзельнікі алімпіяды выказвалі свежыя крэатыўныя ідэі, знаходзілі нестандартныя рашэнні. Так, у многіх работах су­стракаліся прапановы па развіцці сацыяльна-сеткавых камунікацый, думкі пра тое, як сучасныя тэхналогіі будуць укараняцца ў штодзённае жыццё і стымуляваць развіццё грамадства, — дзеліцца меркаваннем А.В.Шыдлоўскі. — Варта адзначыць таксама, што ўдзельнікі прадэманстравалі сапраўднае грамадзянскае мысленне, патрыятызм, яны адчуваюць сябе беларусамі. Радасна ўсведамляць, што новае пакаленне менавіта такое. Упэўнены, з такой моладдзю нашу краіну чакае цудоўная будучыня. 

Лідарамі сярод навучэнцаў 10 класаў сталі Настасся Кармазіна, навучэнка гімназіі № 5 Баранавіч, Лізавета Глушакова, навучэнка сярэдняй школы № 13 Жлобіна, Вікторыя Жорава, якая вучыцца ў Ліцэі БДУ. Дзяўчаты ўзнагароджаны дыпломамі І ступені. Адметна, што разам з дзесяцікласнікамі змагаліся і навучэнцы 9-х класаў. І рабілі гэта вельмі паспяхова — трое ўзнагароджаны дыпломамі.

Лепшымі сярод навучэнцаў 11 класа сталі Дар’я Іванова, навучэнка гімназіі № 2 Віцебска, Дзмітрый Мятліцкі, навучэнец гімназіі № 51 Гомеля, Ірына Навіцкая, прадстаўніца гімназіі № 1 Дзяржынска, і Іван Аксінушкін, які вучыцца ў гімназіі Рагачова.

Удзельнікі алімпіяды атрымалі таксама спецыяльныя прызы за лепшае выкананне заданняў па розных дысцыплінах. Яны не сталі лепшымі ў агульным заліку, аднак далі самыя бліскучыя адказы на пытанні па праве, філасофіі, сацыялогіі, філасофіі.

Найлепшы вынік у алімпіядзе па грамадазнаўстве — у каманды Гомельскай вобласці: 7 дыпломаў, 3 з якіх — І ступені. Другую прыступку п’едэстала гонару падзялілі паміж сабой каманды Брэсцкай вобласці і Ліцэя БДУ, у якіх па 5 дыпломаў. Трэці вынік паказалі прадстаўнікі Віцебскай вобласці. Каманда Гомельшчыны, дарэчы, дэманструе стабільна высокі вынік на алімпіядзе па грамадазнаўстве ўжо шмат гадоў запар.

— Ёсць некалькі фактараў, якія вызначаюць станоўчы вынік, — расказвае трэнер каманды Гомельскай вобласці па грамадазнаўстве Яўген Яўгенавіч Касцюшка, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Гомельскай Ірынінскай гімназіі. — Першае — гэта моцная і стабільная сістэма работы на ўсіх узроўнях — ад установы адукацыі да ўсёй вобласці. Другое — адораныя працавітыя вучні, якіх трэба знайсці, матываваць і падтрымліваць. Трэцяе — корпус зацікаўленых выкладчыкаў, майстроў сваёй справы, якія самааддана працуюць з дзецьмі.

Віншуючы разумнікаў і разумніц з завяршэннем доўгага алімпіяднага шляху, Венера Міхайлаўна Варановіч, метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА, адзначыла, што ўсе яны — эліта школьнай моладзі, і пажадала юнакам і дзяўчатам стаць элітай і студэнцкай моладзі, нашага грамадства. І ні ў каго ў зале не было сумненняў, што так і будзе.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.