На адной хвалі

- 15:54Выхаванне, Выхаваўчая работа

Галоўная фішка суботы ў сярэдняй школе № 9 Жодзіна — інтэрактыўнасць, якая прадугледжвае гульнявы фармат, абмен думкамі і зваротную сувязь з бацькамі.

Ва ўстанове адукацыі распрацавана адмысловая сістэма работы, якая складаецца з тэматычных перыядаў. Кульмінацыяй кожнага такога адрэзка становіцца глабальны фестываль. Напрыклад, фінальным акордам тэматычнага перыяду “Падарожжа ў Каляды”, які праводзіўся ў студзені, была інтэрактыўная субота “Мы разам ад Каляд да Вадохрышча”. У ёй прынялі ўдзел вучні 1—9 класаў, а таксама іх бацькі. Адначасова праходзіла 16 мерапрыемстваў гульнявога, творчага, інтэлектуальнага і пазнавальнага кірункаў.

Зусім нядаўна завяршыўся тэматычны перыяд “Узыходжанне”, у рамках якога быў праведзены агульнашкольны творчы фестываль “Я, ты, ён, яна — разам дружная краіна”. Мерапрыемства прайшло на першым тыдні святкавання Уваскрэсення Гасподняга, таму асаблівая ўвага была ўдзелена велікодным традыцыям. Тэматычная пляцоўка “Свята свят” была арганізавана ў форме інтэрактыўнай прэзентацыі. У ёй раскрываліся традыцыі святкавання Вялікадня кожнага народа, які пражывае ў Беларусі. Пасля прадстаўлення нацыянальнасцей школьнікі арганізавалі віктарыну па тэме прэзентацыі.

— 21 мая мы правядзём трэцяе мерапрыемства такога фармату — інтэрактыўны бацькоўскі дзень, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марыя Іванаўна Далецкая. — Ён атрымаў назву “Сардэчна запрашаем, або Пабочным уваход забаронены”. У ім будзе ўдзельнічаць уся школа, таму запланавана шырокая забаўляльна-пазнавальная праграма. Па-першае, падвядзём вынікі дыстанцыйнага кінафестывалю “Пад покрывам святым”, які стартаваў у другім паўгоддзі гэтага навучальнага года. Па-другое, дзеці разам з бацькамі паўдзельнічаюць у квест-гульні, створанай па матывах мультфільма пра святых Пятра і Фяўронію, якія лічацца заступнікамі сямейнага ачага. Таксама будуць арганізаваны выстава “Калекцыя маёй сям’і”, фестываль настольных гульняў, кірмаш кандытарскіх вырабаў.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.