На адной хвалі з вучнямі

Канстанцін Уладзіміравіч Кавалевіч ніколі не марыў стаць настаўнікам. Педагагічную прафесію ён выбраў з рацыянальнай пазіцыі: хацелася мець гарантаванае працаўладкаванне. Пра покліч душы і прыклад школьных настаўнікаў гаворкі не было. Здаровы разлік. Нядзіўна, чаму, стаўшы настаўнікам, малады чалавек спачатку не ўспрымаў сябе сур’ёзна. Усведамленне прафесіі прыйшло толькі праз некалькі гадоў. Сёння Канстанцін Уладзіміравіч выразна адчувае, што школа — яго месца, якое ён пакідаць не збіраецца. За 8 гадоў педагагічнай работы малады настаўнік дасягнуў шмат і плануе дасягнуць яшчэ больш.

К.У.Кавалевіч з дзяцінства захапляўся дакладнымі навукамі, таму пасля школы паступіў на фізіка-матэматычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна. З 2010 года працуе настаўнікам фізікі і інфарматыкі ў сярэдняй школе № 3 Бярозы. Вялікую дапамогу ў прафесійным станаўленні маладому педагогу аказалі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Сяргееўна Нікалаева, тагачасны настаўнік інфарматыкі (сённяшні дырэктар сярэдняй школы вёскі Здзітава) Ігар Рыгоравіч Піліпчук і дырэктар школы Алена Міхайлаўна Саковіч, якія адразу ўбачылі ў маладым спецыялісце патэнцыял і заўсёды падштурхоўвалі да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці і розных конкурсах.

— Канстанціна Уладзіміравіча вылучае высокі ўзровень прадметных ведаў, — гаворыць дырэктар школы А.М.Саковіч. — Ён вельмі цікава тлумачыць вучэбны матэрыял, паказваючы яго сувязь з жыццём, добра ведае дзіцячую псіхалогію, улічвае ў рабоце індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці школьнікаў. Камунікабельнасць і шчырая гатоўнасць да даверлівага дыялогу дазваляюць педагогу быць з вучнямі на адной хвалі. Дзеці цэняць сумленнасць, адкрытасць, тактоўнасць і добразычлівасць Канстанціна Уладзіміравіча. Крэатыўны падыход у выкладанні вучэбнага матэрыялу павышае цікавасць школьнікаў да дакладных навук. Ён умее з пачуццём гумару выйсці з любой складанай сітуацыі.

— У педагагічнай дзейнасці больш за ўсё падабаюцца пастаяннае адкрыццё чагосьці новага і неабходнасць нястомнай самаадукацыі, — прызнаецца Канстанцін Уладзіміравіч. — Да атрымання новых ведаў вельмі моцна матывуюць вучні. Каб знайсці агульную мову з сучаснымі падлеткамі, трэба ведаць іх захапленні ў музыцы, модзе, ІТ-сферы. Зносіны з дзецьмі даюць неверагодную энергію, якая падштурхоўвае да творчага пошуку. Сваю асноўную задачу бачу ў тым, каб выхаваць у школьнікаў важныя чалавечыя якасці, падрыхтаваць выпускнікоў да самастойнага жыцця, сфарміраваць у іх уласны пункт погляду і правільныя паводзіны ў сучасным інфармацыйным грамадстве. З вопыту ведаю, як важна ў жыцці, каб побач быў чалавек, які зможа падказаць і дапамагчы.

Нягледзячы на высокую камп’ютарызацыю адукацыі, Канстанцін Уладзіміравіч аддае перавагу традыцыйнаму ўроку. Але гэта зусім не азначае, што настаўнік не выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі і электронныя сродкі навучання. Ён імі празмерна не захапляецца.

— Галоўнае — навучыць дзяцей выказваць уласныя думкі і развіць камунікатыўныя навыкі, — лічыць педагог. — З’яўляюся прыхільнікам эўрыстычнага навучання. На ўроках актыўна выкарыстоўваю групавую форму работы вучняў. Асаблівую ўвагу ўдзяляю практыка-арыентаванаму навучанню. Да фізікі матывую праз нагляднасць. Заўсёды праецырую гэтую складаную навуку на жыццё.

Канстанціну Уладзіміравічу вельмі падабаецца працаваць з высокаматываванымі вучнямі, бо работа з імі патрабуе пастаяннай падрыхтоўкі. “Настаўнік павінен паказаць узровень, да якога варта імкнуцца, — адзначае К.У.Кавалевіч. — Упэўнены, што з сённяшніх 11 дзесяцікласнікаў, з якімі займаюся 5 гадоў, многія выберуць фізіку для працягу адукацыі”.

Канстанцін Уладзіміравіч актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, раённых турзлётах і навагодніх ранішніках, з’яўляецца членам школьнай каманды па валейболе і старшынёй маладзёжнага савета пры райкаме прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. К.У.Кавалевіч — пераможца Абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны — 2015” і фіналіст Рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года — 2017”.

— Хачу, каб выхаванцы дасягалі поспехаў не толькі ў вучобе, але і ў жыцці, бо адчуваю далучанасць да іх лёсу, — прызнаецца Канстанцін Уладзіміравіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *