На адной хвалі з выхаванцамі

- 11:31Адукацыйная прастора

“Кожнае дзіця таленавітае і цікавае, — пераканана настаўніца пачатковых класаў гімназіі
№ 35 Мінска Надзея Андрэеўна Мілашэўская. — Вельмі часта не толькі яны ў мяне, але і я ў іх вучуся важным рэчам, напрыклад, непасрэднасці, чуласці, адкрытасці. Дзеці часта дзеляцца сваімі сакрэтамі, якія толькі на вушка і можна гаварыць. Адной сваёй прысутнасцю яны дораць зарад бадзёрасці, даюць штуршок да творчасці”.
У сваёй рабоце педагог выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, якія павышаюць матывацыю малодшых школьнікаў да навучання, ствараюць умовы для іх усебаковага развіцця, робяць адукацыйны працэс цікавым і захапляльным. Летась за плённую працу ў гэтым напрамку Н.А.Мілашэўская адзначана прэміяй Мінгарвыканкама.

З усмешкай па жыцці

Надзею Андрэеўну я сустрэла на парозе яе вучэбнага кабінета. Невялікая ростам, стройная маладая жанчына з іскрыстымі вачыма і звонкім голасам размаўляла са сваёй калегай. Убачыўшы мяне, настаўніца ветліва заўсміхалася, і міжволі падумалася, што з дапамогай сваёй шчырай усмешкі гэты педагог зможа сапраўды дасягнуць многага. Усмешка выклікае прыхільнасць, разнявольвае, акрыляе. Н.А.Мілашэўская гаворыць, што зусім невыпадкова стала настаўніцай пачатковых класаў, бо гэта педагог універсальны, выкладае шэраг прадметаў, ён — майстар на ўсе рукі: і шавец, і кравец, і каваль, і стругаль. “Я нарадзілася ў сям’і матэматыкаў, — заўважае настаўніца. — Мама ў мяне матэматык-праграміст, асвоіла літаральна ўсе пакаленні камп’ютараў, і схільнасці да матэматыкі праявіліся ў мяне з самага дзяцінства. Ды і на педагога вельмі пашчасціла — у нас у школе выкладаў цудоўны настаўнік матэматыкі Барыс Юр’евіч Яшчын, які з’яўляецца аўтарам школьных падручнікаў. Акрамя таго, я вельмі люблю маляваць, штосьці вырабляць рукамі, 15 гадоў я танцавала ў ансамблі “Равеснік”, захаплялася акрабатычным рок-н-ролам. І зразумела, што рэалізаваць усе свае здольнасці змагу толькі з малодшымі школьнікамі, таму і вырашыла паступаць на факультэт пачатковай адукацыі”.
З 1996 года настаўніца працуе з пачаткоўцамі: спачатку — у сталічнай сярэдняй школе № 130, а пасля дэкрэтнага водпуску — у гімназіі № 35 (навучальнай установе, якую сама калісьці скончыла; праўда, тады яна яшчэ была школай).
— Я добра памятаю свае першыя ўрокі. Мне было так страшна! Адна справа — ведаць усё ў тэорыі, зусім іншая — калі ты стаіш перад класам і выкладаеш тое, што падаецца нам, дарослым, такім зразумелым. І перайсці менавіта на ўзровень дзяцей, патлумачыць ім той ці іншы матэрыял на даступнай мове было самым складаным. Але самі дзеці настолькі добразычлівыя і адкрытыя, што я зразумела, што правільна выбрала сваю прафесію. Я імкнуся паставіць сябе на месца вучняў, зразумець, што ім патрэбна. Калі рыхтуешся да ўрока — гэта адно, у класе ж усё па-іншаму. Нестандартных сітуацый заўсёды вельмі многа, трэба ўмець быць гібкай.
Надзея Андрэеўна лічыць, што настаўнік абавязкова павінен умець здзіўляць. Дзіця ў пачатковай школе — гэта альпініст, які стаіць каля падножжа высокай гары, на якую яму давядзецца ўскарасквацца доўгія 11 гадоў. Дзіця прыходзіць у 1 клас з шырока расплюшчанымі ад здзіўлення вачамі. Яго здзіўляе ўсё! І настаўніку варта не толькі не пагасіць гэты агеньчык дапытлівасці, але і пастарацца распаліць яго як мага ярчэй. Дарэчы, псіхолагі лічаць, што ад таго, наколькі настаўніку пачатковай школы ўдасца захаваць матывацыю да навучання на працягу 4 гадоў, залежыць, якой гэтая матывацыя будзе ў далейшым. Нездарма асноўная мэта пачатковай школы — навучыць вучыцца.
Настаўніца пераканана, што дзяцей неабходна пастаянна заахвочваць, ствараць для іх сітуацыю поспеху. Добрае слова і цёплая ўсмешка знаходзяцца ў Надзеі Андрэеўны для кожнага дзіцяці. Аднаго навучэнца педагог хваліць за акуратна напісаны сказ у сшытку, другога — за ўвагу і стараннасць, трэцяга — за хуткасць і правільнасць выканання задання, чацвёртага — за кемлівасць і творчае рашэнне, пятага — за дапамогу таварышу. Нават частковы поспех, адзначаны настаўніцай, акрыляе навучэнца, падбадзёрвае яго. Выхаванцы Надзеі Андрэеўны ведаюць, што прызнаннем іх заслуг з’яўляецца і самаробны нагрудны значок “Умняша”.
Сваімі саюзнікамі і памочнікамі настаўніца абавязкова робіць бацькоў. Яна лічыць неабходным, каб не толькі дзеці, але і бацькі сябравалі. Калі яны ведаюць адно аднаго, тэлефануюць і многія пытанні могуць вырашыць разам, то гэта цудоўна. Бацькі разам са сваімі дзецьмі і на ўроках, і на святах. Для зносін бацькоў паміж сабой і настаўніцай створана закрытая група “УКантакце”.

Шлях да сэрца дзіцяці

Як зацікавіць дзіця вучэбным прадметам? Як цікава і даступна данесці да яго новы вучэбны матэрыял? Надзея Андрэеўна вырашае гэтыя пытанні шляхам уключэння навучэнцаў у сітуацыю творчай пошукавай работы і даследчай дзейнасці, бо разумее, што менавіта праз казку, гульню — шлях да сэрца дзіцяці, асабліва першакласніка. Заданні і матэрыялы педагог падбірае так, каб яны былі даступнымі па выкладанні, ярка аформлены, мелі элементы займальнасці і спаборніцтва. Схемы-апоры, табліцы, раздатачны матэрыял, займальныя практыкаванні сталі надзейнымі памочнікамі ў рабоце настаўніцы. Яны выклікаюць пачуццё здзіўлення, незвычайнасці, навізны, развіваюць кемлівасць, ініцыятыву. У выніку вучань працуе на ўроку з цікавасцю, і нават цяжкія заданні становяцца пасільнымі для яго. Цудоўным сродкам выхавання і навучання на ўроках Н.А.Мілашэўскай з’яўляецца гульня. Для гэтага настаўніца ставіць вучняў ва ўмовы пошуку, абуджае інтарэс да перамогі, а адсюль іх імкненне быць хуткімі, спрытнымі, знаходлівымі, умець дакладна выконваць заданні, прытрымлівацца правіл. У гульнях, асабліва калектыўных, фарміруюцца і маральныя якасці асобы. У выніку дзеці аказваюць дапамогу таварышам, лічацца з інтарэсамі іншых.
Сёння, калі ўжо дзеці дашкольнага ўзросту з лёгкасцю арудуюць гаджэтамі, работу настаўніка цяжка ўявіць без выкарыстання інфармацыйных тэхналогій. Метад навучання з выкарыстаннем ІКТ вельмі прыцягальны і для самога педагога: дапамагае яму лепш ацаніць здольнасці і веды дзіцяці, зразумець яго, пабуджае шукаць новыя, нетрадыцыйныя формы і метады навучання.
Надзея Андрэеўна прыгадвае, як асвоіла камп’ютар яшчэ ў студэнцкія гады. Дарэчы, і дыпломная работа настаўніцы была прысвечана распрацоўцы тэставых заданняў для навучэнцаў пачатковых класаў. Выкарыстоўваць камп’ютар у педагагічнай дзейнасці настаўніца пачала са стварэння мультымедыйных прэзентацый да вучэбных заняткаў, якія ўводзілі навучэнцаў у камп’ютарны свет. Прэзентацыі PowerPoint прыўнеслі ва ўрок зусім новыя інтэрактыўныя прыёмы. Яны выкарыстоўваюцца для таго, каб дзіця глыбей зразумела, прачула тэму ўрока, творча праявіла сябе.
— Стварэнне прэзентацый да ўрока — гэта захапляльны творчы працэс, які ўзбагачае настаўніка, — заўважае Н.А.Мілашэўская. — І хаця падрыхтоўка да такіх урокаў патрабуе шмат часу для пошуку, сістэматызацыі і афармлення інфармацыі, але выкарыстанне камп’ютара аптымізуе дзейнасць педагога. Прымяненне колеру, графікі, гуку, сучасных сродкаў відэатэхнікі дазваляе мадэляваць сітуацыі, развіваючы пры гэтым творчыя і пазнавальныя здольнасці дзяцей. Мультымедыйныя распрацоўкі дапамагаюць зрабіць вучэбныя заняткі відовішчнымі, запамінальнымі, павышаюць актыўнасць навучэнцаў і цікавасць да матэрыялу за кошт уключэння ў працэс пазнання шырокага кола аналізатараў. Акрамя таго, усе распрацоўкі дазваляюць арганізоўваць самастойную дыферэнцыраваную работу навучэнцаў з наступнай самаправеркай.
Аўтарскія прэзентацыі настаўніцы папоўнілі гімназічную медыятэку электронных сродкаў навучання, якая была прадстаўлена на раённым этапе гарадской мультымедыявыставы “Інфармацыйныя тэхналогіі ў сістэме сталічнай адукацыі”. За распрацоўку электроннага сродку навучання “Інфармацыйныя тэхналогіі на ўроках у пачатковай школе” работа настаўніцы была адзначана дыпломам.
Знаёмства малодшых школьнікаў з камп’ютарам ажыццяўляецца настаўніцай і ў працэсе выкарыстання электронных трэнажораў, вучэбных гульнявых, навучальных і кантралюючых праграм. У працэсе работы з такімі праграмнымі сродкамі навучэнцы, з аднаго боку, адпрацоўваюць асноўныя карыстальніцкія навыкі (чытанне з экрана, работа з клавіятурай, мышшу) і навыкі самастойнай работы, а з другога — павышаюць якасць ведаў па вучэбных дысцыплінах. Так, комплексы па рускай мове і матэматыцы з серыі “Сямейны настаўнік” дазваляюць праводзіць розныя віды кантролю ведаў вучняў, арганізоўваць работу па ліквідацыі недахопаў, наладжваць турніры.
Першапачатковыя навыкі работы з камп’ютарам вучні Надзеі Андрэеўны атрымліваюць на факультатыўных занятках “Развіццёвая інфарматыка”, тут яны замацоўваюць веды, атрыманыя на ўроках матэматыкі, рускай мовы, выяўленчага мастацтва і іншых прадметах. Выходзячы за межы факультатыўных заняткаў і працуючы ў графічным рэдактары Paint, вучні развіваюць свае творчыя здольнасці, дробную маторыку, замацоўваюць веданне колераў, геаметрычных фігур, паслядоўнасць лічбаў і многае іншае. Атрыманыя веды і ўменні дзеці прымяняюць у гімназічным конкурсе “Камп’ютарны малюнак”. Робячы першыя крокі ў праграме PowerPoint, навучэнцы ствараюць першыя мультымедыйныя творчыя і даследчыя праекты пра сваіх свойскіх жывёл, захапленні, любімых пісьменнікаў і г.д.

Нагляднасць плюс інтэрактыў

Навыкі работы за камп’ютарам сталі для Н.А.Мілашэўскай асновай для авалодання інтэрактыўнай дошкай, якая з’явілася ў класе намаганнямі бацькоў тры гады назад.
— Інтэрактыўная дошка — гэта візуальны рэсурс, які дапамагае выкладаць новы матэрыял вельмі жыва і захапляльна, каштоўны інструмент для навучання ўсяго класа, які павышае эфектыўнасць урока, — падкрэслівае Надзея Андрэеўна. — Што дае выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі? Па-першае, працэс навучання ператвараецца ў захапляльную гульню. Па-другое, у работу ўключаюцца зрокава-тактыльныя адчуванні, тое, што дзіця бачыць, замацоўваецца яшчэ і рукамі, таму матэрыял лепш запамінаецца. Па-трэцяе, што не менш важна, настаўніку няма неабходнасці не толькі захоўваць, але і рыхтаваць вялікую колькасць нагляднасці ў папяровым варыянце. Выкарыстанне дошкі прадастаўляе магчымасці нагляднай падачы матэрыялу, хуткага пошуку дадатковай інфармацыі (пры прамым выхадзе ў інтэрнэт), творчага падыходу да правядзення вучэбных заняткаў.
Н.А.Мілашэўская выкарыстоўвае інтэрактыўную дошку на самых розных этапах урока ў залежнасці ад мэт і задач, ад формы і віду правядзення вучэбных заняткаў. Напрыклад, заняткі ў 1 класе адрозніваюцца ад усіх астатніх тым, што настаўніку неабходна падрыхтаваць вялікую колькасць нагляднасці для арганізацыі вучэбна-гульнявой дзейнасці. Педагог уносіць у працэс навучання элементы імправізацыі, патрэбныя каментарыі хутка з’яўляюцца паверх падрыхтаваных матэрыялаў, відэасюжэтаў, камп’ютарных дадаткаў і вучэбных праграм. Таксама педагог выкарыстоўвае магчымасць захоўваць і друкаваць створаныя на ўроку запісы і праглядаць іх пасля на камп’ютары.
Аснашчэнне вучэбнага кабінета інтэрактыўнай дошкай, праектарам дало магчымасць выкарыстання інтэрнэту непасрэдна на вучэбных занятках, а таксама вывучэння і выкарыстання сэрвісаў Web 2.0. І першым крокам па знаёмстве з гэтымі сэрвісамі стаў удзел выхаванцаў Н.А.Мілашэўскай у міжнародным сеткавым адукацыйным праекце “Разам весела крочыць па прадметах!” для вучняў 3—6 класаў. Прычым небезвынікова: каманда “Умняшки” ўзнагароджана сертыфікатам.
Выхаванцы Надзеі Андрэеўны з задавальненнем удзельнічаюць у інтэрнэт-праектах, міжнародных конкурсах, паказваючы добрыя вынікі. Так, на працягу некалькіх гадоў вучні паспяхова прымаюць удзел у міжнародным адукацыйным праекце для навучэнцаў і педагогаў “ЭМУ” (Эрудыт-марафон навучэнцаў). Яны, як, дарэчы, і іх педагог, актыўныя, дзейсныя, адкрытыя да ўсяго новага, з захапленнем бяруцца за рэалізацыю цікавых ідэй. У перспектыве Н.А.Мілашэўская плануе паспрабаваць сябе каардынатарам сеткавага праекта для малодшых школьнікаў. У планах педагога — стварэнне ўласнага сайта, а таксама работа па мадэлі “1 навучэнец — 1 камп’ютар”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.