На адной хвалі

У сярэдняй школе № 2 Астраўца пры ўдзеле супрацоўнікаў Астравецкай дзіцячай бібліятэкі адбылася творчая сустрэча школьнікаў з дзіцячым пісьменнікам Валерыем Квілорыя.

Адкрываючы сустрэчу, намеснік дырэктара Астравецкай раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава расказала пра гісторыю ўзнікнення тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі, нагадала аб важнасці чытання і прадставіла госця.

Валерый Квілорыя пазнаёміў гасцей са сваімі кнігамі, расказаў пра калег-пісьменнікаў, якія пішуць для дзяцей. Падчас яго выступлення школьнікі цягнулі рукі, каб задаць пытанні. Цікавіла ўсё: якія кнігі чытае, як адпачывае, ці змог бы працаваць настаўнікам, як пішуцца апавяданні, ці ёсць у яго дзеці-сябры, як палюбіць чытанне, як з’яўляюцца героі, ці піша для дарослых, як вучыўся ў школе…

Адказваючы на пытанні, пісьменнік падкрэсліў, што чытанне, самаадукацыя, дапытлівасць дае чалавеку перавагі, дапамагае выйсці са складаных сітуацый, дае адказы на многія жыццёвыя пытанні.

Валерый Тамазавіч прывёз шмат сваіх кніг і яшчэ больш весёлых гісторый, якія распавядаў з такім захапленнем, што школьнікі суправаджалі яго словы выбухамі смеху і захопленымі воклічамі. Дзіцячы пісьменнік па-майстэрску працуе з залай, задае цікавыя пытанні-заданні, дэманструючы веды дзіцячай псіхалогіі. Нават дарослыя захапляліся яго смешнымі гісторыямі і смяяліся разам з дзецьмі.

Школьнікі бралі аўтографы, фатаграфаваліся, дзякавалі за цікавую сустрэчу, дзяліліся ўражаннямі. Як заўважыў сам аўтар, чалавек, які нічым не цікавіцца, неадукаваны, не развіты духоўна, нічога не можа даць іншым, ні навучыць, ні захапіць.

Ганна КЕРЭЛЬ,
бібліятэкар Астравецкай дзіцячай бібліятэкі.