На адным дыханні

- 13:31Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Настаўнікі летам дзеляцца на тры катэгорыі: першыя хаваюць усе метадычныя дапаможнікі, як толькі надыходзіць 31 мая, і забываюць пра іх да канца жніўня. Другія рыхтуюць планы ўрокаў на наступны год і працягваюць разам з вучнямі працаваць над праектамі нават летам. А трэція адкрываюць летнюю школу для сваіх калег дзеляцца ўласным вопытам.

На базе сярэдняй школы № 3 Віцебска імя Л.М.Бяліцкага ў чэрвені ўпершыню працавала летняя школа для настаўнікаў англійскай мовы Кастрычніцкага раёна Віцебска. Школа была арганізавана, каб удасканаліць прафесійную кампетэнтнасць нас­таўнікаў англійскай мовы.

Падчас яе работы правялі тэматычны семінар “Рэалізацыя сучасных падыходаў да моўнай адукацыі ў рамках вучэбнага прадмета “Англійская мова”, а таксама майстар-класы “Інтэр-­­­
­а­ктыўныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе па англійскай мове”, “Актывізацыя маўленчай дзейнасці на ўроках англійскай мовы як сродак павышэння матывацыі навучэнцаў: методыка-практычныя матэрыялы з вопыту работы настаўніка англійскай мовы”, “Методыка Storytelling як сродак развіцця ключавых кампетэнцый навучэнцаў пры вывучэнні замежнай мовы”.

Акрамя таго, былі і практычныя заняткі: “Праектаванне і арганізацыя адукацыйнага працэсу на аснове патрабаванняў кампетэнтнаснага падыходу”, “Стварэнне сітуацыі поспеху на ўроках англійскай мовы”, “Шляхі развіцця чытацкай пісьменнасці на ўроках англійскай мовы”, “Набыццё навучэнцамі вопыту рэфлексіўнай дзейнасці ў пра­цэсе фарміравання метапра­д­метных кампетэнцый на ўроках англійскай мовы”.

У канцы правялі круглы стол “Прафесійная дзейнасць сучаснага настаўніка: праблемы, вопыт, перспектывы”. У рабоце прыняла ўдзел Наталля Аляксееўна Маладзечкіна з сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска імя Героя Савецкага Саюза Н.В.Траян, якая азнаёміла з методыкай Storytelling, расказаўшы аб прыёмах развіцця чытацкай пісьменнасці пры фарміраванні ключавых кампетэнцый, што вельмі важна ў сённяшнім час.

Навошта неабходны летні метадычны інтэнсіў настаўнікам? Час ад часу ў кар’еры кожнага, няважна наколькі мы захоплены сваёй работай, пат­рэбна прафесійная падтрымка, каб расці і квітнець. Зыходзячы з майго вопыту, я вылучыла некалькі асноўных прынцыпаў, якіх усе мы можам прытрымлівацца незалежна ад таго, на якой ступені міжнароднага адукацыйнага кантынуума знаходзімся, — усяго толькі некалькі рэчаў для росту. Я ўпэўнена, што гэтыя асноўныя прынцыпы дапамогуць у руху наперад на прафесійным шляху. 

Першы прынцып звязаны з пастаянным вучэннем і навучаннем. Навучыцеся вучыць і вучыцца самі. Выберыце сабе настаўніка і будзьце настаўнікам іншых.

Другі прынцып прымушае рызыкаваць для руху да поспеху. Прымусьце сябе напружыцца, калі на вашым шляху з’явіцца новая і складаная прафесійная магчымасць. Шкадаванне аб тым, што мы зрабілі, можа змяк­чыць час. Няўцешна шкадаванне аб тым, чаго мы не зрабілі. 

Трэці прынцып тычыцца падтрымання балансу ў нашым прафесійным жыцці. У жыцці патрэбен баланс. Нам неабходна работа. Нам неабходна гульня. Нам неабходны адпачынак. Нам неабходна такая любоў да таго, што мы робім, якая генерыруе энергію і энтузіязм. І нам неабходна лепшая інтэграцыя ўсіх гэтых рэчаў. Нам неабходна даць сабе магчымасць запаволіцца, змяніць тэмп ці змяніць сітуацыю. Але не трэба забываць, што ў жыцці ёсць нешта большае, чым паскарэнне. Дайце сабе час для творчасці. Дайце сабе час падумаць аб рэчах з іншага пункту гледжання. Чым больш мы заняты выкананнем нашых штодзённых абавязкаў, тым менш у нас магчымасцей даследаваць. Калі вы робіце нешта, не бойцеся знаходзіць арыгінальныя падыходы і падумаць, ці ёсць лепшы, больш творчы спосаб зрабіць гэта.

Педагогаў адрознівае цяга да работы ў школе. І я таксама цвёрда веру, што гэта ўжо дае нам трывалыя карані, з якіх мы можам расцвісці як прафесіяналы. Працуючы са школьнікамі, мы пераадольваем цяжкасці, без якіх не можам рухацца наперад. Мы, настаўнікі, гатовы рызыкаваць, калі гэта неабходна. Без гэтага мы проста марнеем. Мы імкнёмся да дасканаласці і не згаджаемся на меншае. Самыя шчаслівыя людзі ў гэтым свеце — гэта тыя, хто любіць тое, чым займаецца, незалежна ад багацця, славы, улады і высокага сацыяльнага становішча.

***

У метадычную скарбонку

Яніна Лук’яненка з сярэдняй школы № 29 Віцебска імя В.В.Піменава: “Хачу падзяка­ваць арганізатарам летняй школы. Гэта неверагодны вопыт для педагогаў любога ўзросту і стажу работы.

Семінары ў летняй школе сталі для мяне выдатным спосабам папоўніць метадычную скарбонку і пашырыць прафесійныя веды.

Дзякуй за цудоўна праведзены час, атрыманыя веды, пазітыўныя эмоцыі і новыя прыемныя знаёмствы. Як малады спецыяліст я пераняла вялікую колькасць сучасных прыёмаў і тэхнік, якія абавязкова буду выкарыстоўваць у сваёй далейшай рабоце”.

Алеся Пахомчык, педагог сярэдняй школы № 5 Віцебска імя Р.І.Багамазава: “Летняя школа для настаўнікаў англійскай мовы — гэта здорава. Я атрымала:

магчымасць практыкі, зносін і паглыблення ў англійскую
мову;

сустрэчы з цікавымі суразмоўнікамі, настаўнікамі-фанатамі сваёй справы, гатовымі дзяліцца сваім майстэрствам;

удзел у пляцоўцы для абмеркавання праблем адукацыі, спрэчных пытанняў у методыцы выкладання і пошуку вырашэнняў;

знаёмства з сучаснымі дадатковымі адукацыйнымі дапаможнікамі, метадамі і прыёмамі работы з імі на ўроку, сучаснымі тэндэнцыямі ў выкладанні замежнай мовы.

Дзякуй!”

Людміла Бардзюкова, настаўніца сярэдняй школы № 10 Віцебска: “Пяць дзён нашай летняй школы прайшлі на адным дыханні! Ірына Эдуардаўна Прызба дзялілася з намі сваімі метадамі актывізацыі маўленчай дзейнасці, прыёмамі мнематэхнікі, спосабамі падачы матэрыялу і правядзення рэфлексіі, гульнямі, якія выкарыстоўвае на ўроках. А потым мы ў групах, парах або індывідуальна прымяралі іх на сябе, выконваючы падрыхтаваныя заданні. Мы слухалі аўдыя, глядзелі фрагменты фільмаў, абмяркоўвалі іх, гулялі, рабілі міні-праекты, размаўлялі з калегамі, трэніравалі сваю па­мяць, рэфлексіравалі!

Так, штосьці атрымлівалася лёгка, недзе трэба было паразважаць, нешта азадачвала і прымушала задумацца, але тым большае было задавальненне ад зробленага. Кожны дзень мая метадычная скарбонка папаўнялася рознымі прыёмамі работы, карыснымі падказкамі, новымі элементамі. Абавязкова апрабую іх на сваіх уроках у новым навучальным годзе.

Цікавым і насычаным быў таксама майстар-клас, які правяла Наталля Аляксееўна Маладзечкіна з Верхнядзвінска. Мы азнаёміліся з методыкай Storytelling, на сабе зведалі некаторыя яе прыёмы, даведаліся пра розныя падыходы да падрыхтоўкі вуснага і пісьмовага выказвання. Мая скарбонка ідэй паспяхова папоўнілася!

Вялікі дзякуй Ірыне Эдуардаўне за нашы летнія ўрокі, а таксама за тую камфортную і добразычлівую атмасферу, у якой праходзілі ўсе майстар-класы”.

Ірына ПРЫЗБА, 
настаўнік-метадыст, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Віцебска імя Л.М.Бяліцкага.