На арэлях #раЗАм з бацькамi

Падчас рэспубліканскага праекта “#раЗАм з бацькамi” валанцёры БРСМ будуць добраўпарадкоўваць дзіцячыя пляцоўкі ў розных кутках Гомельскай вобласці.

У абкаме БРСМ паведамілі, што ў цэнтры ўвагі валанцёраў “Добрага Сэрца” як дзіцячыя пляцоўкі ў невялікіх дварах, так і месцы прыцягнення маленькіх жыхароў кварталаў. Да іх добраўпарадкавання прыцягнуць таксама сем’і, якія разам з дзецьмі бавяць тут час.

План мерапрыемстваў у рэгіёне ўключае больш за 30 пунктаў. Напрыклад, тры гомельскія сям’і з дзецьмі, якія пражываюць па вуліцы Уладзімірава ў Гомелі, ра­зам з валанцёрамі пафарбуюць арэлі, горку і турнікі, адрамантуюць лаўкі.

У Жлобінскім раёне актывісты БРСМ разам з моладдзю адновяць гульнявую пляцоўку на стадыёне ў вёсцы Радуша. У акцыі прымуць удзел сем’і як з райцэнтра, так і з сельскай мясцовасці, падтрымку акажуць прадпрыемствы. Плануецца выраўнаваць тэрыторыю, пакласці дарожкі, пафарбаваць гульнявыя канструкцыі.

У Рагачове валанцёры разам з бацькамі і дзецьмі давядуць да ладу гульнявую пляцоўку. Яны пафарбуюць дзіцячыя арэлі, адрамантуюць і абновяць пясочніцы. Да работ далучацца сем’і, якія пражываюць у гэтым двары. Марафон па добраўпарадкаванні прасторы для дзяцей у Гомельскай вобласці стане часткай рэспубліканскага маладзёжнага праекта #ЗаДело “#раЗАм з бацькамi”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.