На асабістым кантролі

Прэзідэнт Беларусі ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды школьніку Раману Кагадоўскаму і медыцынскім работнікам, якія яго выратавалі.

“Напэўна, гэта самая кранальная цырымонія ў Палацы Незалежнасці за ўсю гісторыю… Прэзідэнт узнагародзіць Рому Кагадоўскага, які выратаваў браціка з пажару. У палацы побач з сынам-героем і маці (якая правяла побач з ім больш за 100 дзён у бальніцы). Адзначаць і каманду ўрачоў, якія змагаліся за жыццё Ромы”, — праінфармаваў Telegram-канал “Пул Першага” перад узнагароджваннем.

Як не раз ужо паведамлялася, Рома Кагадоўскі на сваіх руках вынес з агню двухгадовага брата Ваню і тут жа страціў прытомнасць. Акрамя апёкаў, на яго твары і руках былі парэзы ад разбітага шкла, праз якое яму давялося прайсці. Яшчэ ў красавіку Рому на верталёце транспартавалі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска.

Сітуацыю з хлопчыкам, які пацярпеў у час пажару ў вёсцы Сідаравічы Мядзельскага раёна, трымаў на кантролі асабіста кіраўнік дзяржавы.

У кансіліумах па выпрацоўцы метадаў лячэння для Ромы прымалі ­ўдзел міністр аховы здароўя, лепшыя ўрачы розных профіляў рэспублікі. Некалькі кансіліумаў было праведзена з удзелам расійскіх калег.

У падтрымку юнага героя ў Беларусі была запушчана акцыя: людзі запісвалі відэа са словамі падтрымкі Раману і яго бацькам.

Раней Прэзідэнт падпісаў указ, ­у адпаведнасці з якім Рома Кагадоўскі быў узнагароджаны ордэнам “За асабістую мужнасць”.

Дзяржаўнымі ўзнагародамі і Па­дзякамі Прэзідэнта адзначаны таксама заслугі работнікаў Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска, якія былі задзейнічаны ў лячэнні Рамана ад апёкаў, атрыманых пры выратаванні брата.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання Прэзідэнт Беларусі правёў для школьніка Рамана Кагадоўскага персанальную экскурсію па сваім рабочым кабінеце ў Палацы Незалежнасці.

У час размовы з хлопчыкам Аляксандр Лукашэнка ў тым ліку наглядна паказаў Рому, з якім вялікім аб’ёмам інфармацыі Прэзідэнту даводзіцца штодзённа працаваць, прадэманстраваўшы яму тоўстую папку розных дакументаў:

— Вось глядзі. Гэта ўсё мне трэба на гэтым тыдні вывучыць на па­мяць. Вось па Канстытуцыі ў нас будзе мерапрыемства ў чацвер. А вось бу­дзем з Пуціным праводзіць у анлайн-рэжыме па тэлевізары перагаворы. Таксама матэрыялы трэба вывучыць. Гэта — у Магілёўскую вобласць паеду адкрываць з міністрам бальніцу новую. Таксама трэба ўсё на памяць вывучыць. Толькі за тры дні.

— Таму калі ты рызыкнеш быць Прэзідэнтам, май на ўвазе: ты вельмі многа павінен чытаць. Але не пужайся, яно з часам прыходзіць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Кацярына РУМЯНЦАВА.