На аснове адукацыйнага маркетынгу

У брэсцкай гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава актыўна ўкараняюцца элементы маркетынгавага кіравання. Педагогі ўстановы адукацыі назапасілі пэўны вопыт маркетынгавага падыходу да распрацоўкі і рэалізацыі стратэгіі яе развіцця.

З году ў год павышаецца канкурэнцыя паміж установамі адукацыі, кожная з якіх задумваецца пра свае перавагі на рынку адукацыйных паслуг, імідж у вачах педагогаў, дзяцей і іх бацькоў, — расказвае дырэктар гімназіі К.К.Калейчык. — Мы разглядаем канкурэнцыю як стымул для пошуку ўласнай унікальнасці. Аналіз запытаў удзельнікаў адукацыйнага працэсу і фактараў, якія ўплываюць на развіццё гімназіі, дазволіў вызна­чыць яе канкурэнтныя перавагі. 

Сённяшнія бацькі пры выбары ўстановы адукацыі арыентуюцца не толькі на вынікі навучання і выхавання дзяцей, але і на камфортныя ўмовы, добрую матэрыяльную базу, здароўезберагальнае асяроддзе, разнастайную адпачынкавую дзейнасць. Адна з прыярытэтных задач гімназіі — падрыхтаваць вучняў да паспяховай сацыялізацыі. У рэалізацыі гэтай задачы важную ролю адыгрывае маркетынг партнёрскіх адносін, для чаго ўдасканальваецца сістэма сацыяльнага партнёрства.

— Асноўны рэсурс павышэння якасці адукацыі — канкурэнтаздольны педкалектыў, — гаворыць К.К.Калейчык. — Кампетэнтныя кадры павышаюць імідж установы ў вачах дзяцей і іх бацькоў. Педагогі ўдасканальваюць прафесійнае майстэрства ў АПА і Брэсцкім абласным ІРА, удзельнічаюць у розных семінарах і канферэнцыях. На базе гімназіі праводзяцца практычныя заняткі для слухачоў інстытута. Лепшыя педагогі дзеляцца эфектыўнымі напрацоўкамі з калегамі, з’яўляюцца членамі журы конкурсаў і алімпіяд.

Адна з форм супрацоўніцтва — навуковае кансультаванне (суправаджэнне) інавацыйнай дзейнасці. На працягу 2014—2017 гадоў у гімназіі рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму, устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, накіраванага на выбар выпускнікамі педагагічных спецыяльнасцей”, навуковым кансультантам якога выступаў першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА С.Р.Рачэўскі.

Пра эфектыўнасць супрацоўніцтва гімназіі і інстытута красамоўна сведчыць колькасць педагогаў, якія паспяхова здалі кваліфікацыйны экзамен на прысваенне вышэйшай катэгорыі (за апошнія 5 гадоў — 25).

— Прыярытэтным напрамкам маркетынгу партнёрскіх адносін з’яўляецца і ўзаемадзеянне з сям’ёй, — адзначае К.К.Калейчык. — Супрацоўніцтва бацькоў і гімназіі — актуальны і запатрабаваны напрамак дзейнасці. Сучасным сем’ям патрабуецца сістэматычная кваліфікаваная дапамога з боку педагогаў. Акрамя таго, вельмі важна дабіцца актыўнай жыццёвай пазіцыі бацькоў, сфарміраваць у іх разуменне прыналежнасці да гімназічнай адукацыйнай прасторы.

Мамы і таты актыўна інфармуюцца пра дзейнасць установы адукацыі. Многія пытанні, звязаныя з яе работай, разглядаюцца на пасяджэннях савета і папячыцельскага савета гімназіі, бацькоўскіх канферэнцыях. Электронныя журналы і дзённікі, уведзеныя ў 2015 годзе, дазваляюць мамам і татам быць у курсе вучэбных спраў сваіх дзяцей. З дапамогай ІКТ бацькі наладжваюць дыстанцыйныя зносіны з педагогамі па розных напрамках адукацыйнага працэсу. Гэта папярэджвае непаразуменні.

— Бацькі адыгрываюць важную ролю ў паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы гімназіі, — расказвае К.К.Калейчык. — Мамы і таты прыцягваюцца да мера­прыемстваў, дзе яны з’яўляюцца не пасіўнымі слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі (гімназічныя паходы, агульнагімназічнае свята “Алімпіёнік”, дні адкрытых дзвярэй у 5-х класах). Гэта фарміруе станоўчы імідж установы.

Адной з цікавых і перспектыўных форм супрацоўніцтва гімназіі і сям’і стаў клуб татаў, створаны з мэтай павышэння прэстыжу і ролі мужчын у выхаванні дзяцей, дапамогі ў захаванні і ўмацаванні сямейных каштоўнасцей, творчай самарэалізацыі, псіхалагічнай падтрымкі і педагагічнай асветы. Пасяджэнні клуба праходзяць па суботах. Іх тэматыка разнастайная: “Крокі насустрач”, “Сцяжынка да ўзаемаразумення”, “Бесканфліктныя зносіны”, “Роля таты ў сучаснай сям’і”, “Цяжкае дзіця, цяжкі ўзрост — ці так гэта?” і інш. На пасяджэннях таты дзеляцца сакрэтамі сямейнага выхавання, разбіраюць канфліктныя сітуацыі, разам вызнача­юць якасці, неабходныя кожнаму тату для паспяховага выхавання дзяцей, праходзяць псіхалагічныя тэсты.

— Быць канкурэнтаздольнай на рынку адукацыйных паслуг гімназіі дапамагае таксама ўзаемадзеянне з УВА, — заўважае К.К.Калейчык. — За многія гады назапашаны вялікі вопыт сацыяльнага партнёрства з БрДУ імя А.С.Пушкіна. Так, заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з кафедрай батанікі і экалогіі біялагічнага факультэта. У гімназіі дзейнічае філіял кафедры педагогікі. Разам з універсітэцкімі выкладчыкамі рэалізаваны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму, устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, накіраванага на выбар выпускнікамі педагагічных спецыяльнасцей”, рыхтуюцца рэгіянальныя навукова-практычныя канферэнцыі па здароўезберажэнні школьнікаў і развіцці сацыяльных кампетэнцый асобы ў педагагічным працэсе, семінары па актуальных праблемах педагагічнай навукі і практыкі, арганізоўваецца работа з высокаматываванымі вучнямі, забяспечваецца практыка-арыентаваная прафесійная падрыхтоўка будучых педагогаў, апрабоўваюцца метадычныя і навуковыя распрацоўкі выкладчыкаў універсітэта ў адукацыйным працэсе гімназіі і інш.

Забяспечыць якасную адукацыю і паспяховую сацыялізацыю вучняў дапамагае эфектыўная сістэма дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. Самым запатрабаваным профілем у гімназіі з’яўляецца хіміка-біялагічны. У тым, што вучні маюць глыбокія веды па хіміі і біялогіі, паспяхова ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах, конкурсах і канферэнцыях, выбіраюць медыцынскія і тэхналагічныя спецыяльнасці ва УВА, — вялікая заслуга супрацоўніцтва з Брэсцкім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Дзякуючы партнёрскім адносінам з гэтым ведамствам, тэрыторыя гімназіі і яе ландшафтны дызайн з’яўляюцца ўпрыгажэннем мікрараёна. На тэрыторыі ўстановы дзейнічае дэндрапарк, пракладзена экалагічная сцяжына, радуе вока яблыневы сад. 

— Адна з вызначальных асаблівасцей гімназіі і яе канкурэнтных пераваг — захаванне і ўмацаванне традыцый грамадзянска-патрыятычнага выхавання, якія бяруць пачатак у 40-х гадах мінулага стагоддзя, калі ў пасляваенным Брэсце адкрылася сярэдняя школа № 11, — гаворыць К.К.Калейчык. — У 2003 годзе яна стала гімназіяй, а ў 2006 атрымала ганаровае імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава. Важнае месца ў выхаваўчай рабоце займаюць мерапрыемствы па ўвекавечанні памяці вялікага военачальніка, актыўнымі ўдзельнікамі якіх з’яўляюцца прадстаўнікі Беларускага аддзялення Міжнароднага грамадскага фонду імя палкаводца Г.К.Жукава. У рамках су­працоўніцтва з гэтай арганізацыяй педагогі і вучні ўдзельнічаюць у міжнародных і рэспубліканскіх маладзёжных канферэнцыях па ваеннай тэматыцы. Гімназісты — неаднаразовыя лаўрэаты Міжнародных Жукаўскіх чытанняў “Салдат сваёй Айчыны”, якія праходзяць на малой радзіме маршала ў Жукаве Калужскай вобласці Расіі.

Па словах К.К.Калейчык, фарміраваць канкурэнтныя перавагі дапамагаюць і партнёрскія сувязі са СМІ. Так, дзякуючы супрацоўніцтву з часопісам “Народная асвета”, пра эфектыўны вопыт педагогаў гімназіі ведаюць у іншых рэгіёнах краіны. За 10 гадоў у часопісе апублікавана больш за 20 матэрыялаў настаўнікаў, а ў рубрыцы “Энцыклапедыя: школы Беларусі” прэзентаваны вопыт установы па эканамічнай адукацыі і выхаванні.

— Сацыяльнае партнёрства — дзейсны сродак развіцця гімназіі, які дазваляе захаваць лепшыя традыцыі і вырашыць сучасныя задачы, — падагульняе дырэктар.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.